Не старэюць душой…
10:02 / 29.03.2018
Сёлета на іўеўскай сцэне выступілі 14 калектываў, сярод іх – народны хор ветэранаў працы «Вясёлка», якім на працягу многіх гадоў кіруе Данута Адольфаўна Папеня. Музычнае суправаджэнне правёў не менш вядомы народны аркестр народных інструментаў «Скарбніца», мастацкі кіраўнік – Надзея Паўлаўна Шарэйка.
Астраўчане бліскуча адспявалі сваю канцэртную праграму – чатыры харавыя песні, адну – у выкананні мужчынскай групы, другую – жаночага квартэта. Шчодрыя апладысменты калег-гледачоў і журы былі нам падтрымкай. Дарэчы, выступаў калектыў у новых касцюмах, пашытых па заказу аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў спецыялізаваных майстэрнях, якія «апранаюць» артыстаў тэатраў.
Завяршыўся фестываль уручэннем заслужаных ўзнагарод: дыпломаў і каштоўных падарункаў калектывам і іх мастацкім і музычным кіраўнікам, салістам – ад упраўлення культуры аблвыканкама, абласных камітэта прафсаюза работнікаў культуры і савета ветэранаў, Фонда міру. А колькі цёплых слоў вітання і пажаданняў артыстам-ветэранам прагучала!
Чым каштоўны фестываль «Не старэюць душой ветэраны»? Найперш тым, што ён дае магчымасць людзям сталага ўзросту рэалізаваць свой творчы патэнцыял, здольнасці, любоў да песні. А яшчэ захаваннем і прымнажэннем песенных скарбаў старэйшых пакаленняў і перадачы іх маладым, бо ветэранскія калектывы выконваюць музычныя творы сваёй маладосці, на жаль, ужо мала вядомыя сучасным выканаўцам.
Дык жыві, фестываль, не старэйце душой, ветэраны!