Пра працу, сям’ю і захапленні расказвае Алена Ельяшэвіч – жанчына з раённай Дошкі гонару

15:33 / 22.03.2018

Кожны раз, калі еду на МТК “Германішкі” КСУП “Гудагай”, – а бываць там даводзілася не адзін раз – ніяк не магу пазбавіцца ад асацыяцыі: у Германішках працуюць як у Германіі.

На працягу апошніх гадоў МТК “Гермашкі” з’яўляецца флагманам раённай вытворчасці малака: за 2017 год валавы надой тут склаў  … тысяч кілаграмаў.  Але комплекс можа пахваліцца не толькі высокімі вытворчымі паказчыкамі, але і людзьмі, якія тут працуюць: Ірынай Свіла, якая заняла трэцяе месца ў абласным спаборніцтве аператараў машыннага даення, Анатолем Сільвановічам, які прызнаны Чалавекам года Гродзеншчыны. Ды і не толькі

У гэтым агульным партрэце комплекса пакуль што не хапае аднаго штрыха: расповеду пра аператара машыннага даення Алену Георгіеўну Ельяшэвіч, чый партрэт занесены на Дошку гонару Астравецкага раёна.

IMG_0201.jpg

З ганаровай даяркай сустракаюся пасля ранішняй дойкі, якая заканчваецца на комплексе бліжэй да палудня. Глыбока пасажаныя вочы колеру веснавога неба, манера трымацца і гаварыць выдаюць ў Алене Георгіеўне пэўную шляхетнасць.

– Ніякая я не пані, – з усмешкай пярэчыць мне жанчына. – Наадварот, можна сказаць, патомная сялянка. З малых гадоў зведала, што такое цяжкая вясковая праца. Праўда, ніколі і нікому не скардзілася – раней усе так жылі. Нарадзілася ў вёсцы Мароські Маладзечанскага раёна, – працягвае жанчына. – Таты не стала, як мне было 10 гадоў. Мама адна нас падымала на ногі. Дзякаваць богу, бабуля і дзядуля былі жывыя – чым маглі, дапамагалі.

Алена з дзяцінства скардзіцца не прывыкла: ды і не было каму. Дзяўчынка бачыла, як цяжка працуе маці, таму адразу пасля заканчэння школы вырашыла, што не будзе губляць час на вучобу і пойдзе працаваць, каб зарабіць свой рубель.

…З будучым мужам Ігарам  Алена былі знаёмыя, лічы, з дзяцінства: хадзілі ў адну школу, праўда, юнак быў старэйшы на два гады. Некалькі гадоў хлопец прыглядаўся да Алены.

– Здаецца, гэта было  толькі ўчора, –  успамінае жанчына. – А мінула ўжо без трох гадоў “саракоўка” – цэлае жыццё… Калі пабраліся з Ігарам шлюбам, паўстала пытанне: дзе жыць. Хацелася мець свой кут, а не туліцца ў бацькоў. Многія памятаюць “ліхія 90-я”… Яны і нас закранулі. Сваякі мужа, якія жылі на Астравеччыне, падказалі, што разам з работай у СВК “…” ёсць работа, а яшчэ даюць жыллё. На сямейным савеце вырашылі: едзем!

Як пазней прызналася Алена Георгіеўна, усё свядомае жыццё яна марыла жыць у горадзе: хадзіць у кіно і на выставы… Але лёс вырашыў па-іншаму.  

– Як толькі прыехалі на Астравеччыну, тагачасны старшыня СВК “…” Андрэй Рышардавіч Масейка выдзеліў жыллё, якое потым мы змаглі прыватызаваць. Тут, у Лазоўцы, выраслі нашы сыны – Дзмітрый і Вадзім: абодва вывучыліся на аграномаў. Старэйшы і зараз працуе па спецыяльнасці, малодшы знайшоў сябе ў іншай сферы… Цяпер іншага жыцця, чым на вёсцы, проста не ўяўляю, – прызнаецца Алена Георгіеўна. – З мужам трымаем в’етнамскіх свіней, курэй. Невялікую гаспадарку дапаўняе ўсеагульны любімец – кот.

Не паспее з-за гарызонту выкаціцца сонейка, як Алена Георгіеўна ўжо на нагах. Першая дойка на комплексе пачынаецца ў пяць гадзін раніцы. Жанчыну і яе напарніцу ў Германішках чакаюць ажно 610 кароў.

 – У гаспадарцы працую крыху больш за 20 гадоў. Спачатку даіла на старой ферме. Раней у кожнай даяркі была свая група па 50 кароў. Акрамя дойкі, уручную кармы разносілі, кармавыя сталы падчышчалі, – успамінае жанчына. – Ці ўзнікалі думкі змяніць работу? Так – напэўна, як і ў кожнага. Але ўвесь час нешта стрымлівала…  Потым увялі ў работу комплекс. Так цікава стала працаваць! Хоць і не менш напружана і складана…  З першых дзён у нас на комплексе склаўся добры калектыў, дырэктар Эдуард Іванавіч Садоўскі – не толькі прафесійны кіраўнік, але і дасведчаны ва ўсіх нюансах сельскай гаспадаркі чалавек. З такімі людзьмі, з якімі кожны дзень працую, грэх не імкнуцца да лепшага…

…Забытыя юначыя мары пра гарадское жыццё час ад часу ўсё ж накрываюць Алену Георгіеўну. Але яна гоніць іх прэч, –  як і ранішні сон, калі з кубачкам кавы выходзіць на парог роднага дома… Лянівае сонца толькі паказваецца з-за гарызонту – а жанчына ўжо шле яму свае ранішнія прывітанні, як і птушкам, што шчабечуць на дрэве ля хаты, кветкам, якія сваімі кволымі сцяблінкамі цягнуцца ўвысь, усім людзям, што сустракаюцца на жыццёвым шляху –як і ўсяму Сусвету…

                            IMG_0204.jpg

Бліц-апытанне

– Якая вы па характары?

– Ой, гэта трэба не ў мяне пытаць, а ў мужа і дзяцей. Хтосьці са знаёмых сказаў, што я вельмі ўпартая. Можа яно і так?

– Ці стала Астравеччына для вас роднай?

– Да гэтага часу разрываюся паміж Астраўцом і Маладзечнам: там мама, дзеці жывуць… З маці часта тэлефануем адна адной. Клічу яе жыць да сябе – не хоча. Кажа, што там сяброўкі, што сцены – і тыя грэюць. Я, канешне, вельмі перажываю за яе, але паважаю маміна рашэнне.

– Што робіць вас шчаслівай?

– Некаму для шчасця не хапае машыны, іншаму – грошай ці новай мэблі. Мне здаецца, што шчасце – гэта імгненні. Галоўнае, каб здароўе было, усё астатняе можна купіць.

Шчаслівай мяне робяць, напэўна, блізкія: муж, дзеці, унукі. Дзеці па сваёй прыродзе чыстыя, шчырыя, гавораць тое, што думаюць, і іх здзіўляюць тыя рэчы, прыгажосць якіх мы, дарослыя, ужо не заўважаем… Гэтаму трэба вучыцца ў дзяцей, і не шкадаваць для іх свайго часу, любові – яны вельмі хутка вырастаюць.

– Праўда, што ўнукаў любяць больш, чым дзяцей?

– Іх шкадуеш больш і, напэўна, лепш разумееш, што галоўнае для дзіцяці – не новая цацка, а любоў, увага і клопат. Унукі прыязджаюць да нас у Лазоўку кожнае лета. Я з імі і ў хованкі гуляю, і кніжкі чытаю, словам, – раблю і дазваляю рабіць усё, што ім хочацца.

– Ці ёсць у вас занятак для душы?

– Хоць вольнага часу не шмат, але з кнігай не расстаюся. Люблю чытаць. Мне падабаюцца не жаночыя раманы, а фантастыка, міфалогія – казкі для дарослых.

А з дрэнным настроем мне дапамагае змагацца прырода. Так люблю восеньскі лес! Вось і зараз расказваю, а перад вачыма стаяць крамяныя галовы баравікоў, схаваныя  пад жоўтымі бярозавымі лістамі…

– Вы з мужам разам жывяце больш за 30 гадоў. У чым сакрэт сямейнага даўгалецця і што параіце маладым сямейным парам?

– Універсальнага для ўсіх рэцэпта сямейнага даўгалецця няма. Думаю, само жыццё падказвае, як быць, што рабіць у той ці іншай сітуацыі. Мне здаецца, што ад самага нараджэння чалавеку наканавана яго палавінка. Хто яна? – гэта ўжо вызначаюць на нябёсах.


Текст:
Фото: Алена Гануліч