“Черные копатели” вне закона

16:54 / 20.03.2018

Праблема чорнага капальніцтва і разбурэння археалагічнай спадчыны ўзнімалася даўно. Асабліва актуальнай яна стала пасля таго, як у суседніх з нашай рэспублікай  краінах былі прыняты адпаведныя законы.

shove_01.jpg76b2b3cc-a455-453b-9ff2-e0da729c1c04Original.jpg

У Беларусі пераломны момант наступіў пасля  падпісання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 485 “Аб удасканаленні аховы археалагічных аб'ектаў і археалагічных артэфактаў”. Дакументам зацверджаны комплекс мер, накіраваных на стварэнне дадатковых умоў для захавання культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі, а таксама папярэджанне дзейнасці “чорных капальнікаў”.

Важна ведаць:

Указам прадугледжана перадача археалагічных артэфактаў, выяўленых выпадкова ці пры правядзенні археалагічных даследаванняў, у дзяржаўную ўласнасць. Устаноўлены парадак ажыццяўлення  пошуку археалагічных аб’ектаў і артэфактаў, вызначаны парадак інфармавання мясцовых органаў аб выяўленых археалагічных аб’ектах і перадачы знойдзеных артэфактаў ва ўласнасць дзяржавы.

Выкарыстанне металашукальнікаў, геарадараў і іншых тэхнічных сродкаў і інструментаў для пошуку археалагічных аб’ектаў і артэфактаў дапускаецца толькі пры правядзенні археалагічных даследаванняў ва ўстаноўленным парадку.

Уведзена забарона на набыццё, продаж, дарэнне, абмен і заклад археалагічных артэфактаў. Выключэнне прадугледжана для дзяржаўных навуковых арганізацый і дзяржаўных музеяў, а таксама  для фізічных і юрыдычных асоб, якія да 1 студзеня 2017 года ўключылі археалагічныя артэфакты, якія ёсць у іх уласнасці, у рэестр археалагічных артэфактаў.

Навукоўцы, археолагі, музейныя работнікі і ўсе тыя, хто зацікаўлены ў захаванні гісторыка-архітэктурнай спадчыны,  чакалі гэтага ўказу  з нецярплівасцю; тыя, хто любіў пажывіцца скарбамі нашай зямлі,  – са страхам: у іх цяпер  не атрымаецца беспакарана шукаць  скарбы, каб пасля прадаць артэфакты  на інтэрнэт-форумах чорных капальнікаў.

Пытанні аховы археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ і адказнасці за парушэнне заканадаўства у сферы аховы культурна-гістарычнай спадчыны былі разгледжаны на абласным семінары з удзелам навукоўцаў,  прадстаўнікоў землеўпарадкавальнай службы, аддзелаў архітэктуры  і будаўніцтва, служб жыллёва-камунальнай гаспадаркі, спецыялістаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Для даведкі: У лістападзе мінулага года  судом Смаргонскага раёна за незаконнае, з выкарыстаннем металашукальніка,   правядзенне пошукавых работ  парушальнік быў  аштрафаваны на 345 рублёў.

Статыстыка

 Па аператыўных звестках,  у Гродзенскай вобласці 59 асоб  займаюцца незаконным пошукам  зброі, боепрыпасаў, узрыўных рэчываў у месцах баявых дзеянняў Першай і Другой сусветных войнаў. З такімі сістэматычна праводзяцца аператыўна-пошукавыя і прафілактычныя мерапрыемствы

Лічбы і факты

 У Гродзенскай вобласці створана абласная камісія па археалагічных аб’ектах і артэфактах. З 2016 года яна  разгледзела 3 заявы аб аднясенні матэрыяльных аб’ектаў да археалагічных і ўнясенні іх у рэестр археалагічных артэфактаў (152 прадметы).


Текст: