Рукі Людмілы Рыгораўны Даніла пахнуць свежымі навінамі

10:18 / 12.03.2018
Кожную раніцу яна спяшаецца на работу і, хуценька загрузіўшы «пад завязку» тоўстую сумку, адпраўляецца ў доўгае падарожжа. 
– А як жа! Марудзіць нельга: людзі газеты чакаюць! – з усмешкай тлумачыць паштальён Гудагайскага аддзялення паштовай сувязі Людміла Рыгораўна Даніла.

IMG_1492.jpg


Дванаццаць гадоў та­му лёс прывёў Людмілу Рыгораўну на паштовае аддзяленне ў вёсцы Захарышкі – і вырашыў, што менавіта тут яе прызванне. Дарэчы, яго рашэнне поўнасцю супала з жаданнем самой жанчыны – праца паштальёна прыйшлася ёй па душы. Ды настолькі, што пасля таго, як Людміла Рыгораўна пераехала з Захарышак у Палушы, яна адразу адправілася ў Гудагайскае аддзяленне паштовай сувязі з адным пытаннем: а вам, часам, паштальёны не патрэбныя? 

– Цяпер я абслугоўваю 16 вёсак і яшчэ два разы на месяц выязджаю ў Палушы, – расказвае пра сваю работу Людміла Рыгораўна. – Цяжка, кажаце? А дзе лёгка? Гэта раней трэба было ўсюды на сваіх «дваіх» дабірацца! А цяпер працуем з камфортам. (Усміхаецца) Свежыя навіны дастаўляем на колах – пошту развозім на аўтамабілі. 

Шэсць гадоў жанчына адпрацавала на пошце ў Захарышках і столькі ж з’яўляецца паштальёнам Гудагайскага аддзялення. Пра іншую прафесію яна нават не задумваецца і кожную раніцу з добрым настроем спяшаецца на працу.

– Я люблю сваю работу! – прызнаецца Людміла Рыгораўна. – У першую чаргу – за зносіны з людзьмі. Яны усе – асаблівыя,  і за гэтыя гады  сталі мне, як родныя. Ведаеце, як прыемна, калі прыносіш доўгачаканае пісьмо ці паштоўку. Хоць іх цяпер чамусьці рэдка прысылаюць. Бачыш, як у чалавека радасна вочы засвяціліся – і ў самой на душы добра становіцца. А як людзі «раёнку» чакаюць! Бывае, затрымаешся крыху, падыходзіш да паштовай скрынкі – а па слядах бачна, што некалькі ўжо разоў «правяраць» пошту прыходзілі. Таму, калі прыпазняюся, тэлефаную, папярэджваю, што затрымаюся, – каб дарэмна ногі не білі. Шкада: гэта ж мае людзі! Дарэчы, можна я  сваіх кліентаў, калег, сяброў ды і наогул усіх жанчын са святам 8 Сакавіка павіншую? Шчасця вам усім, здароўя – і хай да вас у хату прыходзяць толькі добрыя навіны!   

IMG_1473.jpg

Текст:
Фото: Марина Мацкевич