Рукі Яніны Антонаўны Петрык пахнуць духмяным хлебам

11:21 / 10.03.2018

Мяккія, цёплыя і ўмелыя рукі Яніны Антонаўны Петрык пахнуць духмяным хлебам, за з'яўленне якога на нашых сталах яна адказвае ўжо два дзесяцігоддзі.

0293.jpg

Дваццаць гадоў назад яна прыйшла на астравецкі хлебазавод, не маючы патрэбнай адукацыі, – ліхія дзевяностыя не давалі магчымасці выбіраць месца працы.

Але хутка жанчына зразу­мела, што ёй падабаецца пра­цаваць з хлебам: ба­чыць, як ён расце, румяніц­ца, нібы прыбіраючыся перад самым важным момантам свайго кароткага жыцця, – і першай, нібы здзяйсняючы сакральнае дзейства,  удыхаць яго непаўторны водар…

– Цяжка, канешне, і вельмі адказна сачыць за працэсам выпечкі і якасцю хлеба, – прызнаецца пекар. – Але мне падабаецца. Гэта – маё месца.

0290.jpg

І іншай справы Яніна Пет­рык сабе не ўяўляе.

Пачынала цестамесам – і з цягам часу, дзякуючы стараннасці і адказнасці, стала майстрам сваёй справы – «дыпламаваным» пекарам, прызнаным калегамі і людзьмі, з якімі жанчына праз духмяную выпечку шчыра дзеліцца сваёй дабрынёй, жаночай мяккасцю і мудрасцю.

– Бабуля, ты так смачна пахнеш булкамі! – гэтымі словамі сустракаюць жанчыну пасля змены ўнукі. І просяцца да яе на чарговую экскурсію – каб убачыць, як нараджаецца Яго Вялікасць Хлеб.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович