Як на Астравеччыне рыхтуюцца да вясенне-палявых работ

11:24 / 28.02.2018
Ураджай залежыць ад розных фактараў: своеча­со­васці сяўбы, забяспечанасці ўгнаеннямі, пад­рыхта­ванасці тэхнікі.
Пракаменціраваць падрыхтоўку гаспадарак раёна да вясенне-палявых работ і пасяўной кампаніі мы папрасілі спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама.

Вячаслаў Фёдаравіч Яроміч, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці:

IMG_4763.jpg

– У мінулым годзе хлебаробы ўбіралі збожжа, цукровыя буракі, кукурузу ў вельмі складаных умовах – тэхніку часам даводзілася выцягваць «Амкадорамі»… Таму аб’ём работ у інжынерных службаў гаспадаркі сёлета дастаткова вялікі. 

Падрыхтоўка тэхнікі да сяўбы і вясенне-палявых работ, на мой погляд, у цэлым праходзіць арганізавана і зладжана. На раённым узроўні зацверджаны графікі рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі.

Па стане на 22 лютага гатоўнасць плугоў складае 75%, культыватараў – 72%, камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў – 70%, пасяўных агрэгатаў – 63%, сеялак збожжа – 79%, сеялак кукурузы і цукровых буракоў – 64%.

Амаль усе гаспадаркі маюць па два-тры камбінаваныя глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэ­гаты, якія хоць заўтра могуць выйсці ў поле. На лінейцы гатоўнасці – культыватары, плугі, АКШ, дыскавыя бароны і іншая тэхніка. Значныя сумы яшчэ трэба ўкласці ў рамонт трактараў, асабліва ў КСУП «Варняны» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».

IMG_7293.jpg



КСУП «Гудагай» і «Гервяты» сёлета набываюць запчасткі за свой кошт. КСУП «Варняны», «Міхалішкі» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» адзін раз у месяц аднадзённую выручку ад рэалізацыі малака накіроўваюць на набыццё запчастак – «набягае» каля 32-38 тысяч рублёў.

Сумесна з унітарным прадпрыемствам «Астравецкі рай­агразаб» яшчэ з восені 2017 года праведзена «дэфектоўка» сельскагаспадарчай тэхнікі. Ужо з канца мінулага года пакрысе праз Астравецкі райагразаб мы пачалі набываць запчасткі, што дазволіла зэканоміць каля 40-50 тысяч рублёў. Да параўнання: цэны на некаторыя запчасткі былі ў паўтара-два разы меншыя, чым цяпер. 

Гаручазмазачныя матэрыялы і паліва гаспадаркі будуць набываць за ўласныя сродкі, за кошт будучага ўраджаю і адкрыцця крэдытных ліній.
Веру, што пасяўная кампанія пройдзе зладжана і ў кароткія тэрміны, што дазволіць нам атрымаць высокі ўраджай збожжавых і нарыхтаваць дастаткова кармоў.

Віктар Багданавіч Чума, загадчык сектара раслінаводства:

IMG_8152.jpg



– Па стане на 22 лютага ра­зам са страхавым фондам пад ураджай 2018 года ў раёне засыпана 2 829,4 тоны насення, з іх – 2 498 тоны кандыцыйнага насення збожжавых і зернебабовых, што складае 94% ад патрэбы. Цалкам забяспечаны насеннем толькі дзве гаспадаркі: КСУП «Гудагай» – 146% і КСУП «Гервяты» – 111%. Не маюць пад патрэбу кандыцыйнага насення КСУП «Міхалішкі (89%), РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» (87%) і КСУП «Варняны (58%). 

Такая сітуацыя склалася з-за пралікаў агранамічных службаў вышэй узгаданых гас­падарак падчас уборачнай кампаніі: насенныя пасевы трэба было прасушыць і ачысціць у першую чаргу, каб насенне не страціла ўсхожасці – а гэта зрабілі не ўсе.

Збожжавыя культуры засыпаны высокаўраджайнымі сартамі, якія ўнесены ў дзяржаўны рэестр, – яравая пшаніца «Дар’я», «Рассвет», «Васіліса», «Кватра», «Бамбона»; ячмень «Радзіміч», «Бровар», «Фэст», «Бацька»; авёс «Лідзія», «Золак». У глебу трапіць насенне, галоўным чынам, суперэліты, эліты, першай і другой рэпрадукцыі.

Вытворчасцю бульбы ў раёне займаюцца КСУП «Гудагай» і «Гервяты». У гэтых гаспадарках засыпана  890 тон насення бульбы (145% да плану): 459 тон сорту «Брыз», 322 тоны сорту «Маніфест», 60 тон сорту «Вектар» і 49 тон сорту «Янка». У 2018 годзе на пасадачныя мэты будуць выкарыстаны клубні не ніжэй другой рэпрадукцыі. 

Сёлета гаспадаркам раёна неабходна пасеяць шматгадовыя травы на плошчы 2 560 гектараў і перазалужыць  3 145 гектараў сенажацей. Для гэтага засыпана 79 тон насення шматгадовых траў, што складае 143% ад патрэбы. Пры гэтым толькі крыху больш за палову насення – кандыцыйнае. РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» не мае кандыцыйнага насення шматгадовых траў – яно знаходзіцца на праверцы. У астатніх гаспадарках насенне дапрацоўваецца на ТДА «Насенне траў» і ААТ «Ліда-лён». Плануем набыць 14 тон насення люцэрны, 5 тон канюшыны і 10 тон райграса аднагадовага. 

У параўнанні з мінулым годам на 28% больш назапашана мінеральных угнаенняў: пад яравую сяўбу ў раёне падрыхтавана  5 222,2 тоны мінеральных тукаў (54% да патрэбы). Азоту набыта 2 753 тон дзеючага рэчыва (65%), фосфару – 266  (16%), калію – 2 204 (59%). Мінеральнымі ўгнаеннямі лепш за іншых забяспечаны КСУП «Гудагай» (92%).

Збожжавыя і зернебабовыя сёлета зоймуць 18,5 тысяч гектараў. У структуры збожжавых амаль палова плошчаў будзе адведзена пад ячмень і трыцікале – жывёлагадоўлю трэба забяспечыць канцэнтра­ванымі кармамі. Адна з асноўных задач, якая стаіць сёлета перад аграрыямі, – нарыхтаваць травяністыя кармы, таму плошча пад кукурузай сёлета зменшыцца на 600 гектараў, а вось плошча пад аднагадовымі травамі, наадварот, павялічыцца – у паўтара разы. Прамежкавыя культуры сёлета будуць пасеяны на 1,7 тысяч гектарах.

IMG_7294.jpg

Плошчы пад бульбай, цукро­вымі буракамі, рапсам застануцца на ўзроўні мінулага года.

На маю думку, для зімоўкі азімых збожжавых і рапсу сёлета дастаткова добрае надвор’е. 

Спадзяюся, што і ў далейшым надвор’е не падкіне нам сюрпрызаў – і азімыя нас парадуюць сакавітай зелянінай.

Текст:
Фото: Алена Гануліч