За какие заслуги портрет Виталия Трибоцкого занесен на Доску почета

11:33 / 06.02.2018
«Нічога асаблівага я не зрабіў» – часта даводзіцца чуць ад вясковых працаўнікоў. Пад гэтымі словамі кожны з іх мае на ўвазе сваё і нічога звышнатуральнага не бачыць у штодзённых клопатах.  Тым не менш дзякуючы іх штодзённай карпатлівай працы, у кожнай сям’і нашай краіны ёсць хлеб на стале – і да хлеба.
З такіх шчырых адданых сваёй справе працаўнікоў – і трактарыст-машыніст РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Віталь Іванавіч Трыбоцкі, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару.

IMG_1398.jpg

Кожны сезон даводзіцца рабіць рэпартажы пра ход сельскагаспадарчых работ з раённых ніў і палеткаў. Калі б ні прыехала ў  Рытань, сустракаюся з Віталем Трыбоцкім: ён шчыруе і на жніве, і на ворыве, і на корманарыхтоўцы.

– Моладзь зараз не хоча працаваць у сельскай гаспадарцы: у пошуках доўгага рубля стараюцца ўладкавацца на будаўніцтва атамнай электрастанцыі, выязджаюць у горад… Але некаму ж трэба і на зямлі працаваць! Мне падабаецца ў Рытані: ведаю людзей і сваю работу, люблю тэхніку. Людзей у саўгасе не хапае, таму за мной замацаваны ажно тры адзінкі тэхнікі, – расказвае трактарыст. – На «Джон-Дзіры» заворваю ці культывую глебу, на МТЗ-1221 кашу траву, на камбайне «Ліда-1600» убіраю збожжа. Сёлетні год быў, напэўна, самым складаным за ўвесь час, што працую ў саўгасе. З неба ліло  бязбожна  – нельга было ў поле ўлезці.

IMG_9516.jpg 

Трыбоцкія з дзяцінства пры­ву­чалі дзяцей да працы, бо, як і ўсе вяскоўцы, жылі з таго, што вырасла ў гародзе ці выгадвалася ў хлеўчуку. Віталь з братам кожнае лета прападалі  з бацькам на сенакосе. Пакарміць свіней, пашчапаць дровы ці нанасіць са студні вады, калі  маці з сястрой задумалі мыць бялізну, – не было той работы, за якую б не браўся хлопец.


Любоў да зямлі і ўсяго жывога Віталю перадалася ад бацькоў: тата Іван працаваў трактарыстам у калгасе  «Рытань», маці Генуэфа была сацыяльным работнікам. Хлопчыка з дзяцінства вабіла тэхніка. Навыперадкі з братам – хто каго апярэдзіць, той і паедзе ў кабіне з татам, – яны з усіх ног беглі насустрач трактару. І  час­та «перамагаў» Віталь.


– Спачатку вучыўся ў Літвян­скай школе, потым – у Рытані. Вучыўся нядрэнна, але асаблівай цягі да навукі ў мяне не было, – прызнаецца мужчына. – Куды больш падабалася корпацца ў тэхніцы. Пасля школы скончыў курсы трактарыстаў у Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце і пайшоў працаваць у калгас.
Праз некаторы час хлопца забралі ў армію. Але служба не перайначыла юнака, наадварот, узмацніла жаданне вярнуцца дадому – і зноў сесці за руль трактара.

Так і сталася…
Мінула больш за дзесяць гадоў, як Віталь працуе ў саўгасе. Малады мужчына прызнаецца, што з усіх сельскагаспадарчых работ найбольш любіць жніво.

– Раней на «Нівах» збожжа жалі – дык гэта не ўборка была, а  мучэнне, – успамінае Віталь. – А зараз камбайны аснашчаны камп’ютарамі, кандыцыянерамі – працуй сабе ў задавальненне. Каб яшчэ тэхніка не ламалася… За ўсе гады найбольшы намалот быў  каля паўтары тысячы тон збожжа. А ўвогуле год на год не прыходзіцца. 
Некалькі гадоў назад пра­ца­вітаму трактарысту кіраў­ніцтва саўгаса выдзеліла дом у Рытані. Праўда, сям’ёй мужчына пакуль так і не паспеў абза­весціся. 

Прыроджаная сціпласць, не­шмат­слоўнасць выдаюць у Ві­талі сумленнага працаўніка, які з дзяцінства ведае, што такое мазалі, тэхніка і зямля.


IMG_9520.jpg

 На развітанне цікаўлюся ў трак­­­­тарыста, што ён адчуў, калі даведаўся пра занясенне яго  партрэта на раённую Дошку гонару.

– Прыемна, канешне, што кіраўніцтва раёна і саўгаса заўважае нас, простых людзей. Але ж не разумею, чаму толькі мяне выбралі з саўгаса – у нас столькі годных людзей, – Віталь на імгненне замаўкае, а потым у марозным паветры павісае спрадвечнае вясковае: 

– Я ж нічога асаблівага не зрабіў…

IMG_9518.jpg


Текст:
Фото: Алена Гануліч