Як праходзіць зімоўка на МТК “Рытань”?

09:16 / 27.01.2018
3315

Сапраўдная, з марозікам і снегам, зіма прыйшла да нас толькі напярэдадні Вадохрышча. Да гэтага было складана зразумець, на вуліцы вясна ці восень? Відаць, першы месяц зімы вырашыў толькі на сваім сыходзе пацвердзіць  народную прымаўку, дзе студзень хаты студзіць і гаспадынь рана будзіць. Хоць у любую пару года і ў любое надвор’е жывёлаводы рана прачынаюцца, а вось марозныя дні дадаюць большых клопатаў.  

IMG_7504.jpg

На мінулым тыдні я вырашыла паглядзець, як адбываецца зімне-стойлавае ўтрыманне жывёлы на МТК “Рытань” РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” і пазнаёміцца з яго калектывам.

На парозе малочнага блока мяне ўжо чакала начальнік комплекса Валянціна Мацюшонак. Праходзім з ёй адразу ў камп’ютарную. У памяшканні – адчувальная цеплыня, даводзіцца зняць куртку.

IMG_7527.jpg

начальнік комплекса Валянціна Мацюшонак

– На комплексе працую толькі два гады, а ў сельскай гаспадарцы – усе трыццаць. Спачатку хвалявалася, ці прымуць мяне людзі, ці знайду з імі агульную мову – але дарэмна. Мой гонар – наш калектыў, – расказвае Валянціна Станіславаўна. – Мне пашанцавала з памочнікам Аленай Юхна. Яна працуе тут з першага дня, доўгі час узначальвала комплекс, таму ведае пра яго, як і пра нюансы малочнай вытворчасці і жывёлагадоўлі. Добрыя ў нас і спецыялісты:  заатэхнік-селекцыянер Валянціна Малаховіч, ветэрынарны санітар Павел Тумкевіч, які любога на комплексе можа падмяніць, даяркі, даглядчыкі, падгоншчыкі… Напэўна, газеты не хопіць, каб усіх пайменна – пералічыць, –  працягвае жанчына.  – Людзі адказна ставяцца да сваёй работы, таму што разумеюць: разам мы робім агульную справу і ад работы кожнага залежыць канчатковы вынік.

IMG_7521.jpg

Напрыклад, за малако, рэалізаванае гатункамі вышэйшым і “экстра” пры яго таварнасці не ніжэй чым 90 працэнтаў, работнікам комплекса выплачваецца 24 працэнты ад сумы атрыманай выручкі.

 Да слова сказаць, за мінулы год на перапрацоўчыя прадпрыемствы паступіла 65,8 працэнтаў малака вышэйшым гатункам, 26,9 працэнтаў – “экстра” і 7,3 – “першым”.

Зараз на комплексе “Рытань” утрымліваецца 1 300 галоў, з якіх 800 – дойны статак. А калісьці на ферме было толькі 188 галоў. Дзевяць гадоў назад на месцы былой фермы пабудавалі амп’ютарызаваны комплекс, які ўзначаліла Алена Юхна.

IMG_7502.jpg

памочнік начальніка комплекса Алена Юхна 

– Летам каровы кругласутачна знаходзіліся на пашы. Даяркі карысталіся перасоўнай даільнай устаноўкай, – успамінае памочнік начальніка комплекса Алена Валер’янаўна. – Напрыканцы кастрычніка 2009 года комплекс дабудавалі – і жывёлу перавялі ў кароўнікі. Намучыліся, пакуль сфарміравалі групы, прывучылі кароў да даільнай залы – а што, ласаваліся сабе травіцай на свежым паветры, а тут – моцныя гукі, памяшканне. Пакрысе статак павялічваўся за кошт таго, што з бліжэйшых ферм прывозілі жывёлу.

IMG_7552.jpg

аператар па абслугоўванні малочнага абсталявання Сяргей Сівак

Алена Юхна літаральна днявала і начавала на комплексе, пакуль цалкам не была адладжана яго работа.

– Я з тых людзей, якія, калі ўзяліся за справу, то абавязкова давядуць яе да канца, – прызнаецца жанчына. – А ведаеце, як цікава было! І камп’ютар асвоіла. Калісьці маме, якая працавала даяркай, дапамагала ўручную кароў даіць, гадкоў мне, можа, восем было. Затым з’явіліся даільныя вёдры, а потым – малакаправод. А цяпер на комплексах стаіць сучаснае малочнае абсталяванне нямецкай вытворчасці “Вестфалія”, якую на комплексе работнікі ахрысцілі на свой лад –“бок-да-бока”.

IMG_7545.jpg

 Даільная зала разлічана на адзін заход 32 кароў. Першая дойка на комплексе працягваецца з 5.00 да 9.00 гадзін раніцы, другая – з 18.00 да 21.00. Пад абед дояцца толькі высокапрадукцыйныя каровы. Упраўляюцца з малочным абсталяваннем і 800 каровамі чатыры аператары машыннага даення: Марта Гарошка, Тарэса Наневіч, Наталля Сівак, Святлана Баран, якія працуюць пазменна. А падмяняе іх Алена Чарняўская.

IMG_7539.jpg

аператар машыннага даення Марта Гарошка 

IMG_7542.jpg

аператар машыннага даення Тарэса Наневіч

 У адрозненні ад малочна-таварных ферм, дзе кожная даярка мае свае групы, на комплексе жанчыны працуюць на агульны вынік. А ён у вялікай ступені залежыць не толькі ад умоў утрымання жывёлы, селекцыйнай работы, кармлення, але і ад тэхналогіі даення. Спачатку вымя трэба апрацаваць спецыяльным сродкам, уручную здаіць першыя кроплі малака, абцерці папяровай сурвэткай і толькі потым прымацаваць даільны апарат. Пасля кожнага заходу жывёлы яго трэба “пачысціць”, а таксама прамыць платформу.

У даільную залу кароў прыганяе Віктар Рабкоўскі. Вопытны жывёлавод заўсёды прыкмячае, якая з кароў у ахвоце.

IMG_7549.jpg

жывёлавод Віктар Рабкоўскі

Усё пагалоўе комплексу разбіта на некалькі груп: акрамя васьмі малочных, ёсць група сухастою і рэабілітацыйная, у якую аб’яднаныя хворыя ці з траўмамі каровы. Групы дойных кароў фарміруюцца ў залежнасці ад тэрміну  лактацыі: у першай – першацёлкі, у другой-трэцяй – да 100 дзён лактацыі, у чацвёртай-пятай – ад 100 да 200, у апошняй “восьмай” знаходзяцца каровы перад самым запускам.

З даільнай залы начальнік комплекса прапаноўвае  перамясціцца ў цялятнікі. У адрозненне ад іншых комплексаў раёна з закрытым цыклам камплектавання статка, цялушкі на МТК “Рытань” прывазныя.

– Навароджаных цялят – зараз гэта 140 галоў – даглядаюць Міраслава Букель і Людміла Кісялевіч. Пасля 60 дзён бычкі і цялушкі пераходзяць у групу да Тарэсы Раўды, Затым цёлак перавозяць на дарошчванне на фермы “Кямелішкі”, “Дуда”, а адтуль яны ізноў вяртаюцца да нас.

IMG_7518.jpg

IMG_7512.jpg

заатэхнік-селекцыянер Валянціна Малаховіч

– Гэта мой гонар, – паказваючы на цялят групы дарошчвання, прызнаецца Валянціна Станіславаўна. – Асабліва люблю глядзець на гэтую пярэстую цялушку.

Жывёла, нібы разумеючы, што пра яе ідзе размова, высунула сваю цікаўную чорную ў белыя густыя плямкі пысу з доміка.

Забягаючы наперад скажу, што разам з Валянцінай Станіславаўнай мы правялі міні-расследванне і ледзьве не адшукалі маму маленькай прыгажуні.

IMG_7551.jpg

Вярнуўшыся назад у даільную залу, у вочы кінулася карова з такой жа, як і ў цялушкі, афарбоўкай пад нумарам 266. Да майго расчаравання, стракатая рагуля ніякага дачынення да цялушкі не мае – гэта за некалькі хвілін з дапамогай камп’ютара высветліла Валянціна Станіславаўна.

Цікаўлюся, як адбываецца на комплексе зімоўка жывёлы. Па словах начальніка комплекса і яе памочніцы, уцяплілі, вокны, паілкі, каналізацыйныя гнаястанцыі. Дзверы паўсюль шчыльна зачыняюцца.

– Галоўнае – каб не замярзала сістэма водапаення, – тлумачыць Валянціна Станіславаўна. – Скрэпер запускаем кожныя дзве гадзіны, аднак па гноевыдаленні часам узнікаюць пытанні.

На кармавы стол рагуль, незалежна ад тэмпературнага рэжыму, трапляе спецыяльна прыгатаваная сумесь з дабаўленнем канцэнтратаў. У залежнасці ад прадукцыйнасці, кожная група кароў атрымлівае вызначаную порцыю.

IMG_7497.jpg

Па стане на 1 студзеня, у засеках і сянажных траншэях комплекса засталося 1 087 тон сенажу, 2 446 сіласу, 66 тон сена і 145 тон сенажу ў плёнцы, іх з-за высокай спажыўнасці і карысці атрымліваюць толькі цяляты.

– У параўнанні з тым, якія раней былі фермы, комплексы  цалкам апраўдваюць сваё прызначэнне. Хто б мог падумаць дваццаць гадоў назад, што да 800 галоў будзем даіць! – на развітанне гаворыць Валянціна Станіславаўна. – Надоі залежаць не толькі ад кармоў і ўмоў утрымання, але і ад людзей. Я ўпэўнена на сто працэнтаў, што наш калектыў – адзін з самых дружных і згуртаваных. А з такімі падначаленымі ніякія маразы не страшныя!

IMG_7531.jpg

даглядчык Андрэй Грыгаровіч

IMG_7560.jpg

ветурач Алена Бараноўская 


Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений