Даражэй за медаль

12:20 / 25.01.2018
Спорт высокіх дасягненняў услед за шоу-бізнесам усё больш камерцыялізуецца, палітызуецца, скандалізуецца. Нікога не здзіўляюць дагаворныя матчы, «здадзеныя» паядынкі, паламаныя дзеля палітычных амбіцый лёсы спартсменаў. Не навіна допінг-скандалы, несумленная барацьба, подкуп суддзяў і падстава сапернікаў. Сумна і балюча бачыць і ўсведамляць гэта – як горка бачыць несумленнасць у любых яе праявах.

2250776-46914310-2560-1440.jpg

І тым больш радасна і прыемна, калі бачыш высакародны ўчынак спартсмена, а галоўнае – чалавека, зроб­лены не на публіку, не дзеля славы, а проста таму, што інакш – нельга, калі хочаш паважаць сябе – і каб цябе паважалі іншыя…

Падчас гонкі праследавання на чарговым этапе Кубка свету ў Антхольцы любіміца беларускіх балельшчыкаў Дар’я Домрачава прадэманстравала, што яна – не толькі баец, змагар за перамогу, але і высакародны спартсмен і чалавек. У пылу барацьбы на апошніх мет­рах дыстанцыі яна на павароце выпадкова наступіла на лыжную палку саперніцы – італьянкі Даратэі Вірэр – і тая яе страціла.  Здавалася б, вось яна, перамога: абагнаць Даратэю, якая заканчвала дыстанцыю з адной палкай для Домрачавай было – раз плюнуць! Калі не залаты, то сярэбраны медаль быў у беларускі, лічы, у кішэні. Ну і што, што Даратэя згубіла лыжную палку з-за неасцярожнасці Дар’і? У спорце – кожны сам за сябе! Пераможцаў не судзяць!

…Упэўнена: тое, што потым зрабіла Даша, многім падалося дзіўным. Наша біятланістка практычна спы­ніла барацьбу і, па сут­насці, прапусціла Даратэю на другое месца, задаволіўшыся «бронзай». 

Гэты высакародны ўчы­нак высока ацаніла ўся спартыўная грамадскасць, за яго Дар’ю публічна па­дзякавала і сама італьянская біятланістка. А балельшчыкі, мне здаецца, яшчэ больш сталі любіць і паважаць нашу Дашу.

Прачытаўшы пра гэты ўчынак Дар’і Домрачавай, я задумалася: а ці многія з нас, шаноўныя суайчыннікі-сучаснікі, змаглі б паступіць гэтак жа? Хай сабе не на этапе Кубка свету, хай сабе не ў змаганні за медалі сусветнай вартасці, а ў нашай будзённай паўсядзённасці, за куды меншыя «бонусы» і ўзнагроды…

…Прыкладна ў той жа час даведалася іншую навіну, больш будзённую і балючую. Маю знаёмую бацька, старасць якога яна даглядала, як і належыць адзінай дачцэ, праўда, без адрыву ад працы, якую не магла пакінуць, узгадаўшы нейкую старую крыўду, а мо, з-за свайго больш чым паважанага ўзросту і звязаных з гэтым змяненнямі ў фізічным і псіхічным здароўі, пазбавіў права на спадчыну. І яе пляменнікі, якія ўпершыню за дзесяць апошніх гадоў пераступілі парог дзедавага дома на яго пахаванні, раптам даведаліся, што яны – шчаслівыя ўладальнікі не­рухомасці коштам не ў адну тысячу долараў. І тут жа, на ноч гледзячы, папрасілі да таго часу любімую і адзіную цётачку «ачысціць памяшканне» – свой родны дом, не пацікавіўшыся нават, ці ёсць ёй дзе начаваць…

Думаю, многія з нашых чытачоў могуць прывесці не адзін падобны прыклад, калі, падставіўшы некаму падножку – няважна, спецыяльна ці незнарок, вінаваты не імкнуўся павініцца і тым больш «аддаць даўгі», а імчаў на ўсіх парах да фінішу, не зважаючы, што там, за спінай: кожны сам за сябе – пераможцаў не судзяць! І можна не сумнявацца: той, хто рашыўся на падобны ўчынак, знойдзе сто і адно апраўданне для сябе: так склаліся абставіны, такой была воля лёсу (ці каго яшчэ),  а чым я горшы – і так да бясконцасці…

Людзі іх, можа, і не асу­дзяць: не знойдуць падстаў ці правоў. Але ж ёсць і іншы суд. Мне здаецца, яго баяцца нават тыя, хто лічыць сябе атэістам. І таму такія людзі непазбежна пакутуюць ад бяссонніцы. Не ведаю, што іх будзіць – згрызоты сумлення ці страх, што Той, Хто ўсё бачыць і Каго не падманеш і не пераканаеш сваімі прыдуманымі апраўданнямі, падрыхтаваў для цябе новы, больш строгі і суровы экзамен на званне Чалавека… І невядома, ці зможаш ты яго вытрымаць. Бо жаданыя, чаканыя, здаецца, неабходныя больш за ўсё на свеце медалі, хаты, грошы, перамогі прыходзяць і адыходзяць – і, як паказвае жыццё, адыходзяць тым хутчэй, чым лягчэй прыйшлі. І застаецца тое, што намнога даражэй за ўсё гэта і чаго не купіш…   

…А Дар’я Домрачава на другі дзень пасля гэтага свайго ўчынку выйграла не сярэбраны – залаты медаль у тым жа італьянскім Антхольцы ў спаборніцтвах у масавым старце. Выйграла справядліва, у цяжкіх умовах і сур’ёзнай барацьбе. І за гэты медаль, як і за той першы, бронзавы, ні ёй, ні тым, хто яе любіць, – не сорамна.

Дзякуй, Даша, за ўрокі высакароднасці і чалавечнасці!

Текст: Нина Рыбик