Чаму ў Астраўцы больш не калядуюць
09:00 / 24.01.2018
Не менш старанна і зарання планавалі гэты вечар дарослыя, вырашаючы, як і чым будуць частаваць і дзякаваць калядоўшчыкам. Хатнюю выпечку змаглі падрыхтаваць не ўсе, таму цукеркі і мандарыны ў перадсвяточныя дні ў магазінах былі самым запатрабаваным таварам.
…У святочны падвячорак на стале сяброўкі з'явілася высокая гара прысмакаў. На мой здзіўлены позірк махнулі рукой: «Яшчэ і не хопіць!»
І праўда – не хапіла: літаральна праз дзве гадзіны прыйшлося «частаваць» калядоўшчыкаў больш матэрыяльна – грашыма. Трэба адзначыць, што так рабілі не толькі мы: ужо за некалькі дзён манет наміналам у адзін і два рублі ў мясцовых магазінах не было.
Стаўшы міжвольнай сведкай гэтага старажытнага народнага абраду, я пашкадавала, што ў Астраўцы даўно не ходзяць па Калядзе – ні дзеці, ні тым больш дарослыя. А шкада. Неяк непрыкметна з нашага жыцця прапала яшчэ адна – а іх цяпер так мала! – магчымасць сустрэцца не толькі з суседам праз плот, але і з тымі, хто жыве ў суседнім пад'ездзе, доме, на іншай вуліцы. Гэта было сапраўднае свята – калі Вася вітае незнаёмых Таню і Дзіму, сустрэўшыся па Калядзе каля варот Марыны. Калі жадаеш усім, да каго прыходзіш і хто завітвае на твой парог, дабрыні і святла…
У мінулым годзе, спадзеючыся пачуць «калядны» стук у дзверы, таксама прыкупіла кілаграмы з тры цукерак, некалькі пірагоў з макам. Прыйшлі. Двое. Хлопчык і дзяўчынка – мабыць, брат з сястрой. Ён вершык прыгожы расказаў, яна нават калядную песеньку саспявала. Пачаставала іх ад душы. Але свята ўсё роўна не атрымалася…
Канешне, дарослыя ўжо не тыя – сядзяць па хатах, сам-насам або з тэлевізарам, лянівыя сталі або знясіленыя работай і бытам. І між іншым пабуркваюць, што не тыя ўжо часы і гады...
Але ж справа не ў гэтым! Справа – у людзях. А людзі – гэта мы! І дзеці нашы гісторыі сваёй і традыцый не ведаюць, таму што мы іх не вучым – ні словам, ні прыкладам. Якая Каляда? Стары Новы год з шампанскім і ёлкай – гэта ў лепшым выпадку!
…У кароткія хвіліны перадышкі паміж «Ці можна?..» – «Калядуй!» дарослыя сядзелі за кубкам гарбаты і з настальгіяй успаміналі часы, калі самі спявалі песні і чыталі вершы «ўсім добрым людзям». Шчаслівая была пара!
І ніхто з нас не рашыўся вывернуць стары дзедаў кажух, пераапрануць сучасныя джынсы на доўгую квяцістую спадніцу бабулі – і дружнай кампаніяй заваліцца да суседзяў па пляцоўцы, а потым шумнай гурбой «выкаціцца» з пад'езда – і наперад:
Добрыя людзі, будзьце ўсе рады,
Хай не кране вас смутак і жаль.
Сёння мы з вамі святкуем Каляды,
Сёння над намі – блакітная даль.