Что украли, куда угнали и как за это придется расплачиваться

11:25 / 19.01.2018

З развіццём сучасных тэхналогій зладзеі таксама ўдасканальваюць свае метады “дзейнасці” – цяпер грамадзянам трэба быць асцярожнымі і ўважлівымі не толькі ў рэальным жыцці, але і ў сусветнай павуціне.

46782_picture_7035309c387792003ea4924c46a60202c43cdeab.jpg

На кручок да аднаго з віртуальных ашуканцаў трапіў і жыхар Астраўца. На вядомым сайце “Куфар” мужчына зацікавіўся аб’явай аб продажы аўтамабіля “Фольксваген-Пасат”. Падчас перапіскі з прадаўцом, які зарэгістраваўся пад нікам Іван, былі абмеркаваны ўсе падрабязнасці куплі-продажу. Па словах Івана, грошы за пакупку трэба было пераслаць праз аператара WESTERN UNION на рахунак кампаніі, якая адказвае за дастаўку аўтамабіля з Польшчы ў Беларусь. Астраўчанін даверыўся віртуальнаму суразмоўцу і перавёў на патрэбны рахунак 5 100 долараў ЗША. Аднак машыну ён так і не ўбачыў – як і свае грошы.

***

Яшчэ адны хакеры вырашылі папоўніць свой бюджэт за кошт чужых сродкаў. З дапамогай невядомых камп’ютарных праграм яны ўзламалі паролі і ўкралі з дзвюх банкаўскіх картак астраўчан 518 і 1 084 беларускія рублі.

Па гэтых фактах узбуджаны крымінальныя справы.

Крадзяжы без перашкод

Самымі “папулярнымі” злачынствамі на Астравеччыне застаюцца крадзяжы. Парадаксальна, але ў некаторых выпадках пацярпеўшыя самі дапамагаюць зладзеям пранікнуць у дамы, бо пакідаюць іх незамкнёнымі.

Такім спосабам аматар лёгкай нажывы наведаўся ў адну з кватэр па вуліцы Берагавой. З сабой ён прыхапіў жаночую сумачку з усім яе змесцівам: касметыкай, мабільным тэлефонам і грашыма. Сума матэрыяльнага ўрону склала 316,5 беларускіх рублёў.

***

Па гэтай жа вуліцы быў зарэгістраваны яшчэ адзін крадзеж. Злодзей зноў-такі без перешкод пранік у кватэру і ўкраў адтуль залаты заручальны пярсцёнак, мабільны тэлефон і грошы, якія належалі жыхару Гродна. Візіт няпрошанага госця абышоўся гаспадару ў 1 895 беларускіх рублёў.    

Метал і лом каштуюць грошай

Шукальнікі лёгкага хлеба “працуюць” не толькі паасобку, але і цэлымі групіроўкамі.

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да жыхароў Альхоўкі, якія праніклі ў адзін з двароў і ўкралі адтуль 13 метраў тэлевізійнага кабелю, 10 метраў кабелю з медным дротам і 4 трансфарматары. Украдзенае належыць жыхарцы Астраўца.

***

А вось у Грышкойцях “засвяціліся” непаўналетнія зладзеі. Металічныя спінкі ад ложка, газавая пліта, патэльні, газавы балон – падлеткі выносілі з дому ўсё, што дрэнна ляжала. Больш таго: у двары выбранай ахвяры яны заўважылі кузаў аўтамабіля “Масквіч” – і таксама не змаглі прайсці міма. Спачатку малалетнія злачынцы раздзялілі знаходку на дзве часткі, а затым вывезлі трафеі на трактары.

У абодвух выпадках у адносінах да зладзеяў узбуджаны крымінальныя справы.

У кожнага свой густ

Запатрабаванні ў аматараў чужых каштоўнасцей самыя розныя: адным для шчасця не хапае грошай, другім – электрапрыбораў.

Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да злодзея, які ўкраў з кашалька, што знаходзіўся ў падсобным памяшканні аднаго з дамоў па вуліцы Аэрадромнай, банкаўскую картку астраўчанкі. Як выкарыстаць здабытае, доўга думаць не давялося: ліст з напісаным пін-кодам таксама быў у кашальку. У выніку злодзей папоўніў свой бюджэт на 120 беларускіх рублёў.

***

А вось на вуліцы Паўночнай у Астраўцы “засвяціўся” злодзей-“электрык”. Збіўшы навясны замок, ён пранік у недабудаваны дом і прыхапіў адтуль прылады для ацяпляльнага катла, каробкі пад разеткі і іншае электраабсталяванне на агульную суму 550 беларускіх рублёў.

Размова… кулакамі

Двое прыезджых, якія працуюць на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС, сустрэліся – і не змаглі разысціся мірна.

Канфлікт адбыўся на лесвічнай пляцоўцы аднаго са шматпавярховых  дамоў: паміж нецвярозым жыхаром Пензы і яго апанентам з Гродна ўспыхнула спрэчка. “Разруліць” канфлікт расіянін вырашыў з дапамогай драўлянага табурэта, якім ударыў два разы гродзенца па галаве, а затым яшчэ і па спіне.   

За нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў у адносінах да грамадзяніна Рафійскай Федэрацыі ўзбуджана крымінальная справа.   

Злачынны дызайн

celica_club_lv_21_12387600.jpg

Невядома, чым не дагадзіў аўтамабіль “Таёта Ярыс” невядомаму хулігану, але ён вырашыў змяніць яе дызайн.

Машына была прыпаркавана на стаянцы каля дома па вуліцы Аэрадромнай і нікому не перашкаджала – акрамя невядомага злачынцы, які пашкодзіў лакафарбавае пакрыццё аўтамабіля. Сваім хуліганскім учынкам ён нанёс уладальніцы “Таёты” матэрыяльны ўрон на 700 беларускіх рублёў.

Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа.

Марэк СІНКЕВІЧ,

намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта.

Текст: Главный администратор