Лауреат премии имени Дубко – это звучит гордо!
14:16 / 17.01.2018
А за некалькі дзён да таго тут жа збіралася «залатая» моладзь Гродзеншчыны, якая носіць званне лаўрэатаў прэміі імя Дубко – і сярод гэтых юнакоў і дзяўчат таксама нямала астраўчан: у свой час атрымалі прэмію за высокія дасягненні ў вучобе ці ў спорце Максім Каспяровіч, Юлія Сцефановіч, Надзея Шаблінская, Вольга Чарапко, Маргарыта Шаўчэнка, Святлана Валодзька, Мікалай Янкойць, Анастасія Бурштыновіч, Анастасія Вайшнаровіч, Уладзіслаў Міхно, Аксана Аўгуль, Яўген Красоўскі, Анастасія Кузьміцкая.
– Гродзенская зямля багатая на таленты, – сказаў, адкрываючы цырымонію, старшыня Гродзенскага аблвыканкама, Уладзімір Васільевіч Краўцоў. – Пацвярджэнне таму – гэтая поўная зала, у якой прысутнічаюць лаўрэаты прэміі за ўсе гады. А нядаўна мы ўручалі яе лепшым прадстаўнікам маладога пакалення – вучням, студэнтам, маладым спартсменам: іх дасягненні радуюць найбольш, бо гэта – наша будучыня.
Нагода для таго, каб успомніць усіх лаўрэатаў прэміі імя Дубко, а найперш – чалавека, імя якога яна цяпер носіць, больш чым важкая. Сёлета – не толькі юбілейны год самой прэміі, але і яе заснавальніка: Аляксандр Іосіфавіч Дубко, калі б бязлітасны лёс не забраў яго так недаравальна рана, 14 студзеня адзначыў бы сваё 80-годдзе.
Сёлета цырымонія ўручэння прэміі імя А.І. Дубко лепшым клубнаму работніку, народнаму майстру, бібліятэкару, музейнаму работніку, пісьменніку, выкладчыку, артысту, рэжысёру, журналісту, мастаку, музыканту, настаўніку школы мастацтваў, мастацкім кіраўнікам народнага аматарскага аб’яднання і ўзорнага дзіцячага калектыву, прайшла асабліва ўрачыста, з удзелам пачэсных гасцей, сярод якіх быў не толькі губернатар Уладзімір Васільевіч Краўцоў, але і яго намеснік Віктар Андрэевіч Лісковіч, Марыя Міхайлаўна Бірукова, якая раней працавала на гэтай пасадзе, былы начальнік упраўлення культуры Валянціна Іосіфаўна Кадзевіч, а таксама ўдава Аляксандра Іосіфавіча Дубко Эма Нікіфараўна. Лаўрэаты не толькі гэтага, але і мінулых гадоў, а таксама пачэсныя госці атрымалі ў якасці падарунка толькі што выдадзеную кнігу, у якой занатаваны прозвішчы лаўрэатаў прэміі ўсіх дваццаці гадоў і змешчаны нарысы пра іх.
Цудоўным падарункам для ўсіх гасцей стала тэатралізаваная канцэртная праграма, якая расказвала пра жыццё Аляксандра Іосіфавіча Дубко.
Хоць многія прысутныя ў зале маглі б дапоўніць тое, пра што расказвалі вядучыя, прэзентацыя, урыўкі з відэаінтэрв’ю і выступленняў, сваімі ўспамінамі… Нехта сустракаўся з Аляксандрам Іосіфавічам у паўсядзённым жыцці ці на розных нарадах, пасяджэннях, іншы ведае яго па справах на пасадзе старшыні калгаса «Прагрэс» Гродзенскага раёна ці старшыні Гродзенскага аблвыканкама, большасць жа проста чулі і памятаюць яго выступленні і інтэрв’ю – нават у іх бачны мудрасць, дальнабачнасць, прастата і сціпласць звычайнага сялянскага хлопца, які заўсёды, на любой пасадзе, памятаў пра свае карані і кожны свой крок вывяраў народнай мудрасцю…
…Мне не давялося асабіста сустракацца з Аляксандрам Іосіфавічам, гутарыць з ім – але я неаднаразова прысутнічала на раённых нарадах, якія праходзілі пад кіраўніцтвам старшыні аблвыканкама, – і заўсёды захаплялася яго ўменнем зрабіць складанае – простым, вылучыць зерне ісціны, нават калі яго спрабавалі схаваць у шалупінне пустаслоўя.
…Памятаю, неяк на закрытую раённую нараду ледзь не сілком прабіваўся адзін з вядомых прадстаўнікоў нашай дамарошчанай апазіцыі, каб «раскрыць усю праўду пра тое, што адбываецца ў раёне». Аляксандр Іосіфавіч сваім валявым рашэннем не толькі дапусціў яго на тую нараду, але і даў слова. І, выслухаўшы яго «выкрыцці» і «адкрыцці», усміхнуўся: «Дзякуй, але не такі я дурань, каб не разабрацца, што адбываецца…» Дзіўна – але той апазіцыянер яшчэ тыдні два хадзіў з горда ўзнятай галавой: з ім размаўляў сам Дубко!
Увогуле ж Аляксандр Іосіфавіч умеў пагаварыць на роўных з кожным: механізатарам, даяркай, дыпламатам, журналістам, артыстам – ды так, што ў суразмоўцы не заставалася ні пачуцця прыніжанасці ці рабалепства перад высокім начальнікам, ці адчування, якое на Астравеччыне называюць «сорамна яго сорамам».
Дубко быў адным з нямногіх, хто дазваляў сабе спрачацца з прэзідэнтам – нават у прамым эфіры селектарных нарад, прысвечаных жніву, і пераконваць у правільнасці сваіх аргументаў: на баку гродзенскага губернатара заўсёды быў галоўны і неаспрэчны аргумент: ён не згаджаўся, даказваў, дабіваўся нечага не дзеля сябе, не дзеля сваёй асабістай выгады ці славы – у такіх выпадках не «лезуць на ражон», часцей маўчаць ці паддакваюць, а дзеля агульнай справы і яе выніку. А кіраўнік дзяржавы цэніць і шануе такіх людзей – пра гэта сведчыць і той факт, што Аляксандр Дубко, адзіны з сапернікаў Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах, пасля больш чым пераканаўчай перамогі апанента, быў прызначаны на пасаду кіраўніка Гродзенскай вобласці. А ў 2001 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яму было прысвоена званне Героя Беларусі за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам. Дарэчы, першую Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандр Іосіфавіч Дубко атрымаў у 1982 годзе ў якасці старшыні калгаса «Прагрэс». Сімвалічна, што і сённяшні старшыня СПК «Прагрэс-Верцялішкі» Васіль Афанасьевіч Рэвяка з’яўляецца Героем Беларусі.
…Думаю, калі б Аляксандр Іосіфавіч Дубко мог назіраць за тым, што адбываецца з яго шматлікімі «дзецішчамі» на стаўшай роднай для віцебскага хлопца гродзенскай зямлі – ён бы парадаваўся: яго працу, планы, задумы, ідэі не змарнавалі, а прымножылі, развілі, далі ім новы імпульс і жыццё.
І юбілейнае ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі, якая вось ужо дваццаць гадоў носіць яго імя – адно з многіх таму пацвярджэнняў.