Справа жыцця Тарэсы Драган – ахова дзяцей

15:59 / 15.01.2018
3597

Камісія па справах немпаўналетніх была ўтворана 14 студзеня 1918 года – сёлета гэтаму дзяржаўнаму органу, закліканаму абараняць правы дзяцей, споўнілася сто гадоў.

21 год намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх працуе Тарэса Мар’янаўна Драган.

4.jpg

Больш за дваццаць гадоў працы Тарэсы Мар’янаўны Драган аддадзены таму, каб іх было як мага менш

   Дваццаць гадоў для Сусвету, як сцвярджаў паэт,  – мала. А для чалавека, установы, арганізацыі –  цэлая эпоха, на працягу якой мяняецца многае – у тым ліку і яны самі.

Тарэса Мар’янаўна Драган працуе намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама 21 год. Больш за два дзясяткі гадоў стаіць яна на ахове правоў дзяцей, сутыкаецца з людскімі драмамі і трагедыямі, часам спрабуе, дзеля ўласнага самазахавання, “не падключацца” да таго негатыву, які штодня бачыць у сем’ях сваіх падапечных – і не можа…

Асноўнай задачай камісіі па справах непаўналетніх ва ўсе часы, ад яе стварэння сто гадоў назад да сённяшняга дня, з’яўляецца абарона правоў дзяцей, прафілактыка дзіцячай злачыннасці. А часам ёй проста трэба ратаваць дзяцей, у літаральным сэнсе слова, у тым ліку ці нават у першую чаргу – ад бацькоў, якім няма да іх справы, ад холаду роднага дома, ад голаду.  Фёдар Дастаеўскі сцвярджаў, што ўся гармонія свету не вартая слязінкі дзіцяці – а колькі такіх слязінак за гэтыя больш як два дзесяцігоддзі упалі на сэрца, на душу, на лёс Тарэсы Мар’янаўны Драган…

– Адказным сакратаром камісіі па справах непаўналетніх – тады гэтая пасада насіла такую назву – я стала працаваць у лістападзе 1996 года,   узгадвае  Тарэса Мар’янаўна. – Прыйшла сюды з дзіцяча-юнацкага цэнтра,  правобраза сённяшняга цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дзе працавала дырэктарам. Там – суцэльны пазітыў: таленавітыя дзеці, творчасць, конкурсы, перамогі... Я, канешне, разумела, што мяняю сферу дзейнасці кардынальна, але, прызнаюся шчыра, не ўяўляла, наколькі… Але была маладая, энергічная, мне хацелася змяніць свет да лепшага – ці хоць бы тую яго частку, якая мае дачыненне да маёй работы… Памятаю, тагачасны адказны сакратар камісіі па справах непаўналетніх Гродзенскага аблвыканкама Фёдар Мікалаевіч Вербаў, паназіраўшы за маёй работай, сказаў: “Вы ў такім тэмпе доўга не вытрымаеце…” Але ж во вытрымала – больш як дваццаць гадоў, самой не верыцца. Энергіі, зараз, можа і паменшала – затое прыйшоў іншы бясцэнны памочнік – вопыт.

 Новую для сябе прафесію Тарэса Мар’янаўна асвойвала ў так званыя “ліхія 90-ыя”, калі хапала ўсяго: злачыннасці, нястачы, беззаконня… Аналізуючы работу сваіх папярэднікаў, якія працавалі ў часы савецкай ідэалогіі, яна адзначыла: у 1982 годзе на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх было разгледжана 12 матэрыялаў, прычым 5 з іх насілі фармуліроўку “за свавольніцтва”. А ў 90-ыя разглядалася ўжо па 140-200 спраў за год! І разбіралі далёка не свавольніцтва: крадзяжы, грабяжы, хуліганства… І часам дзяцей і падлеткаў на проціпраўныя дзеянні штурхала элементарнае пачуццё голаду ці нястача

 Я на ўсё жыццё запомніла адзін выпадак… У 2000 годзе мы з членамі камісіі прыехалі на хутар Кандраты, дзе жыла сям’я, што знаходзілася ў нас на ўліку. У кутку напаўразваленай веранды знайшлі дваіх дзетак. Бацькі пайшлі недзе па сваіх справах, у гаршчках было на два пальцы пяску… На пытанне, ці елі яны што-небудзь сёння, малыя адказалі, што елі яблыкі – а на двары стаяў чэрвень, і садавіна толькі завязвалася. Яны і сёння стаяць у мяне ў вачах… У такія хвіліны разумееш, што  проста абавязаны зрабіць усё магчымае, каб  уратаваць гэтых дзяцей.

Калі Прэзідэнтам быў падпісаны Дэкрэт №18, працаваць стала, з аднаго боку, больш складана, з другога – прасцей, як бы парадаксальна гэта ні гучала. Так, зараз вялікі аб’ём дакументаў, і ў кожнага свой дакладны тэрмін разгляду, і ўсё павінна быць зроблена не проста ў вызначаны час, але і з захаваннем усіх юрыдычных нормаў. Але пры тым з’явілася дакладная нарматыўная база, якая дае законныя магчымасці абараніць правы дзіцяці. І ўсё ж і раней, і зараз за кожным дакументам, актам, сустрэчай, рашэннем камісіі стаяць лёсы людзей, дзяцей, сем’яў.

63.jpg

Вельмі цяжка забіраць дзяцей у бацькоў, – уздыхае Тарэса Мар’янаўна. – Хоць ідзем на гэты крок толькі ў тым выпадку, калі іншага выйсця няма. Тлумачыш бацькам: у іх ёсць магчымасць выправіцца: кінуць піць, уладкавацца на працу, навесці парадак у доме – і тады дзяцей вернуць у сям’ю. Але вельмі нямногія разумеюць, што яны самі вінаватыя ў тым, што здарылася, для большасці крыніца іх бед – не гарэлка, не сябры-сабутэльнікі, не “зладзейка з наклейкай”, а я, Тарэса Мар’янаўна Драган, асабіста і персанальна. І сыплюцца абразы, пагрозы, праклёны…

Псіхолагі раяць: не звяртайце ўвагі, “не падключайцеся”. Але не ведаю, хто з іх, нават самых разумных псіхолагаў, мог бы выканаць гэтую параду, калі з тэлефоннай трубкі нясецца: “Няхай будзе праклятая ўся твая сям’я…” А ты – усяго толькі слабая жанчына, ў цябе за спіной – не толькі адказная пасада, але і сям’я, і на тваіх блізкіх немаведама адкуль сыплюцца беды… Тарэса Мар’янаўна прызнаецца, што неаднойчы была на грані зрыву, не раз думала змяніць работу – не столькі на лягчэйшую, цяжкасці яе не палохаюць, яна – з пароды працаголікаў, колькі на менш адказную і нервовую. Але кожны раз паўставала пытанне: хто, калі не я? І яна зноў упрагалася ў свой нялёгкі воз…

– Я вельмі ўдзячная сваім блізкім – мужу, сынам – за разуменне і падтрымку, – гаворыць Тарэса Мар’янаўна. – Ніколі не чула ад іх папрокаў за тое, што прападаю вечарамі ў рэйдах, што вяртаюся дахаты стомленая і спустошаная тым негатывам, з якім даводзіцца сутыкацца штодня, і не заўсёды магу падзяліцца з імі дабрынёй і пяшчотай. Наадварот: неаднойчы, калі не было транспарту, а тэрмінова трэба было ехаць “тужыць пажар” у чарговую сям’ю, муж заводзіў сваю машыну і ехаў са мной. Калі у яго узнікалі апасенні за маю бяспеку, ён суправаджаў мяне. І хоць, на шчасце, у ніколі не ўзнікла патрэбы фізічнай абароны  – я вельмі ўдзячна яму за гатоўнасць гэта зрабіць.

Хоць, у якую б сям’ю яна ні завітала з нечаканым і нязваным візітам, што б там ні ўбачыла і ні пачула, Тарэса Мар’янаўна прытрымліваюцца галоўнага правіла: якімі б ні былі гэтыя людзі, якія б прэтэнзіі да іх ні ўзніклі – з імі можна і трэба гаварыць строга, сур’ёзна, да іх можна прымяняць жорсткія меры, прадугледжаныя законам, каб абараніць дзяцей – але ні ў якім разе нельга абражаць чалавечы гонар і годнасць: усе яны – людзі, нашы грамадзяне!

Тарэса Мар’янаўна ўдзячна ўсім, з кім разам, плячо ў плячо, займаецца абаронай правоў і законных інтарэсаў дзяцей: старшыням камісіі, на плячах якіх ляжыць асноўны груз адказнасці за прынятыя рашэнні – за час яе работы ў камісіі іх змянілася некалькі; педагогам, на плячах якіх ляжыць асноўны клопат пра дзяцей з сацыяльна-небяспечных сем’яў; медыкам, якія, калі трэба ратаваць дзіця, нягледзячы ні на што, забіраюць яго ў бальніцу, каб накарміць і багрэць, хоць медыцынскіх паказанняў для гэтага часам не знаходзіцца; усім членам камісіі, якія стараюцца ўнікнуць у кожную справу і вырашыць яе нефармальна, так, каб у выніку было лепш дзецям.

На жаль, за сваю нялёгкую працу яна рэдка чуе словы падзякі ад тых, у чыіх лёсах прымала непасрэдны ўдзел – нават калі жыццё гэтых сем’яў ці дзяцей наладзілася дзякуючы ўмяшанню камісіі па справах непаўналетніх: каму ж хочацца ўзгадваць чорныя старонкі свайго мінулага? Але калі нехта ўсё ж пераступае цераз сябе і гаворыць Тарэсе Мар’янаўне Драган і іншым членам камісіі дзякуй – а такія выпадкі час ад часу здараюцца – гэта дарагога варта. Значыць, усё было недарэмна: і недаспаныя ночы, і сапсаваныя нервы…

І таму яна сёння, як і 21 год назад – на перадавой барацьбы за шчаслівае дзяцінства для кожнага дзіцяці.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений