В Островце выбирали лучших Деда Мороза и Снегурочку
У сераду на галоўнай плошчы Астраўца шэрыя суровыя будні сутыкнуліся з казкай – і змяшаліся ў вясёлым кругавароце песень, конкурсаў, карагодаў: тут праходзіў конкурс на лепшага Дзеда Мароза і Снягурку года, які адбыўся ў рамках навагодняга свята «Ёлка-Фэст».
Паўдзельнічаць у конкурсе вырашылі прадстаўнікі ад дзесяці прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна. Дарослыя і дзеці з радасцю ўдзельнічалі ў імпрэзе, якая расцягнулася на некалькі гадзін, сустракаючы кожнага новага Дзеда Мароза і Снягурку і іх казачных памочнікаў гучнымі апладысментамі.
Самым яркім момантам стала сумеснае запальванне галоўнай ёлкі Астравеччыны, падчас якога кожны змог адчуць сябе маленькім чараўніком.
Кожны Дзядуля Мароз са сваёй унучкай стараліся паказаць сябе ва ўсёй сваей чароўнай магутнасці: конкурсы, карагоды вакол галоўнай ёлкі не давалі стаяць і мерзнуць, а казкі, вершы, загадкі, рэбусы і пажаданні – сумаваць.
Пакуль камісія выбірала лепшага Дзеда Мароза і Снягурку года, рытм святочнага вечара на плошчы ствараў добра вядомы астравецкім гледачам Саша Нэма, які змог разварушыць нават самых лянівых і змерзшых гледачоў.
У выніку конкурсу ніводзін Дзед Мароз і Снягурка не засталіся па-за ўвагай камісіі, аднак вялікай колькасці трэба было абраць лепшых. Спецыяльны дыплом ад грамадзянскага аб’яднання “Белая русь” атрымалі “самыя здаровыя” Дзед Мароз Андрэй Дэрвіс і Снягурка Вікторыя Емяльян з цэнтральнай раённай бальніцы.
Трэцюю прыступку занялі клапатлівыя Дзед Мароз і Снягурка Іван Мушніцкі і Вольга Клімчэня з тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у якіх была самая вялікая група падтрымкі: сем працавітых гномаў-памочнікаў і дзядуля з бабуляй.
Гудагайскі Дзед Мароз і Снягурка ад адукацыі з сярэдняй школы Аляксандр Жалток і Яна Алёкса сталі другімі.
А лепшым Дзедам Марозам і Снягуркай камісія назвала супрацоўнікаў Астравецкага прадпрыемста жыллёва-камунальнай наспадаркі Аляксандра Коўзана і Вольгу Шумановіч.