Халяўнае “шчасце” на ўвесь год. Гісторыя адной гаспадыні

14:48 / 21.12.2017
Гэту гісторыю я падслухала на аўтобусным прыпынку.

Малажавая сімпатычная жан­чы­на, раз-пораз весела пазі­раючы  на навакольных жывымі іранічнымі  вачыма, расказвала сваёй знаёмай:
– Зноў  святы на падыходзе... А я дык  і не ведаю,  ці буду ўпры­­гожваць ёлку, бо як успомню леташнія прыгоды, то сто разоў паду­маю: яно мне трэба?!
І далей жанчына расказала сваю гісторыю...

Набліжаўся Новы  год. А лес непадалёк віднеўся з вакна. І выглядаў так велічна і прывабна, што ёй захацелася, каб у гэтым годзе была не штучная, а сапраўдная  елачка з таго лесу!  Перад самым святам  вырашыла схадзіць за красуняй. 
 
Вось тут і пачаліся прыгоды. Гэта з вакна здавалася, што лес блізка, а на справе прыйшлося ісці ды ісці. Да таго ж снегу ў полі было амаль па калена. Пакуль дайшла да лесу, ужо не хацела нічога – але ж не варочацца назад з пустымі рукамі! Стала шукаць дастойнае дрэўца. Але і гэта было няпроста: роўных і прыгожых елачак не так і шмат –  то аднабокія, то рэдзенькія, то непрыглядныя, то маленькія, то задужа вялікія…  

162868.jpg



Нарэшце знайшла прыгажуню! Ссекла і паспрабавала ўскінуць на плечы. Ды дзе там! Днямі прайшоў аблівень і кожная іголачка пакрылася лёдам – гэта надавала дрэўцу добрай вагі. Прыйшлося цягнуць волакам – з адпачынкамі  і перадышкамі, лаючы сябе за недарэчную ідэю. Усё ж давалакла!  

Задаволеная, што  я ўжо ля дома, прысела адпачыць на лаўку ля  веснічак. Толькі села, як тут жа ў паніцы ўскочыла: а калі часам ляснік ці  ўчастковы па следу прыйдуць?!  Я і забылася зусім, што гэта  самавольная высечка і за яе можна атрымаць немалы штраф. Трэба хутчэй хаваць свой «трафей». Уцягнула елку ў пакой і вырашыла, што цяпер ужо маю права адпачыць... Але не паспела і распрануцца, як  убачыла лужыну на падлозе: у цяпле стаў раставаць лёд.  

Выцягнула дрэўца і занесла яго ў цёплы хлевушок да козаў. Там абледзянеласць хутка сышла – і я зноў прыцягнула навагоднюю прыгажуню ў пакой. Але замест прыемнага хвойнага водару дом напоўніўся рэзкім пахам казінага хлевушка. Зноў пацягнула елку на вуліцу – «праветрыцца». 

За некалькі гадзін непрыемны пах на марозе выветрыўся, і, у рэшце рэшт, амаль перад самым святам, я паспела-такі ўстанавіць і ўпрыгожыць лясную  красуню.   
Прабыла ёлка ў мяне тры тыдні, радуючы сэрца і вока, я ўжо і забыць паспела, колькі маральных і фізічных высілкаў яна мне каштавала. Але ж прыйшоў час «высяляць» дрэўца з хаты. І тут ёлка зноў паказала свой нораў: калі выцягвала яе праз дзверы – а яны нашмат вузейшыя, чым мая «кватарантка», –  сухія галінкі спружынілі – і  хваінкі  пстрыкнулі ва ўсе бакі, засыпаўшы ўсё,  што толькі было можна!  Доўга ж я выкалупвала з дывана і, мабыць, цэлы год яшчэ знаходзіла ў розных месцах ігліцу. 

Пасля гэтага вырашыла:  не трэба мне больш  такіх прыгодаў! Буду карыстацца  штучнай ёлкай. А калі ўжо надта захочацца хвойнага паху, то  можна некалькі лапак у вазу паставіць.


Текст: