Вольга Шоўкун пра яжовыя рукавіцы і выхаванне дзяцей

12:03 / 11.12.2017
1
Песцiць – нельга?!

Улетку мы з дзецьмі гасцявалі ў бабулі і вярнуліся ад яе з  дыягназам «у вас распешчаныя дзеці». Спачатку я перапалохалася: «Трэба нешта рабіць! Будзем выпраўляць сітуацыю!» Але потым у мяне ўзнікла крамольная думка, за якую, напэўна, многія мяне асудзяць. Я падумала: а чаму разбалаванае дзіця – гэта дрэнна? 

1 (11).jpg


Так, я пешчу сваіх дзяцей цацкамі і прыгожым адзеннем. Мне хочацца, каб у іх было тое, чаго мне ў дзяцінстве не хапала. Так, я дазваляю ім выражаць свае эмоцыі, нават у выглядзе істэрык – і не лічу, што за гэта трэба «крапівай па адным месцы». А як яшчэ дзіця можа выказаць свой гнеў ці крыўду, калі не праз слёзы? І дурэць ім таксама дазваляю! Ну ўспомніце сябе ў дзяцінстве! Ці ж гэта ўсё так дрэнна?

Чаму, калі муж адорвае сваю жонку дарагімі падарункамі, усе ў адзін голас кажуць: як цудоўна! А калі купляеш дзецям тое, пра што яны мараць, пачуеш асуджальнае: ці ж можна так распешчваць дзяцей? 

Чаму, калі дарослыя высвятляюць адносіны і пускаюць у ход кулакі – гэта дрэнна, а вось біць дзяцей у выхаваўчых мэтах у многіх сем’ях лічыцца нормай. Што за двайныя стандарты? Мне здаецца, што ўсе мы часта забываем простую ісціну: дзеці – таксама людзі!

І ўвогуле, вы не думаеце, што бясконцыя «нельга», а таксама трыманне ў яжовых рукавіцах знішчаюць у дзіцяці асобу, робяць яго няўпэўненым у сабе, перашкаджаюць самавыражацца?
А ячшэ адкажыце сабе на пытанне: вас песцілі ў дзяцінстве? Не? І ці песціць вас зараз жыццё? Можа, у гэтым таксама ёсць заканамернасць? Бо ўсе мы, у большасці сваёй, нераспешчаныя – цярплівыя, маўклівыя, нічога ні ад каго не патрабуючыя.

shutterstock_142826356.jpg

Вось я і вырашыла, няхай лепш мае дзеці будуць распешчаныя – а значыць, любяць сябе, паважаюць свае інтарэсы, патрабуюць ад жыцця самага лепшага! Я лічу, што ў здаровым эгаізме больш станоўчага, чым адмоўнага.

Гэтую ж думку я неяк убачыла ў інтэрнэце: «Абавязкова песціце дзяцей! Жыццё – складаная рэч. І ў вашага малыша, калі ён вырасце, павінна быць месца ў душы, дзе пахне ваніллю і казкамі, марамі, якія збыліся, бацькоўскімі пацалункамі і верай у тое, што ён – самы лепшы. Месца, дакранаючыся да якога, ён знойдзе ў сабе сілы вытрымаць самыя нялёгкія выпрабаванні».

Цацкi для мамы

У працяг папярэдняй тэмы, але больш вясёлае! Хачу прызнацца ў адной залежнасці: люблю купляць дзецям цацкі! Калі заходжу ў вялікі гандлёвы цэнтр, мяне цягне, як магнітам… Не, не ў 
аддзел упрыгожванняў, жаночага адзення ці абутку. А ў дзіцячы магазін. Я гатова пакінуць там сваю зарплату, мужаву, ды яшчэ ўзяць крэдыт! Безумоўна, гэта «прывітанне» з майго небагатага на цацкі дзяцінства. 

Першая цацка, якую я купіла сваёй дачцэ, была «вясёлка» – такая танная забаўка за тры рублі, якраз такая, як  у нашым дзяцінстве. Яна была амаль што ў кожнага. А ў мяне – не было. Як я пра яе марыла!  Адным словам, мары збываюцца – і нічога, што праз 25 гадоў!

А яшчэ ў маёй дачкі абавязкова будзе домік для Барбі. Яна, можа, яго і не надта хоча. Але мы яго ўсё роўна купім!

74.3.jpg


А ведаеце, чаму мой муж вельмі хацеў сына? Ён марыў пра верталёцік на пульце! Будзе і яму верталёцік!

Як цудоўна, што ў нас ёсць дзеці і мы можам хоць нена­доў­га вярнуцца ў дзяцінства: гуляць у цацкі, маляваць і ляпіць кулічыкі ў пясочніцы!



Текст: