5 пытанняў працаўнікам сельскай гаспадаркі

12:33 / 22.11.2017
5836
Па традыцыі, у трэцюю нядзелю ліста­пада сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. 
Працаўнікі гэтай галіны шчыруюць на фермах, комплексах, палях без святаў і выхадных. Дзякуючы іх штодзённай карпатлівай працы, мы маем на стале хлеб – і да хлеба. 

Напярэдадні прафесійнага свята работнікам сельскагаспадарчай галіны раёна мы задалі некаторым з іх пяць пытанняў аб галоўным.

1. Якім быў ваш шлях да прафесіі?

2. Пра што вы марылі ў дзяцінстве і пра што марыце зараз?

3. Што падабаецца ў вашай рабоце, а што – не?

4. Якая пара года самая прыемная і радасная?

5. Уявіце: вы – міністр сельскай гаспадаркі. Што б змянілі?

Віктар Іванавіч АЛЁКСА, галоўны заатэхнік КСУП «Гудагай»:
IMG_9430 Алекса Віктар.jpg

1. Мой шлях у жывёлагадоўлю быў простым. Ды і пра што, як не пра працу на вёсцы, мог марыць вясковы хлапчук? Тым больш, што бацькі працавалі на зямлі. Маці пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага тэхнікума была брыгадзірам участка ў калгасе імя Мічурына, бацька ў гэтай жа гаспадарцы працаваў вадзіцелем. 
Не скажу, што ў нас склалася дынастыя заатэхнікаў – тым не менш, родная цётка, стрыечная сястра і я закончылі Віцебскі ветэрынарны інстытут. Пасля другога курса мяне забралі ў армію. Пасля дэмабілізацыі давучыўся і прыйшоў працаваць у родны калгас. 
За 26 гадоў маёй працы змяніліся пяць кіраўнікоў, а ўжо колькі назваў мяняла сама гаспадарка – не злічыць! І саўгасам, і калгасам мы былі; імя Мічурына насілі, назвы вёсак Палушы і Гудагай, а зараз з кааператыва сталі КСУПам.

2. Гэта цяпер дзеці мараць стаць праграмістамі, рэжы­сёрамі ці архітэктарамі. У маім дзяцінстве такой моды не было. Усе хлопчыкі хацелі паходзіць на Гагарына і стаць лётчыкамі – але не я. Мне хацелася быць бліжэй да зямлі.
Пра што зараз мару? Напэўна, як і кожнаму чалавеку, мне хочацца, каб у сям’і і ў маіх блізкіх было ўсё добра; каб у нашай гаспадарцы раслі вытворчыя паказчыкі, у прыватнасці – у жывёлагадоўлі; каб надаілі 10 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. (Усміхаецца) 

3. Адназначна адказаць на пытанне: што падабаецца ў рабоце, а што – не, складана. Мне працаваць даводзіцца не столькі з жывёлай, колькі з людзьмі. А кожны чалавек – гэта характар. Перад тым, як з кагосьці спытаць: сто разоў падумаю, а што зрабіў я сам? Кожны павінен разумець, што агульны вынік залежыць ад нас усіх.

4.Не толькі раслінаводства, як гэта прынята лічыць, залежыць ад надвор’я, Яго Вялікасці падпарадкоўваемся і мы, работнікі жывёлагадоўлі.
Я аднолькава люблю ўсе поры года. Вясной трава цешыць вока зелянінай, а кароўкі пачынаюць больш малака даваць. Летам гэты працэс набывае стабільнасць. Восенню прырода пакрысе замірае – адпаведна, зніжаюцца і надоі, хочам мы таго ці не. Зімой асноўны клопат – накарміць жывёлу. 

5. Каб я быў міністрам, дык не сядзеў бы тут! (Усміхаецца) Жартую, канешне. Яшчэ нашы продкі казалі, што малако ў каровы на языку. Галоўнае – кармы. І не колькасць іх, а якасць.


Уладзімір Іванавіч ГУДОЙЦЬ, ветфельчар КСУП «Гервяты»:
IMG_2114 Гудойць Уладзімір.jpg
1. Нарадзіўся я ў вясковай сям’і ў Сакалойцях, непадалёк ад Гервят. Бацькі ўсё жыццё працавалі ў калгасе, іх дарогу абралі і мы з братам. Ён працуе вадзіцелем у КСУП «Гервяты». Іншага прыкладу, акрамя таты з мамай, у нас не было. Таму размовы «кім быць?» у хаце ніколі не гучалі. 
Закончыў Чэхскую базавую шко­лу і падаў дакументы ў Ільянскі тэхнікум. Прайшоў на ветэрынарную медыцыну. Пасля другога курса мяне прызвалі ў армію. Служыў у Мінску ва ўнутраных войсках. Прапаноўвалі застацца на кантрактай аснове – не пагадзіўся, разумеў, што войска – не тое, да чаго ляжыць душа. Былі іншыя прапановы застацца ў сталіцы. Але горад мяне ніколі не вабіў: не разумею, як людзі могуць жыць у кватэры і чым яны сябе займаюць з вясны да восені? 
На прапанову тагачаснага старшыні  калгаса «Радзіма» Мечыслава Часлававіча Лісоўскага працаваць у мясцовай гаспадарцы згадзіўся адразу – і не шкадую. Камусьці трэба сядзець у кабінетах, а камусьці закасаўшы рукавы працаваць. (Усміхаецца) Не падумайце, не скарджуся – жартую. Шлях у прафесію я выбіраў свядома. 

2.Чаго хацеў у дзяцінстве, ужо і не ўспомню. Але ў юнацтве марыў, што, як і кожны сапраўдны мужчына, пабудую дом, пасаджу сад і выгадую сына. Не мінула і дзесяці гадоў, як тыя мары сталі рэчаіснасцю. Зараз з жонкай Крысцінай, якая знаходзіцца ў  адпачынку па доглядзе за нашым сынам Дзянісам, адбудоўваем дом у Міцюнах, тут жа пасадзіў пладовыя дрэвы – але мінулагодні мароз, на жаль, іх добра «пашчыпаў». Што ж, ёсць нагода яшчэ раз даказаць, што я сапраўдны мужчына – вясной буду адсаджваць сад. 

3. У рабоце падабаецца вынік, асабліва калі ён станоўчы. На жаль, не ўсё залежыць ад так званага чалавечага фактару. Напрыклад, сёлета не апошнюю ролю ў тэмпах і якасці нарыхтоўкі кармоў адыграла надвор’е.
А што не падабаецца? Напэўна, умовы працы. Абслугоўваю фермы «Міцюны», «Сакалойці», «Малюта» і «Чэхі» – але збольшага ўжо прывык.

4. Вясна – гэта па мне! Прырода і чалавек абуджаюцца. Як спецыяліст, не люблю канец зімы і пачатак вясны – у жывёлы ў гэты перыяд зніжаецца імунітэт і яна больш адчувальная да хвароб.

5. Цікавае пытанне! Калі б я быў міністрам сельскай гаспадаркі, то паспрабаваў бы зрабіць так, каб вынікі працы вяскоўцаў – малако і мяса – больш цаніліся. Таксама, напэўна, трэба падымаць прэстыж сельскагаспадарчых прафесій, каб моладзь пасля вучобы вярталася на вёс­ку, заставалася тут жыць.

Святлана Аляксандраўна БАРАН, аператар машыннага даення МТК «Рытань» РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»:
IMG_2134 Баран Святлана.jpg
1. Ніколі не думала, што буду працаваць даяркай. У наш час хадзіла прымаўка: вучыцца не хочаш, то бу­дзеш каровам хвасты круціць! (Усміхаецца)

Школу закончыла добра. Пасля адвучылася ў Кама­роў­скім вучылішчы, працавала ў Астраўцы на прадпрыемстве «Спадчына» – было такое ў райцэнтры. Выйшла замуж, нам у Рытані далі кватэру ў двухпавярховым саўгасным доме пры ўмове, што адпрацуем у гаспадарцы не менш за пяць гадоў. Пайшла працаваць даяркай. Думала, часова, а выйшла – на ўсё жыццё. Нідзе, як на комп­лексе, сябе і не ўяўляю. 

2. З дзяцінства хацела быць швачкай. Лялек шмат не мела, але тым, якія былі, шыла шыкоўныя ўборы. А найбольш любіла аздабляць сукенкі.
Хачу, каб у дзяцей – Ілоны і Дзяніса – добра склалася жыццё. Я іх моцна люблю і перажываю за іх! З дзецьмі падтрымліваем стасункі з большага праз інтэрнэт. І сын, і дачка часта прыязджаюць дадому.
А чаго хачу для сябе? Нават і не ведаю – усё жыццё дзецьмі жыла… Жыву імі і зараз.

3. Работа даяркай пады­хо­дзі­ць мне па характары: увесь час рухаешся, ні хвілінкі не пасядзіш. У нашай справе патрэбна ўвішнасць. На дойцы мы працуем упяцярых, адна – падменная. Падабаецца графік работы.

4. Мне лета па душы… З чэрвеня па верасень прападаю ў лесе. Нічога так не люблю, як хадзіць у ягады і ў грыбы! Душой сярод дрэў адпачываю. Некато­­рыя з вяскоўцаў баяцца заблукаць, а я – адвек не. Ведаю кожнае дрэўца і сцяжынку… Лес – мая аддушына, лекар і дабра­дзей, які ніколі, прынамсі, мяне, не выпусціць з пустым кошыкам ці вядром.

5. А не дай бог быць міністрам! Сваю работу я добра ведаю – гэта галоўнае. Кожны павінен быць на сваім месцы.

Іван Уладзіслававіч СТАЦІНА, механізатар КСУП «Міхалішкі»:
IMG_2119 Стаціна Іван.jpg

1. Я – з мясцовых, нарадзіўся ў Маркунах. Маці ўсё жыццё працавала паляводам, бацька – трактарыстам. Калі надышоў час станавіцца на «крыло», бацькі адправілі ў Вільнюс вучыцца на аператара станкоў з праграмным кіраваннем. Хацелі, каб вывучыўся ды ў горадзе застаўся. Дзе там! Душа рвалася дадому, да родных хат і ніў. У горадзе вытрываў два гады – і вярнуўся. Як прыйшоў працаваць у калгас – так і застаўся. Жонка Алена, дарэчы, таксама працуе ў КСУП «Міхалішкі»: спачатку была ветэрынарным урачом, зараз – повар у сталовай. 

2. Цяперашнія дзеці мараць быць праграмістамі, вучонымі – а мы былі больш прыземленыя. З дзяцінства мяне цягнула да тэхнікі – з ёй і звязаў сваё жыццё. Прымаўка «Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся» дакладна пра мяне.
Пра што мару зараз? Складанае пытанне… Хочацца, каб усё добра было ў дзяцей. Балазе, абедзве дачушкі атрымалі вышэйшую адукацыю, замуж за каханых пайшлі. Засталося ўнукаў дачакацца. (Усміхаецца).

 
3. Рабі сваю работу, не лезь, куды не трэба, – і ўсё бу­дзе добра. Калі 27 гадоў працую ў сельскай гаспадарцы, значыць,  станоўчых момантаў у рабоце больш, чым негатыву. 

4. Найбольш падабаецца лета: наўкол усё зелянее, цёпла…
Вясной і восенню сею, ару, летам заняты на нарыхтоўцы сенажу, зімой арганіку важу. 

5. Мая справа – працаваць на трактары, і гэта ў мяне, здаецца, нядрэнна атрымліваецца. А міністрам ніколі не хацеў быць, таму нават і ўяўляць не буду. 

Эдуард Іванавіч САДОЎСКІ, дырэктар КСУП «Гудагай»:
IMG_5085 Садоўскі Эдуард.jpg
1. Іншай дарогі, як у сельскую гаспадарку, у мяне дакладна не было. (Усміхаецца) Больш таго: я з дзяцінства ведаў, што буду працаваць на зямлі, як і продкі. Тым больш, што перад вачыма быў паказальны прыклад: мама працавала даяркай, тата – механізатарам. 
Сучасныя дзеці да адзінац­цатага класа часта не могуць вызначыцца, куды паступаць. Я ўжо падлеткам ведаў, што  буду аграномам. Так і сталася: пасля заканчэння школы паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Вучыўся нядрэнна – нават у аспірантуру прапаноўвалі паступаць. Ды куды там! Душа прагнула свабоды, хацелася быць бліжэй да зямлі, а не сядзець ва ўніверсітэцкіх кабінетах! Свой шлях у прафесію выбраў сам.

2. А бог яго ведае, пра што я марыў ў дзяцінстве… (Задумваецца) Дзіцячыя мары – ілюзорныя, ідэалістычныя. У мяне куміраў не было. Гадаваўся без бацькі – яго рана не стала. Як і кожнага вясковага хлопчыка, мяне цягнула да тэхнікі. У дзяцінстве марыў пра веласіпед, у юнацтве – пра матацыкл. Як і кожнае дзіця, хацеў хутчэй вырасці і хоць адным вокам зазірнуць у будучыню: якім стану, чым буду займацца і як выглядаць? 
Пра што мару цяпер? (Задумваецца) Дачка працуе ў Мінску ў расійскай фірме. Сын, які марыў стаць архітэктарам, паступіў на жаданую спецыяльнасць бюджэтнага аддзялення аднаго з універсітэтаў сталіцы… Хачу, каб усё добра было ў дзяцей.
А яшчэ хачу, каб усё добра было, каб наша гаспадарка і надалей развівалася: у людзей была работа, а вытворчыя паказчыкі не стаялі на месцы. 

3. Работа – мой адрэналін. Чалавеку, які толькі адпрацоўвае свой час, напэўна, не растлумачыш, што такое справа жыцця… Я люблю сваю работу. Тым больш, што зараз не трэба ламаць галаву, як адшукаць на заўтра той жа бензін ці штось яшчэ – цяпер іншыя задачы. Галоўнае – на некалькі крокаў наперад усё пралічваць: і маштабныя пакупкі, і дробязі.   

4. Больш за ўсё люблю вясну – пачынаецца сяўба. А літаральна праз два месяцы ўжо бачны вынікі працы –  зелянее рунь… Люблю і восень – у гэту пару грунтоўна можна падвесці вынікі ўсёй работы. А вось перыяд з лістапада па снежань цяжка перажываю – мёртвы сезон, зацішша…

5. Нават і ўяўляць не буду! У мяне, як у дырэктара, часта галава ідзе кругам – што ўжо казаць пра міністра? 
Дарэчы, некалькі месяцаў назад нашу гаспадарку наведваў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Канстанцінавіч Заяц. Мы прыемна пагутарылі. Галоўнае, што ён – чалавек ад зямлі, добра ведае турботы і клопаты вяскоўцаў. Па словах Леаніда Канстанцінавіча, яму спадабалася наша гаспадарка –  гэта адна з лепшых адзнак нашай работы.

Рэгіна Францаўна ШАФРАН, дыспетчар КСУП «Гервяты»:
IMG_2108 Шафран Рэгіна.jpg
1. Я са Смаргоншчыны. Мама працавала ў калгасе, была звеннявой. І часта нам, дзецям, казала: «Вучыцеся добра, каб потым не працавалі так цяжка, як я». Сястра, а потым і я, паступілі ў Ашмянскі тэхнікум на бухгалтара. Размеркавалі мяне ў Лошу. Працавала бухгалтарам у мясцовым калгасе. Тут і замуж выйшла. Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі пераходзіў працаваць у калгас «Радзіма» – і нас з мужам з сабой перацягнуў. У Гервятах таксама працавала бухгалтарам. А трынаццаць гадоў назад, калі дыспетчар выходзіла на заслужаны адпачынак, мяне сюды «сасваталі». (Усміхаецца) 

2. У дзяцінстве марыла хутчэй вырасці! А зараз хачу, каб дзеці і ўнукі былі здаровымі – гэта галоўнае.

3. Раней лічыла, што работа мне не падабаецца. А зараз ўпэўнена на сто працэнтаў: гэта – маё. Уся інфармацыя з палёў і  ферм сцякаецца да мяне, а з лічбамі працаваць трэба вель­мі акуратна. Адзіны мінус прафесіі – практычна няма выхадных, але так працуюць усе работнікі сельскай гаспадаркі: карова ж не будзе галодная, а збажына – не зжатая. 

4. Люблю вясну. Усё абу­джаецца і ажывае пасля зімовага сну. А вось восень не падабаецца: на вуліцы становіцца слатліва, а на душы – маркотна.

5. Цяжка сказаць, што б я змяніла… Напэўна, пастаралася б неяк нарміраваць рабочы дзень сельскіх працаўнікоў. Але як гэта зрабіць, не ведаю. Сельская гаспадарка – адна з самых праблемных і складаных галін народнай гаспадаркі. Тут не тое што запланаваў, пайшоў і зрабіў. Дрэннага надвор’я яшчэ ніхто не адмяняў.



Надзея Вікенцьеўна СЯНЮЦЬ, жывёлавод МТК «Газа» КСУП «Варняны»:
IMG_2146 Сянюць Надзея.jpg

1. Мая дарога да прафесіі была такой, як і ў большасці вяскоўцаў. Пасля заканчэння Варнянскай сярэдняй школы пайшла на свой хлеб. Спачатку працавала ў мясным цэху калгаса імя Чапаева – цяпер гэта КСУП «Варняны», потым, каб быць бліжэй да дому, – тэхнічкай у Гозскай базавай школе. Пасля яе закрыцця вярнулася ў калгас. 

2. У дзяцінстве марыла атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць аграномам. Гэта прафесія мне здавалася самай цікавай і рамантычнай у свеце. Аднак дзіцячыя мары так і засталіся марамі.
Пра што мару зараз? Каб дзеці былі здаровымі і добра склалася іх далейшае жыццё.

3. Працаваць на ферме даво­дзіцца цяжка, але ўсё ж работу сваю люблю. Ды і як можна не любіць жывёл? Тым больш, у мяне такая цягавітая і разумная памочніца – кабыла Машка. За столькі гадоў разумее мяне ад слова. Запрагаю яе раніцай – і на ферму: і ў дождж, і ў снег развозім кармы і салому. Муж Станіслаў, дарэчы, таксама на комплексе працуе – ён аператар па абслугоўванні малочнага абсталявання.
4. Люблю лета: цёпла, хораша, дзень доўгі – сто спраў паспяваю зрабіць. А зімой з цямном выязджаю на работу і з цямном вяртаюся. 

5. Ну і пытаннечка задалі! (Задумваецца) Ведаеце, не жаночая гэта справа – у міністрах хадзіць. Не заўсёды часу хапае са сваімі клопатамі разабрацца – на вёсцы ж, самі ведаеце, колькі турбот: снеданне, абед прыгатаваць, у хаце прыбрацца, усю жыўнасць накарміць – мы трымаем свіней і курэй – і хутчэй на работу… Таму мне не да разважанняў – трэба працаваць. (Развітаўшыся, жанчына ідзе да сваіх цялятак)

Мар’ян Зыгмундавіч КОМАР, загадчык раслінаводчага ўчастка №1 КСУП «Міхалішкі»:
IMG_2131 Комар Марян.jpg

1. Нарадзіўся і ўсё жыццё жыву ў Міхалішках. Агранамічнай адукацыі не маю, тым не менш 22 гады працую загадчыкам участка. Так сталася, што не было чалавека на гэта месца – прызначылі мяне. 

2. Хацеў быць механіза­та­рам, як і большасць маіх сяброў. Да тэхнікі цягнуўся з дзяцінства. Вучыцца нікуды не паступіў, скончыў вадзіцельскія курсы – і пайшоў працаваць у калгас. Нават не верыцца, што ўсё жыццё – на адным месцы.
Я ўжо чатыры месяцы, як на пенсіі. Хочацца, каб моладзь прыходзіла працаваць у сельскую гаспадарку, каб было каму перадаць веды і вопыт. Сёлетні год для ўборкі быў самым складаным за ўвесь час маёй работы, таму мару, каб надвор’е заўсёды спрыяла хлебаробам.

3. Каб не любіў сваю работу, напэўна, не працаваў бы на адным месцы столькі гадоў. (Усміхаецца)

4. У лета асаблівы водар і рытм: у жніўні пачынаецца ўборачная кампанія – і ўсе, пачынаючы ад дырэктара і заканч­ваючы механізатарам, перажываюць за ўраджай. Мяне зразумее той, хто ведае, што такое ўбіраць хлеб, жыць на вёсцы.

5. Такому ніколі не бываць! (Усміхаецца) Але ж марыць – не грэх? 
Калі б я быў мі­ністрам, то, напэўна, падтрымліваў аб­ра­­ны ўрадам і мін­сель­­гасхарчам курс і ім­кнуўся павысіць прэстыж рабочых пра­фесій.

Вікенцій Часлававіч КАЧКАН, даглядчык МТК «Рытань» РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»:
IMG_2143 Качкан Вікенцій.jpg

1. Якім быў мой шлях да прафесіі? У саўгасе – усё жыццё: да арміі працаваў і пасля яе. За сваёй першай машынай ездзіў ажно ў Саранск! Пятнаццаць гадоў праездзіў за баранкай аўтамабіля, наступную дзе­сяцігодку працаваў электрыкам. У 1997 годзе ў Рытані пабудавалі малочна-таварны комплекс і мне прапанавалі перайсці сюды. Я пагадзіўся: усё ж побач з домам. Даглядаю 80 цялушак. Праўда, у мяне яшчэ памочніца ёсць – кабыла Машка.

2. Як і ўсе, у дзяцінстве хацеў стаць механізатарам. Яшчэ ў школе атрымаў правы матацыкліста, потым вывучыўся на шафёра – дзіцячая мара збылася.
Дзеці, дзякаваць богу, выраслі добрыя, талковыя. Сын Павел з сям’ёй жыве ў Рытані, дачка Алена – у Мінску. Жыллём яны забяспечаны. Маю чатырох унукаў. Лепшай жонкі, маці і бабулі, чым мая Ганначка, і не знайсці. Чаго больш хацець?

3. Не падабаецца адзінае: кожны дзень без выхадных і свят, даводзіцца падымацца ў 5.30 гадзін. І летам, і зімой, калі ў вёсцы яшчэ ўсе спяць, запрагаю Машку – едзем на ферму… А работу сваю люблю. Маю дом, машыну, трымаем з жонкай гаспадарку.

4. Канешне, лета люблю, хоць клопатаў хапае, але ж у гэту пару цёпла і сонечна, на рэчку можна выехаць.

5. А што ў сельскай гаспадарцы зменіш? Напэўна, на дзяржаўным узроўні трэба падымаць закупачную цану на тыя ж збожжа і малако, а на мясцовым – рэгуляваць пагалоўе ў залежнасці ад сфарміраванай кармавой базы. Галоўнае, каб кіраўнікі прадпрыемстваў былі гаспадарамі – тады і справы будуць спорыцца.

Юрый Аляксандравіч АДУЛА, старшыня Астравецкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса:
fss.jpg

1. Я выпадкова трапіў у сельскую гаспадарку. У дзяцінстве марыў стаць урачом. Відаць, у лёсу на мяне былі зусім іншыя планы. (Усміхаецца) Звязаць жыццё з юрыспрудэнцыяй мне параіла маці. Вучыцца спачатку было нецікава, складана… Але мне пашанцавала з выкладчыкамі, дзякуючы якім я палюбіў крымінальнае права. Ужо пасля першага курса дакладна ведаў, што хачу працаваць у праваахоўных органах. На той час работа юрысконсульта на прадпрыемстве мне падавалася нуднай.
 Ды нездарма кажуць, што шляхі гасподнія неспавядальныя… Я трапіў на работу ў калгас імя Чапаева. Як я памыляўся, калі думаў, што доўга тут не затрымаюся! Дзякуючы тагачаснаму кіраўніку калгаса Уладзіславу Эдвардавічу Руку – сапраўднаму гаспадару і чалавеку, які без астатку аддаваў сабе справе, – у мяне прапала жаданне змяніць месца работы. Яна была напружаная, але цікавая – з работай юрысконсульта я сумяшчаў абавязкі ідэолага. 
За пятнаццаць гадоў работы ў аграпрамысловым комплексе раёна добра вывучыў «кухню» сельскай гаспадаркі. Гэта складаная галіна, дзе людзі цяжка і часам няўдзячна працуюць.

2. У дзяцінстве марыў пра медыцыну – хацеў дапамагаць людзям. Часткова ўсё збылося: сённяшняя мая работа звязана з абаронай правоў і інтарэсаў работнікаў сельскагаспадарчай галіны.
Цяпер я не мару, а планую сваё жыццё. Самае галоўнае для мяне – гэта сям’я, дабрабыт і камфорт маіх блізкіх. Ужо даводзіцца рэалізоўваць мары дзяцей. (Усміхаецца) Нічога ў свеце не прыносіць такой асалоды, як шчаслівыя вочы дачушкі ці сына.

3. Мне падабаецца тое, чым я займаюся. Не мной сказана, што немалаважным складнікам шчасця з’яўляецца любімая работа. Не разумею людзей, якія мучаюць сябе і займаюцца тым, да чаго не ляжыць душа.
Дзейнасць прафсаюза накіравана на аказанне дапамогі працоўным. На жаль, некаторыя людзі са скепсісам адносяцца да прафсаюзаў, але наша арганізацыя – пасрэднік паміж работнікам і наймальнікам. Мы дапамагаем мірна дамовіцца і знайсці выйсце з канфліктнай сітуацыі ў межах дзеючага заканадаўства. 

4. Люблю лета, цеплыню, сонца. Мне здаецца, што гэтая пара года самая актыўная ў жыцці любога чалавека.

5. Калі ўявіць сябе міністрам сельскай гаспадаркі, то на планы не хопіць цэлай газеты. (Усміхаецца). А калі сур’ёзна, то галоўнае – гэта арыентацыя на інавацыі, пошук новых падыходаў. Вяскоўцы, здаецца, працуюць, займаюцца вытворчасцю малака і збожжа, а калі прыходзіць час атрымліваць зарплату – плакаць хочацца. І пасля гэтага мы хочам, каб моладзь ехала ў сельскую мясцовасць жыць і працаваць? Неабходна мяняць такі падыход. Напэўна, сельскагаспадарчым прадпрыемствам трэба даць больш свабоды – няхай перапрацоўшчыкі ідуць да іх са сваімі прапановамі, а не наадварот.


Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений