Рэдакцыя аб'яўляе навагоднія конкурсы!

11:20 / 22.11.2017
4100
2
Так-так, шаноўныя чытачы, час ужо думаць пра тое, дзе, як, з кім і з чым вы будзеце сустракаць Новы год!
І, каб у вашай цёплай і прыемнай кампаніі на навагоднія святы апынулася «Астравецкая праўда», ды яшчэ і з рознымі сюрпрызамі, трэба паклапаціцца пра гэта загадзя.

Ну, па-першае, не забудзьцеся выпісаць раённую газету на наступны квартал – інакш што вы будзеце рабіць доўгімі зімовымі вечарамі?! Хто вас пацешыць, пасмешыць, а, мо, калі і пазлуе?
А, па-другое, раім прыняць удзел у рэдакцыйных навагодніх конкурсах – адным, некалькіх ці ўсіх адразу. Пагадзіцеся: сустракаць свята з прыемным сюрпрызам больш прыемна, чым без іх!
Такім чынам,

УВАГА: НАВАГОДНІЯ КОНКУРСЫ!

Для дзяцей

Вядома ж, кожнае дзіця незалежна ад узросту мае запаветную мару, пра якую яно, канешне ж, напіша ліст Дзеду Марозу.
У нас ёсць крыху іншая прапанова: намалюйце сваю мару! Праўда, рэдакцыя – не чароўная фея і збыцця гэтай мары не гарантуе – але мы цвёрда абяцаем, што лепшыя малюнкі будуць на­друкаваны ў навагоднім нумары газеты, якую Дзед Мароз, вядома ж, рэгулярна выпісвае (яшчэ б, мы столькі пра яго расказваем!), таму дзіцячыя малюнкі абавязкова трапяцца яму на вочы – і канешне ж, у старога чараўніка проста не хопіць сумлення не выканаць дзіцячыя запаветныя жаданні!
b3f77973-9e26-44b4-b770-7f849b3a5bc3.jpg

Для дарослых

Школьныя ранішнікі, навагод­нія балі, маскарады… Напэўна, яны былі ў жыцці кожнага, нават у тых, каму «пасерабрыла скроні сівізна».
Прапануем вам успомніць свой самы запамінальны навагодні баль – і расказаць пра гэта нашым чытачам. Лепшыя гісторыі будуць надрукаваны – а пераможцы конкурсу, канешне ж, атрымаюць прызы!
du6.jpg

Для ўсёй сям’і

Самае прыемнае баўленне часу зімовымі вечара­мі – вядома ж, пасля калектыўнага чытання «Астравецкай праўды! – які-небудзь агульны занятак. Падазраем, што многія неўзабаве пачнуць рабіць калядныя вяночкі, каб упрыгожыць імі дзверы і сцены сваіх дамоў.
Калі вы падзеліцеся з намі фотаздымкамі калядных вяноч­каў (а можна і імі самімі), то мы абавязкова раскажам пра самых таленавітых майстроў усім сваім чытачам! І абавязкова адзначым лепшых!
a1f2e0b769891aa0297b2e4a94bb38bb.jpg

Фотаконкурс

«Дай лапу, сябар!»
І яшчэ – ледзь не забыліся пра сімвал надыходзячага года, які, як вы ўжо ўсе, напэўна, ведаеце, будзе Годам Сабакі. Каб задобрыць гаспадара года, рэдакцыя аб’яўляе фотаконкурс «Дай лапу, сябар!». І вам таксама прапануем падласціцца да будучага гаспадара – даслаць у рэдакцыю здымкі свайго чацвералапага сябра. Думаем, яму спадабаецца!
Гэты конкурс, у адрозненне ад папярэдніх, будзе больш пра­цяглы: у лістападзе і снежні мы будзем прымаць фотаздымкі сабак – можна з гаспадарамі ці сябрамі, у студзе­ні на сайце пачнецца галасаванне, вынікі якога мы падвядзём напярэдадні надыходу Году Сабакі, які, нагадаем, прыйдзе да нас, у адпаведнасці з усходнім календаром, 16 лютага 2018 года.
new_years_day_1090770_960_720.jpg

Удзельнічайце ў рэдакцыйных конкурсах, перамагайце – і будзем сябраваць і надалей!



Текст: Нина Рыбик
Комментарии
0
Алена Касцюк, в.Малі
Добры дзень, рэдакцыя любімай газеты!
З задавальненнем чытаю кожны нумар "Астравецкай", і вось вырашыла прыняць удзел у навагоднім конкурсе "для дарослых".

Мае равеснікі добра памятаюць, як рыхтаваліся да навагодніх свят… У магазінах тады навагоднія касцюмы не прадаваліся. Усё рабілі сваімі рукамі. Ідэю касцюма выбіралі загадзя, абдумвалі, перабіралі маміны і татавы (а часта і бабуліны) гардэробы. А потым развучвалі, рэпетыравалі ў каго-небудзь дома, каб добра “абараніць” свой касцюм. Стараліся трымаць свае задумкі ў  тайне, каб на свяце прыпаднесці  “сюрпрыз” і здзівіць усіх! Карацей, укладвалі ўсе здольнасці, фантазію, а таксама і душу ў стварэнне касцюма. У нашай школе для вучняў 5-8 класаў праводзіўся ранішнік, а для 9-10 кл баль-маскарад ( старэйшыя вучні расказвалі пра яго,  як пра нешта казачнае).
Самым запамінальным для мяне стала сустрэча 1980 года ( я вучылася ў 8 класе).
Мы, чатыры сяброўкі, мучыліся пытаннем: які арыгінальны касцюм зрабіць??? І тут сястра купіла часопіс “На экранах “Беларусі” . Там расказвалася, што здамаецца фільм “Д’Артаньян і тры мушкецёры” і быў змешчаны невялікі фотоздамак галоўных герояў. Дык гэта ж тое, што нам трэба!!! Праз некалькі дзён былі гатовы касцюмы, як на фота: такія ж накідкі, шляпы з пёрамі, батфорты, шпагі.
Сюрпрыз атрымаўся!!! На ранішніку здзівілі ўсіх. Больш таго, мы аказаліся пераможцамі! Па школьнай традыцыі ўладальнікі лепшага карнавальнага касцюма запрашаюцца на БАЛЬ-МАСКАРАД!!!!!! Вось гэта быў нечаканы навагодні падарунак!
Сапраўднымі героямі мы сябе адчулі пасля зімовых канікул. Бо менавіта ў час канікул па тэлевізары ўпершыню быў паказаны фільм “Д’Артаньян і тры мушкецёры”, які стаў любімым для ўсіх савецкіх людзей. А калі нашу “неразлучную чацвёрку” называлі “мушкецёрамі”, мы дружна адказвалі:”Адзін за ўсіх, усе за аднаго!”


Год Пеўня ўжо на зыходзе, але мне ўсё роўна хочацца расказаць яшчэ адну гісторыю ( хоць для журналіста, хто будзе яе чытаць).
Прыязджаю я неяк да сваёй сяброўкі Лены ў інтэрнат (яна вучылася ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце. На стале ў каробцы ад торта …. куранё!!!???
Аказалася, адзін са студэнтаў пісаў курсавую работу “штосьці пра інкубатары”. Вядома, што “теория мертва без практики живой”. Вось хлопцы і вырашылі праверыць на практыцы. Пад настольную лямпу палажылі яйкі, стварылі неабходныя ўмовы і… праз пэўны час на свет з’явіўся жоўты пісклявы камячок Пеця. Выхаванне Пеці не ўваходзіла ў іх планы, таму даручылі гэта Лене (яна і не супраціўлялася).
Жыў Пеця ў інтэрнаце каля трох тыдняў. Прыходзілі паглядзеці на “цуда” не толькі жыхары інтэрната, але і іх госці. Потым Лена завезла “цуда” да бацькоў. І вырасла з гэтага пісклявага камячка курачка Пятроўна, і несла яна доўгі час яйкі, не залатыя, праўда, а звычайныя.
Имя Цитировать 0
0
Admin
Цитата
Алена Касцюк, в.Малі
Дзякуй за ўдзел у конурсе. Ваша заяўка прынята.
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений