Чалавек года Гродзеншчыны Анатоль Сільвановіч расказвае пра сябе, сваю працу і лёс сялянства

10:10 / 21.11.2017
Сёлета званне «Чалавек года Гродзеншчыны» атрымалі 18 жыхароў вобласці – у тым ліку і ветэрынарны ўрач-гінеколаг МТК «Германішкі» КСУП «Гудагай» Анатоль Ген­рыхавіч Сільвановіч. 
Напярэдадні пра­фе­сій­нага свята Анатоль Генрыхавіч падзяліўся ўс­памінамі пра дзяцінст­ва, расказаў пра шлях да пры­звання і прызнання, разважаў пра прафесію і лёс вёскі.
IMG_2155.jpg

Пра дзяцінства  

Нарадзіўся я ў вёсцы Слабодка. Хто б мог падумаць, што праз нейкіх сорак гадоў яна ўвойдзе ў межы Астраўца? Мы жылі разам з бабуляй і дзядулем. Праз год бацькі набылі хату ў пасёлку Гудагай, і мы пераехалі. Тата працаваў у калгасе «Шлях Леніна», мама – на аптовай базе, светлая ім памяць: абодвух ужо няма на гэтым свеце…

З ранняга дзяцінства мяне цікавілі жывёлы. Хто толькі не жыў на нашым падворку! Куры, кураняты, свінні – у гэтай кампаніі хатняй жыўнасці я і рос. (Усміхаецца) Дзед трымаў каня і часта браў мяне з сабой, калі трэба было падвезці прадукты ў магазін. Па дарозе я не даваў яму спакою: чаму каня трэба запрагаць так, а не інакш? Колькі разоў на дзень яго трэба паіць і карміць? Дзіцячая цікаўнасць не ведала межаў. 

З гадамі стаў заўважаць адну асаблівасць: здольнасці, рысы, характар і нават інтарэсы перадаюцца праз пакаленне, а то і праз некалькі. У дарослым жыцці я, як і дзед, трымаў каня і карыстаўся дзедавымі прыладамі працы, вупражжу. Праўда, зараз апрацоўваю зямлю трактарам. А вось у бацькі  асаблівай цікавасці да жывёлы не было… Як ні балюча гэта прызнаваць, але мае дзеці  наўрад ці будуць працаваць на зямлі. Можа, гэтая невымоўная цяга да ўсяго жывога праявіцца ў наступных пакаленнях?

…Падчас вучобы ў школе мне выпадкова ў рукі трапіла кніга англійскага пісьменніка «О всех созданиях – больших и маленьких», якая перавярнула ўсё маё далейшае жыццё. Гісторыю пра захопленага і адданага сваёй справе ветэрынара я прачытаў на адным дыханні. З таго часу стаў ледзь не самым заўзятым наведвальнікам бібліятэкі: перачытаў усе кнігі пра жывёл. У сучасных дзяцей такія магчымасці: у інтэрнэце можна не толькі прачытаць, але і паглядзець відэа пра любую жывёліну свету… Але мне хапіла і таго.

Пра шлях да прафесіі

Пасля школы вырашыў паступаць у Мінск у сельскагаспадарчы інстытут. Але атрыманая на ўступных экзаменах двойка па матэматыцы адбіла ўсякае жаданне вучыцца далей. Дзякуй бацькам, што адправілі мяне ў Ільянскі тэхнікум. 

Пасля першага курса мяне забралі ў армію. Праз два гады ў тэхнікум вярнуўся зусім іншым чалавекам: адказным і больш дысцыплінаваным. Хоць, па шчы­расці, ніколі моцна не шко­дзіў і не свавольнічаў. 

Вытворчую практыку праходзіў на радзіме – у калгасе «Шлях Леніна». За яе па тым часе нядрэнна плацілі. Пасля вучобы – у 1995 годзе – прыйшоў працаваць у родны калгас і да гэтага часу тут працую. 

Добра запомніў свой першы працоўны дзень. Прыйшоў на работу і цікаўлюся ў фельчара, што рабіць. Ён здзіўлена паглядзеў на мяне, усміхнуўся і сказаў – як адрэзаў: «Дыплом маеш – вось і працуй, а не пытанні задавай». З гэтага моманту пачалася мая дарога ў прафесію. Я бязмежна ўдзячны людзям, якія былі побач са мной, падтрымлівалі словам і парадай, давяралі і верылі ў мяне, маладога спецыяліста, – тагачаснаму старшыні калгаса Мечыславу Аляксандравічу Валуевічу і ветэрынарнаму фельчару Генадзю Канстанцінавічу Літвіновічу.  

Калі пачынаў працаваць на ферме, надой ад каровы складаў 3 200 – 3 300 кілаграмаў за год. Цяпер адна рагуля на комплексе дае пад 9,5 тысяч літраў малака. Шмат думаў пра гэта: па сутнасці, людзі працавалі аднолькава раней і зараз – а вынік адрозніваецца кардынальна! Чаму дваццаць-трыццаць гадоў назад гэтага нельга было зрабіць? У чым тут сакрэт? Знайшоў для сябе толькі адзін адказ, які пацвярджаецца на прыкладзе нашага комплексу: за кошт тэхналогіі, племяннога ўлівання прадуктыўнасць жывёлы павысілася ў некалькі разоў. Хоць гэты шлях да так званых вялікіх надояў быў не зусім прос­ты…

IMG_2153.jpg

Пра работу

Ці люблю я сваю работу? (Задумваецца) Напэўна, так. Першы час жонка сварылася, што цэлымі днямі дома не спатыкаюся, а пасля змірылася і прывыкла. 
На МТК «Германішкі» працую з першага дня яго ўтварэння – і за гэтыя восем гадоў  практычна не было ніводнага выхаднога. У адпачынак хоць не ідзі! Не люблю вялікіх перапынкаў: пасля іх на комплексе пачынаюць падаць паказчыкі па асемяненні і лячэнні. 
Зараз надой ад каровы складае 25 кілаграмаў. Часам задумваюся: што не дае іншым комплексам падцягнуцца да гэтай лічбы?

Асемяненне і кармленне ўсюды аднолькавае. Кадры? Не думаю. што на іншых фермах і комплексах горшыя спецыялісты. Магчыма,  прычына хаваецца ў адносінах да работы?
Не адразу наш комплекс стаў такім, як зараз. Ад каровы за дзень атрымлівалі ў лепшым выпадку каля 15 кілаграмаў малака. Гэта, вядома ж, не задавальняла – ад вытворчасці малака залежыць і зарплата. Патрэбна было нарошчваць аб’ёмы, не забываючы пры гэтым пра якасць.

Як мы гэта зрабілі? Па-першае, спачатку зменшылі пагалоўе за кошт выбракоўкі дэфектных жывёл – у асноўным са скрытым мастытам. Потым на комплекс завезлі новых рагуль. Пачалі нараджацца  цяляты. Іх захаванасць даходзіла да 100 працэнтаў. Неўзабаве комплекс стаў з закрытым цыклам: малочных кароў мы гадуем самі. 

У той пераходны год пагалоўе настолькі зменшылася, што мы не выйшлі на прагназуемыя вынікі. Складана паверыць, аднак  літаральна праз год цалкам аднавілі пагалоўе. І якасць малака змянілася. Варта было патрываць толькі год, каб выйсці на зусім іншы ўзровень работы. 

Мяжы дасканаласці няма. Наш комплекс працуе яшчэ не на поўную магутнасць – ёсць рэсурсы развівацца далей.
Лічу, што патэнцыял ёсць і ў невялікіх ферм. Калі будзе дакладна наладжана тэхналогія кармлення, калі малочна-таварныя фермы падцягнуцца – можа, тады КСУП «Гудагай» зойме першае месца ў рэспубліцы па вытворчасці малака? (Усмі­хаецца) Не трэба спыняцца на дасягнутым, варта імкнуцца да большага – і працаваць.

Пра сакрэты майстэрства

Магчыма, скажу банальную рэч, але прафесіяналізм і ў жывё­лагадоўлі, і ў любой іншай справе, пачынаецца з любові. Калі чалавеку не міла тое, чым ён займаецца, то і свет будзе нялюбы. 

Некаторыя палохаюць начальства тым, што звольняцца, ствараюць  праблемы на пустым месцы. Прафесіяналы так не робяць. Калі чалавеку нешта не падабаецца, ён мяняе сітуацыю, якая яго не задавальняе, ці свае адносіны да таго, што адбываецца.
Я вучыўся 22 гады назад, але працягваю сачыць за навінкамі ў ветэрынарыі і тэхналогіях жывё­ла­гадоўлі. Без прафесій­нага самаўдасканалення сёння ў нашай галіне немагчыма працаваць.

Што галоўнае ў рабоце ветэрынарнага ўрача-гінеколага? На комплексах часта каровы ўспрымаюцца як расходны матэрыял – а гэта няправільна. Чалавек павінен ставіць сябе на месца жывёлы, каб адчуваць яе і своечасова заўважаць фізіялагічныя змяненні яе стану. Але да гэтага разумення трэба дарасці. 

Я ўспамінаю мудрыя парады выкладчыка гінекалогіі, які дзяліў­ся з намі сваімі сакрэтамі майстэрства. Можна медыкаментозна пада­гнаць карову пад патрэбныя тэрміны ахвоты. А можна падрыхтаваць карову, каб яна вынасіла здаровае цялятка. Не трэба ісці супраць прыроды. Арганізм жывёлы самастойна рэгулюе працэсы. Роля чалавека – дапамагаць, а не шкодзіць. Гэтага прынцыпу і прытрымліваюся ў рабоце.

Пры інтэнсіўных тэхналогіях за 2-3 гады з каровы можна выцягнуць усе рэсурсы, а трэба больш беражліва адносіцца да жывёлы – і яна будзе даваць малако 5-6 гадоў. 

У нашай прафесіі  трэба ўмець назіраць, прыкмячаць дробязі і змяненні: вопытны ветэрынар па вымені ці форме саскоў усё раскажа пра карову.


Пра прызнанне

Мне, як і кожнаму чалавеку, несумненна, прыемна, што знаходжуся на добрым рахунку ў кіраўніцтва нашага сельгаспрадпрыемства і раёна.
Летась на «Дажынках» атрымаў Падзячнае пісьмо ад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Заяца. Калі мой партрэт з’явіўся на раённай Дошцы гонару, некаторыя цікавіліся: шмат заплацілі? Колькі жыву, а ўсё ніяк не магу зразумець, чаму для некаторых усё на свеце вымяраецца ў грашах?

Тое, што МТК «Германішкі» адзін з лепшых комплексаў у Гродзенскай вобласці, – заслуга калектыву, кожнага яго працаўніка. 
За гэты час я так прывык да людзей, якія працуюць са мной на комплексе, што на іншым месцы сябе проста не ўяўляю. І людзі мяне паважаюць. Каб з маладога «салагі», на якога некалі глядзелі з недаверам: «ці зможа? ці ўмее?» , вырасці да Анатоля Генрыхавіча – трэба было пастарацца…

Навіна пра тое, што я прызнаны чалавекам года Гродзеншчыны агаломшыла мяне. 
Дзесьці ў маі мінулага года заходжу ў бухгалтэрыю, а дзяўчаты кажуць: «Генрыхавіч, вас намінаваць будуць!» Падумаў, што жартуюць: я – і намінацыя, гэта немагчыма. Таму адразу выкінуў з галавы тую размову. За пяць дзён да Дня Незалежнасці тэлефануе шэф: «Трэцяга ліпеня едзеш у Гродна. Віншую, Генрыхавіч, з узнагародай». І адключыўся. 

Толькі ў Гродна я ўсвядоміў значнасць усёй падзеі. Ва ўрачыстай абстаноўцы губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў уручаў узнагароды. Побач са мной стаяў знакаміты спартсмен Іван Ціхан.  Вось ён – дакладна годны называцца чалавекам года Гродзеншчыны. 
А я да гэтага часу не магу зразумець: чаму менавіта я? У маім разуменні чалавек года – амаль што Гагарын.

IMG_2158.jpg

Пра сям’ю, аддушыну і мары

З жонкай Ядвігай пазнаёміліся на вяселлі суседа. Праз паўгода ажаніліся. Вяселле было ў снежні. Мароз ціснуў пад трыццаць градусаў – і ніхто не захварэў. Здаравейшымі раней людзі былі.

Разам з Ядзяй выгадавалі траіх дзяцей: сыноў Мікалая і Дзмітрыя і дачушку Маргарыту. Мая сям’я прывыкла, што я працую без выхадных – нават ноччу, калі трэба, магу паехаць на комплекс. 

Люблю корпацца ў тэхніцы. Зімой увесь вольны час прападаў ў гаражы –  затое маю самаробныя саджалку і культыватар. Праўда, трэба было папацець і ў інтэрнэце пасядзець, каб знайсці патрэбную інфармацыю. Затое цяпер гадзін за дзесяць заса­джваю гектар зямлі.

Чым я толькі не займаўся! І птушкагадоўляй, і пчалаводствам. Ніводнага саджанца не купіў: кожную дзічку сам прышчапляў. І дом уласнымі рукам пабудаваў…

Пра што мару? Калі б не пра­цаваў у сельскай гаспадарцы, то займаўся б фермерствам – вядома ж,  жывёлагадоўляй. Хацеў бы мець ферму закрытага тыпу. Але мары так і застануцца марамі. Працаваць я люблю – а прадаваць зусім не ўмею. Мне ўжо 45 гадоў – позна нешта мяняць.  

У мяне аднаго на ўсю вуліцу Табарышкі дзве каровы. І без зямлі я не магу. Працую на ўчастку – і душой адпачываю. Цяпер мала хто трымае падсобную гаспадарку, і нават ад агародаў пакрысе адмаўляюцца… Баліць душа, што па-жывому рвецца пупавіна, якая злучала з зямлёй. Але я ўсё цешу сябе надзеяй, што рана ці позна ўсё вернецца на кругі свае: і калі не нашы дзеці, то ўнукі адчуюць забытую бацькамі цягу да зямлі і ўсяго жывога… 


Текст:
Фото: Алена Гануліч