Астраўчане ў Свіслачы: на іншых паглядзелі, сябе паказалі, узнагароды атрымалі

13:19 / 18.11.2017
6635

У мінулую суботу ў Свіслачы прайшоў абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі”, на якім быў годна прадстаўлены Астравецкі раён.

IMG_5483.jpg

Уся Свіслач у мінулую суботу ператварылася ў адну агульную святочную пляцоўку, дзе кожны жадаючы, ад малога да старога, ад герояў мінулага жніва да жадаючых нечага прыкупіць з нагоды, мог знайсці для сябе і хлеб, і відовішчы.

Кожны раён прадставіў на фестывалі-кірмашы свой панадворак, на якім спрабаваў здзівіць гасцей афармленнем, праграмай, стравамі нацыянальнай кухні. Астраўчанам гэта ўдалося ў поўнай меры: наш панадворак ператварыўся ў адну суцэльную фотазону: многія хацелі сфатаграфавацца з дзябёлай маладзіцай, якая запрашала на свята; сапраўднымі фотазоркамі сталі зробленыя з сена дзікі, што ласаваліся адборнай бульбай; на многіх фотаапаратах і смартфонах засталіся выявы саламянага зубра і коніка,  астравецкай самаробнай кнігі і зробленых з сена ката і мышэй, драўлянай лавы – пералічваць можна доўга.

IMG_5446.jpg

IMG_5452.jpg

IMG_5442.jpg

IMG_5439.jpg

Ну і стравы нацыянальнай кухні не пакаштаваць было немагчыма. Яшчэ б: кішка, цэпеліны, дранікі з мясам і іншае смакоцце у выкананні слыннага повара з Варнян Галіны Грабоўскай самага заўзятага прыхільніка правільнага харчавання прымусяць забыцца пра ўсе дыеты і іншыя навамодныя прыдумкі і ўзгадаць, што адна з найбольшых асалод са старажытных часоў і да нашых дзён – смачная ежа.

IMG_5454.jpg

Парадавалі і майстры цэнтра рамёстваў: як заўсёды, тут было чаму падзівіцца, чым захапіцца, а пры жаданні – і чаму павучыцца.

Тым часам на сцэнічнай пляцоўцы няспынна ішоў канцэрт лепшых калектываў вобласці. Сваю “хвіліну славы”, і нават не адну, “злавіў” і астравецкі “Світанак”.

І ўсё ж галоўнымі героямі на гэтым свяце свята былі, безумоўна ж, працаўнікі сельскай гаспадаркі – хлебаробы, жывёлаводы, спецыялісты, кіраўнікі гаспадарак, ветэраны працы, якія ўрачыстым шэсцем, са сцягам роднага горада, з прыгожым дажыначным снапом і важкім караваем з мукі новага ўраджаю прайшлі па вуліцах Свіслачы.

--Лёгкага хлеба не бывае, -- сказаў, віншуючы працаўнікоў сельскай гаспадаркі з прафесійным святам, старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў. – Але мы змаглі выканаць увесь запланаваны аб’ём сельскагаспадарчых работ і атрымаць дастойны вынік.

 Губернатар цёпла павіншаваў пераможцаў абласнога спаборніцтва і ўручыў ім заваяваныя напружанай працай узнагароды.

IMG_5550.jpg

IMG_5552.jpg

IMG_5541.jpg

IMG_5562.jpg

Але адзнакі за важкія працоўныя дасягненні ў той дзень атрымалі не толькі тыя, хто дасягнуў найвышэйшых паказчыкаў ў сельскагаспадарчай вытворчасці – сярод іх, вядома ж, найперш фігуравалі Гродзенскі, Бераставіцкі і Свіслацкі раёны. Адзнаку за старанную і плённую працу атрымалі прадстаўнікі усіх раёнаў, у тым ліку – і астраўчане: загадчыца комплекса “Рымдзюны” КСУП “Гервяты” Любоў Шапура, свінавод КСУП “Варняны” Маргарыта Сцяшанава; дырэктар РУП “Саўгас “Падольскі” Аляксандр Шчука, ветэран сельгасвытворчасці Наталля Волк-Леановіч.

-На гродзенскай зямлі працуюць цудоўныя працалюбівыя людзі, спецыялісты, майстры сваёй справы, якія звязалі свой лёс з самай складанай галіной народнагаспадарчага комплексу – сельскай гаспадаркай. За вашы вынікі, асабісты ўклад, гераічную працу, уклад у агульны каравай краіны – вялізны вам дзякуй, -- сказаў, вітаючы лепшых працаўнікоў Гродзеншчыны, міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц.

Словы віншаванняў у дапаўненне да важкіх узнагарод гучалі ў той дзень ад міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка, старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігара Жука, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый – “Белая Русь”, БРСМ, рэспубліканскага і абласнога прафсаюзаў.

А цудоўныя песні і танцы у выкананні лепшых калектываў і салістаў вобласці і краіны сталі цудоўным дадаткам да цёплых віншаванняў і важкіх узнагарод.

У наступным годзе фестываль-кірмаш “Дажынкі” перамесціцца бліжэй да нас: эстафету свята прыняў старшыня Іўеўскага райвыканкама.

IMG_5445.jpg

Што ж, будзем працаваць -- і старацца, каб у наступным годзе сярод узнагароджаных было яшчэ больш нашых землякоў.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений