Новогрудские удивления и впечатления: ветряные энергоустановки, прибыльный мусор, скромный «магнат», чертовски красивая агроусадьба…

14:33 / 23.10.2017
Кожны раз прэс-канферэнцыя губернатара праходзіць у адным з раёнаў Гродзенскай вобласці – і гэта дае магчымасць журналістам пазнаёміцца з самымі цікавымі і адметнымі мясцінамі і людзьмі Прынёмання, а затым – пазнаёміць з імі сваіх чытачоў.

Збіраючыся ў Навагрудак, мы з калегамі стараліся прадугадаць, чым нас будуць здзіўляць у гэтым багатым на гісторыю краі. Замкавая гара, якая памятае часы, калі Навагрудак быў сталіцай Вялікага княства Літоўскага? Мясціны, звязаныя з памяццю польскага і беларускага паэта Адама Міцкевіча? Трагічныя і гераічныя старонкі яўрэйскага гета?

Усе гэтыя добра вядомыя звесткі пра Навагрудак і яго ваколіцы так ці інакш усплывалі падчас паездак па раёну. Але тэма, якая была азначана ў якасці асноўнай пры знаёмстве з Навагрудчынай, гучала як “Інвестыцыйная дзейнасць і развіццё прыватнай ініцыятывы ў Навагрудскім раёне” – смела, нечакана, цікава. Як аказалася пазней, яшчэ і вельмі пазнавальна.

“Зялёная” энергетыка

Скажыце, з чым, акрамя багатай гісторыі, асацыіруецца ў вас Навагрудчына – прынамсі, знешне?
Думаю, кожны ўзгадае перш за ўсё шматлікія горы і ўзгоркі. А ў апошні час тыя, хто бывае ў раёне рэгулярна, хоць бы праездам, скажа яшчэ і пра ветракі – не самае пакуль звыклае “аздабленне” беларускіх пейзажаў. І гэтыя асаблівасці цесна ўзаемазвязаны: Навагрудскі раён – самы “высакагорны” ў Беларусі, вышэйшая яго кропка знаходзіцца на ўзроўні 323 метры над узроўнем Балтыйскага мора. А на вышыні, як вядома, “дзьме” нашмат мацней, чым у даліне, і сілу ў ветру лепш забіраць там, дзе яе, той сілы, шмат.

Штодня ляніва ці больш энергічна – у залежнасці ад таго, наколькі ветраным выдаўся дзень – размахваюць сваімі вялізнымі рукамі-крыламі, выклікаючы на ўмоўны бой тых, хто не верыць, што ў Беларусі не проста магчыма, але і выгадна забіраць энергію ў ветру, 14 ветраных энергаўстановак – дарэчы сказаць, што ва ўсёй тэрыторыі Беларусі іх каля пяцідзесяці. Прычым большая частка гэтых ветракоў – восем – належаць прыватным інвестарам, шэсць – “Гроднаэнерга”. І да канца гэтага года і ў наступным тут плануюць пабудаваць яшчэ 7 ветраўстановак.

Значыць, выгадна?
– Так, – пагаджаецца Віктар Станіслававіч Цітуцін – інвестар, які нядаўна ўвёў у эксплуатацыю самы вялікі ў Беларусі вятрак магутнасцю 3,3 мегавата. – Нават пры тым, што 30 працэнтаў выпрацаванай электраэнергіі мы аддаём дзяржаве.

Тут трэба патлумачыць недасведчаным. Электраэнергія, якая выпрацоўваецца ветраўстаноўкамі – зрэшты, як і любая іншая, – “тавар” своеасаблівы: яго не пакладзеш на склад і не падзеліш потым: гэта – табе, а гэта – мне. Яна паступае ў агульную энергасістэму краіны, а потым ужо вытворца – у нашым выпадку прыватны інвестар – атрымлівае яе кошт. 

Падазраю, што праціўнікі развіцця атамнай энергетыкі зараз хорам усклікнуць: вось бачыце, можна ж атрымліваць і “зялёную” энергію, не абавязкова будаваць АЭС!

Так, можна – і наша дзяржава ніколі не адмаўлялася ад развіцця аднаўляемых крыніц энергіі. Тым больш, калі грошы на гэта даюць інвестары: у тым жа Навагрудскім раёне на будаўніцтва ветраўстановак і сонечнай электрастанцыі прыцягнута 22,7 мільёна долараў прыватных інвестыцый.

Але… Давайце палічым, як кажуць, “на пальцах”. Агульная магутнасць дзеючых на тэрыторыі Навагрудскага раёна ветраэнергаўстановак складае 20,15 мегават – магутнасць двух энергаблокаў атамнай элетрастанцыі 2 400 мегават. Ветраныя энергаўстаноўкі могуць забяспечыць прыкладна трэць патрэб у электраэнергіі насельніцтва Навагрудчыны – Беларуская АЭС пасля ўводу ў эксплуатацыю будзе выпрацоўваць трэцюю частку электраэнергіі, якая спажываецца ў Беларусі.

Што называецца, адчуйце розніцу…

Адходы – у даходы!

Збору і перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў цяпер надаецца асаблівая ўвага – нарэшце і ў нас зразумелі, што адходы замест таго, каб забруджваць навакольнае асяроддзе, могуць стаць крыніцай даходаў.

Але зразумець – гэта адно. А вось як “выцягнуць” з агульнай кучы смецця тое, што можа і павінна стаць сыравінай для далейшай перапрацоўкі – іншае, гэта – цэлая тэхналогія. З ёй і пазнаёмілі журналістаў на станцыі сартыроўкі другаснай сыравіны у вёсцы Бярдзянка Навагрудскага раёна.

IMG_20171012_104410.jpg

Гэтая сучасная высопрадукцыйная станцыя магутнасцю 5 тысяч тон была пабудавана ў рамках рэалізацыі праекта “Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Амаль 400 тысяч рублёў на яго рэалізацыю выдзеліў замежны інвестар: за яго грошы было закуплена 200 кантэйнераў, 2 шматфунцыянальныя смеццевозы з гідраманіпулятарамі на базе аўтамабіля MAN, якія выкарыстоўваюцца для асобнага збору смецця, прэс, аўтапагрузчык. Свае грошы ўклалі і раённы бюджэт, і раённае ЖКГ: былі пабудаваны неабходныя памяшканні, прыведзена ў парадак тэрыторыя.

Зараз работа з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў Навагрудскім раёне пастаўлена на паток і ўведзена ў сістэму. Прыгожыя рознакаляровыя кантэйнеры на 56 гарадскіх пляцоўках – гэта толькі адзін складальнік. Паперу, пластык, шкло ў насельніцтва закупляюць не толькі ў стацыянарных прыёмных пунктах, але і ў перасоўных, якія па графіку аб’язджаюць раён. На станцыі “Бярдзянка” рассартыраванае смецце трапляе на канвеер – і затым прасуецца: папера, пэт-бутэлькі, пластык.

– Вага такога цюка ў два разы большая, чым калі б мы перавозілі ўсё гэта “навалам”, – расказвае дырэктар РУП ЖКГ Мікалай Віктаравіч Вараноўскі. – У выніку мы эканомім яшчэ і на транспартных расходах, бо возім сыравіну, а не паветра.

Але пакуль што не ўсе бытавыя адходы праходзяць праз станцыю сартыроўкі другаснай сыравіны: тыя, што збіраюцца, як і раней, у адзін кантэйнер, адвозяцца на палігоны цвёрдых бытавых адходаў – хоць такіх з кожным годам становіцца ўсё менш: за перыяд дзейнасці станцыі сартыроўкі другаснай сыравіны закрыта пяць міні-палігонаў.

На самым буйным з іх, гарадскім, працуе брыгада з сямі чалавек, якая займаецца не самай чыстай, але вельмі карыснай для грамадства работай: выманнем гэтых самых другасных матэрыяльных рэсурсаў з агульнай кучы смецця. І хоць кантынгент з-за спецыфікі работы там своеасаблівы, да таго ж  зарплату рабочыя атрымліваюць дзень у дзень, за сваё працоўнае месца, па словах дырэктара ЖКГ, яны трымаюцца.

Узнікае заканамернае пытанне: ну рассартыравалі смецце, спрасавалі – і што далей?

Пакуль што “далей” – гэта пастаўка яго аператарам другасных матэрыльных рэсурсаў. Але ёсць на гэты конт у раёне і іншыя планы: пададзена заяўка на ўдзел у чарговым праекце, які фінансуецца Еўрасаюзам. У выпадку яго падтрымкі – а гэта вельмі верагодна – будзе наладжана вытворчасць палімерна-пясчанай пліткі і іншых патрэбных вырабаў. 

А каб сыравіны было больш, дзейнасць праекта пашыраецца і на суседнія раёны – Дзятлаўскі і Карэліцкі.

Так што не такая ўжо і бескарысная рэч – бытавое смецце. Асабліва калі падысці да яго па-гаспадарску…

Як навагрудскі прадпрымальнік перамог “Еўраопт”

Прыватны бізнес у Навагрудскім раёне развіваецца дынамічна: дастаткова сказаць, што, па словах першага намесніка старшыні райвыканкама Алена Леанідаўна Селевіч, падаткі ад яго дзейнасці на 20 працэнтаў фарміруюць раённы бюджэт. І не без здзіўлення мы даведаліся, што 17 працэнтаў агульнага тавараабароту раёна прыпадае на гандлёвыя аб’екты Юрыя Юр’евіча Радзішэўскага.

Журналісты пазнаёміліся з “навагрудскім магнатам” і наведалі яго новы гандлёвы цэнтр HOLIDAY, які рыхтаваўся з дня на дзень прыняць пакупнікоў: ішла ўстаноўка абсталявання. Скажу без перабольшання: такі гандлёвы цэнтр – гэта ўжо ўзровень сталіцы, а то і заходнееўрапейскіх гарадоў. Тут адкрыюць свае магазіны многія папулярныя гандлёвыя сеткі – “Марка”, “5 элемент” і іншыя. Тут чакае наведвальнікаў прыгожае, стыльна аформленае дзіцячае кафэ – зрэшты, і дарослыя змогуць перакусіць – і шыкоўны гульнявы пакой для малышоў, каб мамы маглі спакойна займацца шопінгам. Словам, усё як у людзей! Нават не верыцца, што ўсё гэта – у невялікім гарадку, што прадпрымальнік укладвае ў будаўніцтва цэнтра прыватныя інвестыцыі і прынцыпова не карыстаецца крэдытамі, бо лічыць, што яны – самы надзейны і кароткі шлях да банкруцтва.

IMG_20171012_133952.jpg

Дзіцячае кафэ ў новым гандлёвым цэнтры


Пры бліжэйшым знаёмстве “навагрудскі магнат” аказаўся вельмі сціплым, нават сарамлівым чалавекам. Расказаў, што гэты бізнес – іх сямейная справа, працуюць у ім ужо тры пакаленні. Пачынаў, як і ўсе, у “ліхія 90-ыя”, з “шоп-тураў” на Польшчу, салодкай ваты, “марсаў”-“снікерсаў”. Але далёка не ўсе, хто вазіў тады ў суседнюю краіну ўсё, што можна і чаго нельга, а адтуль цягнуў удвая больш, сёння будуюць такія гандлёвыя цэнтры.

– Ну, 25 гадоў, – вінавата развёў рукамі Юрый Юр’евіч. – Мы паціху, дробнымі крокамі…

Мне цяжка ацаніць, дробны ці шырокі крок – адкрыццё гандлёвага цэнтра HOLIDAY, але што ён – не адзіны, што рух, развіццё – пастаянныя спадрожнікі бізнесу Радзішэўскіх – зрэшты, як і любога іншага, можа сведчыць хоць бы тое, што ў “распрацоўцы” ў іх яшчэ некалькі буйных аб’ектаў і праектаў.

У прыватнасці, у 2015 годзе Юрый Юр’евіч прымусіў гаварыць пра сябе ўвесь горад, калі перамог на аўкцыёне знакаміты “Еўраопт”, і набыў за кошт, які ў 9 разоў перавышаў першапачатковы, участак пад будаўніцтва супермаркета гандёвай плошчай 1 000 квадратных метраў. Ці калі выкупіў напаўразбураны адміністрацыйны будынак МПМК, у якім некалі пачынаў працаваць яго бацька: у 2019 годзе там будзе адрыты гасцінічна-ганлёвы цэнтр.

У марах “навагрудскага магната” – стварэнне ўласнай гандлёвай сеткі: хоць, па сутнасці, яна ўжо створана – і выхад у іншыя раёны Гродзеншчыны. Так што не здзіўлюся, калі неўзабаве магазіны Юрыя Юр’евіча Радзішэўскага з’явяцца і ў нас.

Прыгожая і дзіўная бессэнсоўнасць...

Думаю, што многім, кіруючыся на Навагрудак ці далей па трасе, даводзілася праязджаць міма сядзібы з запамінальнай назвай Літоўка. Ну не маглі вы не звярнуць увагі на крыты чаротам, мастацка аздоблены аўтобусны прыпынак, на каваны мосцік цераз рэчку-“пераплюйку”, незвычайны дом і сядзібу на ўзвышшы.. Але большасці, падазраю, усё ж не хапіла часу ці жадання, каб спыніцца і пацікавіцца: што ж гэта за месца такое незвычайнае?

Аграсядзіба гэтая і на самой справе незвычайная. Хоць мінула ўжо больш за тыдзень пасля журналісцкага дэсанту ў вотчыну Сяргея Міхайлавіча Коваля, больш вядомага ў Навагрудку па мянушцы Француз – у яго магазіны стыльнага і недарагога адзення раней, кажуць, было цэлае паломніцтва з усёй Беларусі, але дакладана сфармуляваць свае адносіны да ўбачанага я так і не змагла.

З аднаго боку, безумоўна ж, прыгожа, арыгінальны, цікава. 

З другога – не ведаю, як адносіцца да спальні, аздобленай у стылі фільма жахаў ці камеры катаванняў; да своеасаблівага пакоя ў стылі вар’яцкага дома з мяккімі сценамі, столяй, падлогай; да будкі сабакі Бонкі, аснашчанай антэнай-талеркай, да агароджы, зробленай з элементаў “вечнага рухавіка”... І гэтак далей, і таму падобнае: раскрыўшы пры ўваходзе ад здзіўлення рот, не закрыеш яго, пакуль не выйдзеш за вароты. Зрэшты, гаспадар нас адразу папярэдзіў: не шукайце сэнсу – яго тут няма.

IMG_20171012_130404.jpg

На аграсядзібе “Літоўка”


Словам, калі вы не былі на гэтай аграсядзібе, я раю вам туды наведацца – хоць бы для таго, каб займець уласнае меркаванне пра гэтае дзіўнае месца. Тым больш, што гаспадар прымае гасцей абсалютна бясплатна – гэта значыць, дарма! А на заканамерныя пытанні цікаўных барзапісцаў “Адкуль грошы?” яго кампаньён, Карміцель ласёў і аленяў – так, ва ўсякім выпадку, нам яго прадставілі – нязменна адказваў: “Ад лясной феі”.

Калі ж вас цікавяць больш канкрэтныя і зразумелыя рэчы, то гэтыя мясціны знакамітыя не толькі дзівацтвамі гаспадара аграсядзібы. На возеры Літоўка адбываліся падзеі прыгожай і рамантычнай паэмы Адама Міцкевіча “Гражына”. Тут падчас здымак кінафільма “Сыны ідуць у бой” два тыдні жылі на сенавале Уладзімір Высоцкі з Марынай Уладзі – відаць, у гасцінічным нумары ў Навагрудку, дзе яны начавалі некалькі разоў, ім было не там смачна і цікава. Тут, на Літоўцы, кожнае летам ладзяцца фестывалі бардаўскай песні, прысвечаныя Высоцкаму – калі хто збярэцца паехаць, то майце на ўвазе: я таксама вялікая прыхільніца творчасці Уладзіміра Сямёнавіча...

Словам, Навагрудку і навагрудчанам у чарговы раз удалося здзівіць журналістаў – і прымусіць іх планаваць новыя прафесійныя і культурна-асветніцка-турыстычныя “вылазкі”. Паедзем-паглядзім?


Текст: Нина Рыбик