Як увасобіць мару ў жыццё і адкрыць сваю справу, ведае жыхарка Тракель Людміла Стручко

10:42 / 23.10.2017
Школа сельскага бізнесу, у якой займаюцца пачынаючыя бізнесмены з Астравецкага, Пастаўскага, Смаргонскага, Мядзельскага раёнаў, выпусціла сваіх першых слухачоў. 

Напрыканцы верасня ў вёсцы Камарова дванаццаць чалавек, чатыры з якіх – нашы землякі –   абаранялі бізнес-планы, падрыхтаваныя падчас вучобы ў Школе, і дзяліліся задумамі па іх рэалізацыі. У кожнага з удзельнікаў было толькі некалькі хвілін, каб пераканаць членаў журы, што менавіта іх праект – самы жыццяздольны і заслугоўвае фінансавай падтрымкі. Зрабіць гэта змаглі толькі чатыры чалавекі, у тым ліку і наша зямлячка, жыхарка вёскі Тракелі Людміла Стручко, якая атрымала грант на развіццё ўласнай справы. 

sdewqe.jpg



Мы папрасілі расказаць, што ёй дало навучанне ў Школе сельскага бізнесу і падзяліцца планамі на будучыню.

– Людміла, чаму вы вырашылі  адкрыць уласную справу? Маючы багаты працоўны вопыт, не кожны рашыцца на такі, як мне здаецца, рызыкоўны крок.

–  Упэўнена, што адкрыць сваю справу можна ў любым узросце. Па натуры я – камунікабельная і адкрытая. Больш за трыццаць гадоў адпрацавала ў сельсаветах Смаргонскага раёна, таму, можна сказаць, я ўсё жыццё з людзьмі. 
Аднаго разу задумалася: чым буду займацца, калі пайду на заслужаны адпачынак? І нарадзілася ідэя ўвасобіць мару юнацтва: ствараць для сябе і людзей прыгожае адзенне. У мяне ёсць патрэбная адукацыя, жаданне, не хапала толькі фінансавай і юрыдычнай падтрымкі. Калі даведалася пра Школу сельскага бізнесу, без роздуму адправіла заяўку.

– Што вам дало навучанне?

–  З намі працавала прафесійная каманда трэнераў і экспертаў, у тым ліку міжнародных. Заняткі і стасункі з імі дапамаглі выбудаваць мадэль майго бізнес-плана, які ў выніку і стаў адным з пераможцаў конкурсу, а таксама стаць фінансава граматнай у вядзенні бізнесу.

sdfsf.jpg

– Раскажыце пра свой праект. 

– Стыльна і прыгожа выглядаць хочуць не толькі гараджане, але і вяскоўцы. Я планую стварыць у Тракелях швейную майстэрню па арганізацыі індывідуальнага дызайнерскага рамонту, крэатыўнага абнаўлення і рэканструкцыі адзення для актыўнага культурна-дзелавога ладу жыцця сельскага насельніцтва. 
Таксама мару рэалізаваць ідэю ўпрыгожання       адзення нацыянальнымі матывамі: беларускай вышыванкай і традыцыйнымі літоўскімі арнаментамі. У маёй майстэрні таксама можна будзе перашыць ці падагнаць рэчы з так званага бабулінага куфра. 

– На што выкарыстаеце грант і калі плануеце адкрыць майстэрню?

– Грант планую выкарыстаць на набыццё швейнага і гладзільнага абсталявання, розных швейных аксесуараў. Пачатак рэалізацыі бізнес-плана залежыць ад падпісання дакументаў. Думаю, што майстэрня адчыніцца для кліентаў ужо ў 2018 годзе.
Я разумею, што наўрад ці атрымаецца мець вялікі даход з пашыву і рэканструкцыі адзення. Аднак дакладна ведаю, што буду займацца любімай справай, якая да таго ж будзе прыносіць людзям карысць. 

– Дзякуй вялікі, Людміла! Няхай задуманае абавязкова спраўдзіцца!



Текст: