Сустракалі доўгачаканых гасцей – сяброў са Смаргоні
Напачатку мінулага тыдня ў аддзяленні дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту Тэрытарыальнага цэнтра сацыальнага абслугоўвання насельніцтва сустракалі доўгачаканых гасцей – сяброў са Смаргоні, аб’яднаных пад дахам “Цёплага дома”. Творчыя і сяброўскія стасункі паміж двума аддзяленнямі завязаліся даўно і паспяхова развіваюцца.
Гасцям арганізавалі экскурсію па Астраўцы, паказалі яго новыя і старыя мікрараёны, адметныя мясціны і славутасці. Смаргонцы не хавалі захаплення: Астравец непазнавальна змяніўся, папрыгажэў.
Ды і ў тэрытарыяльным цэнтры аказалася шмат цікавага: выстава твораў таленавітых майстрых-рукадзельніц Валянціны Рыгораўны Янчэўскай – вышыўка стужкамі, Ганны Францаўны Сінкевіч – бісерапляценне, вышываныя абразы Святланы Іванаўны Мешкіс. А ў актавай зале чакаў багата накрыты стол – нашы гаспадыні-пенсіянеркі прынеслі на конкурс бліны ды пірагі.
Галоўным момантам сустрэчы сяброў, прысвечанай Міжнароднаму дню пажылых людзей, стаў сумесны канцэрт. Госці – вакальная група “Крынічанька” пад кіраўніцтвам Васіля Антонавіча Карпеца – паказалі яркую праграму з беларускіх, рускіх, аўтарскіх песень і вершаў і высокае выканаўчае майстэрства.
А затым настала чарга астраўчан паказаць, на што яны здатныя. У каторы раз бліснуў талентамі танцавальны калектыў “Чаромушкі” пад кіраўніцтвам Тамары Іванаўны Батуры. Шчырае захапленне выклікалі “Вясковая полечка” Людмілы Іванаўны Кухарэвіч у аўтарскім выкананні з іскрамётнай падтанцоўкай, выступленні вакальнай групы і салісткі Святланы Іванаўны Мешкіс. А калі гасцям прадставілі гэтых трох таленавітых сясцёр, разразіліся сапраўдныя авацыі. Сваю долю шчырага прызнання атрымалі і астравецкія паэты – Наталля Пятроўна Зубенка і аўтар гэтых радкоў, а таксама Алёна Рэкець са сваім эстрадным танцавальным нумарам.
Не абышлося без сюрпрызаў: гасцей зайшоў прывітаць дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч. Ён выказаў захапленне выступленнем вакальнай групы “Крынічанька” і сам праспяваў некалькі песень.
Сяброўская песня гучыць званчэй, таму спявалі разам натхнёна і дружна. А напрыканцы – закружыліся ў вальсе, скокнулі задзірыстую полечку.
Потым усе частаваліся блінамі ды пірагамі з духмянай гарбатай.
Вядома ж, ніхто не пайшоў дадому без арыгінальных сувеніраў – іх падрыхтавала моладзь з аддзялення дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю.