О себе и своей семье рассказала многодетная мама Елена Садовская

13:26 / 15.10.2017

Цэлы дзень шум і гоман, цацкі, кніжкі, сшыткі, гатаванне ежы, мыццё адзення, уборка – дзень шматдзетнай маці Алены Садоўскай, якая разам з мужам Аляксандрам выхоўвае чатыры дачушкі і сыночка, пачынаецца рана. Неабходна сабраць дзяцей у школу і садок, прыбраць дома, прыгатаваць сняданак  і абед,  абысціся  па гаспадарцы. Ды і потым, калі старэйшыя Эвяліна і  Караліна пойдуць у школу, а  Максім  – у садок, маме адпачываць няма калі: хапае клопатаў  з малодшымі  Палінай і Ангелінай.

IMG_2512.jpg

Што такое вясковае жыццё,  Алена даведалася яшчэ ў дзяцінстве. Іх  сям’я, якая да таго  жыла ў Астраўцы, перабралася ў Дубнікі  ў бацькоўскі дом. Вясковай работы ніхто не цураўся – наадварот, лічылася, калі будзеш працаваць на зямлі, не будзеш ведаць нястачы. 
Дзядуля Алены, які ўсё жыццё працаваў трактарыстам  у калгасе, з дзяцінства праводзіў з Аленай “прафарыентацыйную работу”.

– “Лепш за ўсё ў калгасе быць брыгадзірам:  яго ўсе слухаюцца,” – даводзіў мне  дзядуля, –  успамінае Алена. – Таму яшчэ падчас вучобы ў школе я вырашыла, што буду  паступаць у  Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум.

IMG_2536.jpg

Працаваць Алена Аляксандраўна пачынала  ў “Полацкім шляху”. Тут лёс і звёў яе з будучым мужам.
– Саша быў вадзіцелем у СВК “Варняны” і прыязджаў у наш калгас  за зернем. Аднойчы мне давялося яго суправаджаць – так і пазнаёміліся, – усміхаецца Алена.

Знаёмства доўжылася нядоўга – праз два месяцы хлопец прапанаваў дзяўчыне руку,  сэрца і… аўтамабіль.

 На той час Алена жыла марай пра машыну. Правы яна атрымала – і ездзіла на бацькавым “масквічы”, збіраючы  грошы на ўласную машыну. Гэтай марай дзяўчына падзялілася з Сашам –  а той адказаў: “Навошта табе купляць аўтамабіль? Бяры мой!”

IMG_20171005_155539_10.jpg

Сёлета сям’я Садоўскіх адзначыла 10-годдзе  сумеснага жыцця. За гэты час яны займелі не толькі аўтамабіль, але і ўласны дом, які поўніцца галасамі пяцярых дзетак. 

– Дзесяць гадоў Саша працуе вадзіцелем на фуры – грошы ў вялікай сям’і заўсёды патрэбны. Сёння мае памочнікі – нашы  дзеці. Старэйшая Эвяліна вучыцца ў 4 класе. Без яе  я,  як без рук,  – яна і за малодшымі прыгледзіць, і дома прыбярэ.

IMG_2455.jpg

Стараецца не адставаць ад  сястрычкі і Караліна –  у яе таксама ёсць свае хатнія абавязкі.  

– Калі таты няма, Максім – адзіны мужчына ў нашым доме. І хоць  яму толькі чатыры гадкі, да любой справы ён падыходзіць абдумана, –  расказвае маці.

Двайняты Паліна і Ангеліна розныя не толькі з твару, але і па характарах. Кожная з іх стараецца завалодаць мамінай увагай, але  Алена хутка знаходзіць з імі агульную мову.

IMG_2540.jpg

– У  дзяцінстве я марыла пра сястрычку. Мы з братам жылі дружна, але сястры, з якой можна было б абмеркаваць дзявочыя сакрэты, мне не хапала. Яшчэ ў дзяцінстве я вырашыла, што ў маёй сям’і будзе трое дзяцей, – расказвае Алена. –  Вельмі ўзрадавалася, калі ў нас  нарадзілася спачатку Эвяліна, а потым Караліна.  Але мужу хацелася сына – так і атрымалася. А потым Максім стаў прасіць браціка, толькі нарадзіліся сястрычкі – ажно дзве. А Максім працягвае прасіць браціка...

IMG_2484.jpg

– Бог дасць – будзе і брацік Максіму, –  працягвае  шматдзетная мама. –  Хоць я разумею, што выгадаваць пяцёра дзяцей, даць ім адукацыю і дапамагчы ўладкавацца ў жыцці складана. Ды і на работу хацелася б выйсці.

У мінулым годзе Алена атрымала вышэйшую адукацыю – скончыла аграрны ўніверсітэт у Гродне. І хоць на гэта замест шасці гадоў пайшло дзесяць –  сваю мару і абяцанне, дадзенае некалі  ў дзяцінстве дзядулю, яна выканала.

 Аднак пакуль што ўсе яе сельскагаспадарчыя веды прымяняюцца толькі ў хатняй гаспадарцы: Алена  з задавальненнем займаецца агародам у 40 сотак, разводзіць  курэй, гусей, качак, перапёлак і трусоў. З такой жа любоўю і ўвагай да хатніх гадаванцаў адносяцца і дзеці –  у кожнага з іх свой падапечны:  Эвеліна мае папугая, Караліна – дэкаратыўных трусоў, а Максім – хамяка.

IMG_2469.jpg

IMG_2497.jpg

–  Нашы дзеці рана становяцца самастойнымі. Гэта добра: яны не цураюцца работы і ведаюць, што грошы трэба зарабляць.
Нягледзячы на пастаянную занятасць, Алена знаходзіць час і на адпачынак – праўда, адпачывае яна творча: займаецца вырабам банцікаў, кветачак і ўпрыгожванняў у тэхніцы канзашы.

IMG_2491.jpg

– Часам прыходзяць дзяўчаты са школы і просяць: “Мама, зрабі нам новыя банцікі.” А калі рабіць? Толькі ноччу… –  дэманструе Алена свае вырабы.

 І калі ўсе справы па дому зроблены, а маленькія носікі пяцярых дзетак пасопваюць у сваіх ложках, мама дастае скрынкі з рознакаляровымі стужкамі, пацеркамі і бісерам – і пачынае тварыць…  А раніцай галоўкі чатырох дачушак упрыгожваюць новыя банцікі.

IMG_2505.jpg

Тата таксама стараецца кожны тыдзень хаця б на дзень-два заруліць дамоў.
– Прыязджае Саша, штосьці стараецца дапамагчы – а  я пасля яго ад’езду выбіваюся з графіка. Але  мы ўсе яго чакаем з нецярпеннем, –  расказвае Алена. – Здаецца, дом наш немалы, аднак хочацца, каб у кожнага дзіцяці быў уласны пакой.

Таму цяпер сям’я Садоўскіх жыве ў прадчуванні рамонту – у доме надбудоўваюць другі паверх. У  мамы з татам клопатаў прыбавілася. Але яны не скардзяцца, бо вялікая сям’я для іх – найвялікшая радасць!

Выказванні: 

“Няхай заўсёды будзе шчаслівая сям’я!”
“Дзеці – гэта найвялікшае шчасце.”
 “З нараджэннем кожнага наступнага дзіцяці шчаслівых імгненняў у жыцці становіцца больш.”

Мара: Даць дзецям добрую адукацыю.



Текст:
Фото: Елена Ярошевич