Народный ансамбль “Світанак» отмечает 30-летний юбилей

11:39 / 13.10.2017
1

Трыццаць гадоў назад на творчым небасхіле Астравеччыны з’явіліся першыя промні “Світанку”. За гэты час яны раслі і множыліся, “свяцілі” то ярчэй, то цьмяней, але ні на міг не згасалі. 
Чым жыве ансамбль “Світанак” і якія планы ў яго на будучыню, мы пацікавіліся ў яго сённяшняга кіраўніка Наталлі Валер’еўны Літвін.  

P6230182.jpg


– Раскажыце гісторыю стварэння ансамбля. 
– Ансамбль быў створаны ў 1987 годзе настаўнікам Варнянскай музычнай школы Аляксандрам Сцяпанавічам Лянцэвічам: сталі збірацца разам людзі, аб’яднаныя агульным інтарэсам – жаданнем спяваць і несці музыку людзям. У асноўным гэта былі педагогі той жа музычнай школы і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці тагачаснага калгаса. Спачатку з’явіўся хор аднадумцаў, які хутка перарос у ансамбль. У 1995 годзе “Світанак” абараніў званне “Народны”.

– Ці засталіся сёння ў калектыве людзі, якія былі ў першапачатковым складзе?
– Так, гэта Яўгенія Юр’еўна Шаптун. Праўда, тады яна не спявала, а была ў харэаграфічнай групе. Справа ў тым, што спачатку “Світанак” быў ансамблем песні і танца. Старэйшыя ўдзельнікі адказвалі за вакальную частку, а маладзейшыя дапаўнялі нумары харэаграфічнымі выступленнямі. Яўгенія Юр’еўна пачынала з танцаў, а праз некалькі гадоў далучылася да спяваючых.

– Трыццаць гадоў – салідны ўзрост для ансамбля. А колькі часу вы з’яўляецеся яго кіраўніком?
– Роўна палову – пятнаццаць гадоў. У той час “Світанак” перажываў не лепшы час. Можна сказаць, што тагачасны начальнік раённага аддзела культуры Данута Францаўна Чарнушэвіч адправіла мяне, маладога спецыяліста, удыхнуць у яго новае жыццё. І я старалася апраўдаць аказаны давер. Спачатку было няпроста, але паступова мы выйшлі з крызісу – і “Світанак” зноў загучаў на сцэне.

P0196157.jpg

– Для ўдзельнікаў калектыва існуюць нейкія крытэрыі: узрост, адукацыя, музычныя захапленні? 

– Крытэрый у нас заўсёды быў і застаецца адзін: шчырае жаданне спяваць. У нас лічаныя людзі маюць музычную адукацыю, аднак гэта не перашкаджае ім добра выступаць на сцэне. 
Зразумела, не ўсё адразу атрымлівалася – часам прыходзілася займацца доўгія месяцы, удасканальваючы навыкі. Але калі я бачу і чую, што людзі, якія прыйшлі ў ансамбль не маючы ўяўлення пра ноты і танальнасць, цяпер спяваюць на роўных з усімі, разумею, што займаюся сваёй справай недарэмна. І гэта неверагодныя эмоцыі. 

– Якому рэпертуару аддаеце перавагу? 
– Ёсць у нас песні на літоўскай, украінскай, польскай мовах, але ў большасці спяваем беларускія народныя песні – яны заўсёды карыстаюцца папулярнасцю ў гледачоў. Стараемся прыдумваць і разбаўляць нумары нечым арыгінальным:  напрыклад, выкарыстоўваем сучасную апрацоўку, змешваем музычныя стылі. Публіка не любіць аднастайнасці, таму імкнёмся зацікавіць яе “ізюмінкамі”. 

P7020509.jpg

– Вы канкурыруеце з іншымі калектывамі?
– У кожнага калектыва – свой стыль і накірунак, і кожны з іх – унікальны і цікавы па-свойму. Мы ўсе робім адну справу – дык аб якой канкурэнцыі можна гаварыць?  Наадварот, мы падтрымліваем адзін аднаго і, калі патрэбна, – з радасцю дапамагаем. 

– Кіраваць ансамблем – справа адказная. Ніколі не хацелі пакінуць “капітанскі мосцік”? 
– Работы, канешне, хапае – ужо трэці год з’яўляюся дырэктарам Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Але як я магу пакінуць “Світанак”? Людзі паверылі мне – нельга іх падвесці. Ды і прыкіпела я да іх душой: не магу без нашага ансамблю. За столькі часу мы сталі сям’ёй: дзелімся праблемамі і радасцямі. Як жа можна пакінуць такую вялікую і дружную сям’ю?



Текст: