Партрэт паштальёна Рэгіны Максімавай занесены на раённую Дошку гонару

08:23 / 13.10.2017

Працоўнае месца  Рэгіны Адольфаўны Максімавай не зусім звычайнае: рабочы стол знаходзіцца ў Дайлідках на верандзе яе дома, перад вялікім акном, занавешаным бялюткай  фіранкай, – менавіта ў такой па-хатняму цёплай абстаноўцы  паштальён раённага аддзялення паштовай сувязі “Астравец-1”, партрэт якой занесены на раённую Дошку гонару, кожную раніцу прымае і раскладвае газеты.

IMG_2199.jpg

Але так было не заўсёды. Дзевяць гадоў назад з калгаснага падсобнага цэха Рэгіна Адольфаўна прыйшла на вакантнае месца паштальёнкі ў Дайлідскае аддзяленне. А пяць гадоў назад, пасля закрыцця пошты ў роднай вёсцы, жанчына перавялася ў Астравец – і, можна сказаць, “перанесла” сваё рабочае месца дахаты.

Толькі работа вясковага паштальёна не заканчваецца прыёмкай і раскладкай газет і часопісаў – іх яшчэ трэба разнесці і нават развезці: калі па Дайлідках і ў Тракелі Рэгіна Адольфаўна ходзіць пешшу, або, як надвор'е дазваляе, едзе на веласіпедзе, то ў суседнія Якентаны, дзе таксама чакаюць газету, пенсію і магчымасць заказаць тавар або заплаціць “за камуналку”, яе возіць паштовы аўтамабіль.  І ўсё трэба паспець зрабіць да чатырох гадзін! Жанчына спраўляецца, хоць у час высокіх тэхналогій яна, як і многія вясковыя калегі,  робіць усё ўручную. 

IMG_2205.jpg

– А навошта мне камп'ютар? – перапытвае. – Так спарней і прасцей, ды і да людзей бліжэй – яны адчуваюць сябе больш упэўнена, калі разумеюць, што ты робіш.

 Мабыць, таму за ўсе гады працы яна не пачула ніводнага папроку ці дрэннага слова. 

– Вёска яшчэ чытае газеты, – расказвае Рэгіна Адольфаўна. – Бо жывуць тут у асноўным людзі старэйшага ўзросту. Моладзь больш з інтэрнэту навіны даведваецца, але і сярод іх ёсць тыя, хто любіць газетныя артыкулы ў руках трымаць, таму выпісваюць на адзін адрас па дзесяць і больш розных газет і часопісаў. Так што работы ў мяне хапае. Да таго ж, паштальён сёння расшырыў сферу дзейнасці: ён прымае плацяжы, выплаты па крэдытах, афармляе заяўкі на бытавыя тавары і прадукты…   

За шмат гадоў работы жанчына добра ведае, хто што чытае, каму трэба нагадаць, што пачалася падпіска, да каго зайсці з самага ранку, а хто будзе чакаць яе пазней…

– Лісты пісаць даўно перасталі, – працягвае паштальёнка. –  Зрэдку – у асноўным на зімовыя святы ці на 8 Сакавіка – паштоўкі прыходзяць…

IMG_2203.jpg

Спакойная і памяркоўная, сціплая і адказная, паштальён са шматгадовым стажам Рэгіна Адольфаўна Максімава толькі паціскае плячыма на пытанне, як змянілася яе жыццё пасля “раённага прызнання”. І гэта азначае “ніяк”: яна ўсё гэтак жа займаецца любімай справай і  ўсё гэтак жа выходзіць за парог свайго імправізаванага кабінета з бялюткімі  фіранкамі ў “поўным баявым”: у добрым настроі, са светлымі думкамі і шчырай усмешкай.


З АСАБІСТАГА
Родам Рэгіна Адольфаўна з вёскі Трайгі. Закончыла Астравецкую школу. У Вільнюсе  адвучылася на кантралёра і там жа ўладкавалася на працу на радыёзавод. Дахаты прыязджала на выхадныя. А там, як і ва ўсіх маладых людзей, былі танцы – і сустрэча з будучым мужам Алегам Мікалаевічам. Так Рэгіна апынулася ў Дайлідках, адкуль быў родам яе суджаны. Дарэчы, 19 верасня пара адзначыла 30-гадовы юбілей сумеснага жыцця.
Радасць ёй дораць двое ўжо дарослых і самастойных сыноў – Віталь і Аляксей. А кожную вольную хвілінку яна стараецца пагушкаць у сваіх пяшчотных руках  трохгадовую ўнучку Карынку і трохмесячнага ўнучка Косціка – яны для жанчыны – самае вялікае шчасце.

САМАЕ ВАЖНАЕ…

* у прафесіі: наладзіць стасункі і адносіны з людзьмі і падтрымліваць іх;

* у жыцці: дружная сям'я – і асабліва ўнукі;

* у рабоце: задавальненне ад таго, чым займаешся, і адказнасць.

 “Чаму менавіта я?.. Так і не зразумела. Сярод маіх калег ёсць шмат людзей, якія заслугоўваюць быць занесенымі на Дошцу гонару, і нават неаднойчы”.

   

 

Текст:
Фото: Ольга Хотянович