Крымінальныя здарэнні Астравецкага раёна

16:01 / 15.09.2017

Бясплатнае «таксі»

У Астравецкім раёне, аказваецца, нямала жадаючых пракаціцца за чужы кошт. Як правіла, гэтыя смельчакі знаходзяцца ў нецвярозым стане і красці аўтамабіль не збіраюцца, а ўсяго толькі бяруць яго «пакатацца». 
Раённым аддзелам Следчага ка­мітэта было ўзбуджана некалькі спраў па такіх фактах.

Жыхар вёскі Газа, які ўжо з ранку быў нападпітку, адкрыў аўтамабіль, што стаяў у двары дома па вуліцы Савецкай п. Гудагай. Яму пашанцавала – ключы знаходзіліся ў салоне: заставалася толькі завесці машыну і націснуць на газ – што мужчына і зрабіў. П’яны ўгоншчык узяў накірунак на Бабраўнікі, выехаў на аўтадарогу Полацк – Глыбокае – мяжа Літвы, не справіўся з кіраваннем і перакуліўся. 
***
Астраўчанін, які напярэдадні таксама «падсілкаваўся» алкаголем, вырашыў завітаць да знаёмай. Аднак ісці пехатой было хоць і недалёка, але цяжка – і ён вырашыў скарыстацца чужым аўтамабілем, які стаяў па вуліцы Камсамольскай. Падарожжа атрымалася кароткім: на вуліцы Палявой гора-вадзіцеля затрымалі супрацоўнікі міліцыі. 
***
Выкарыстаць чужую машыну ў ролі бясплатнага таксі вырашыў і жыхар вёскі Міхалішкі.
Нецвярозы мужчына, прагульваючыся па беразе Віліі ў вёсцы Маркуны, убачыў аўтамабіль, які аказаўся незамкнёным, а ключы знаходзіліся ў замку запальвання. Мужчына сеў за руль. Аднак ужо ў Міхалішках яго спыніў… плот, куды ўрэзаўся п’яны кіроўца. 
У адносінах да ўсіх гора-ва­дзі­целяў узбуджаны крымі­нальныя справы.

Дзе будуюць – там і крадуць

Высокай папулярнасцю сярод аматараў лёгкай нажывы карыстаецца пля­цоўка будаўніцтва Беларускай АЭС і іншыя аб’екты будоўлі. 
700 метраў кабелю для часовага энергазабеспячэння былі ўкрадзены з пляцоўкі будаўніцтва БелАЭС.
Злодзей пранік у памяшканне для часовага захоўвання каштоўных матэрыялаў, што знаходзіцца ў будынку 2-га энергаблоку, і «прыхапіў» 700-метровы трафей. Урон прадпрыемству склаў 1560 беларускіх рублёў.
***
Крымінальнай справай завяршылася для жыхара Мядзельскага раёна спроба крадзяжу на будаўнічым аб’екце Беларускай АЭС.
Мужчына пранік у арматурны цэх і ўкраў адтуль шліфавальную машынку і 25 адразных кругоў па металу. Аднак рэалізаваць свой злачынны план не здолеў: на КПП ён быў затрыманы супрацоўнікамі службы бяспекі і Ашмянскага аддзела дэпартамента «Ахова».
***
Разбагацець за чужы кошт вы­рашыў жыхар вёскі Слабодка.
Мужчына разам са знаёмымі, якія не ведалі пра яго злачынны план, укралі 19 металічных каркасаў з арматуры. Матэрыялы знаходзіліся на тэрыторыі «доміка паляўнічага», які будуецца па вуліцы Фізкультурнай. Астравецкай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў нанесены матэрыяльны ўрон на суму 531 беларускі рубель.
У адносінах да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Адны адпачываюць, другія – «навар» шукаюць

Нярэдка зладзеі для сваіх спраў выбіраюць месцы адпачынку. Разамлелыя турысты не вельмі ўважліва сочаць за сваімі рэчамі – і тыя аказваюцца лёгкай здабычай. 
У гаспадарцы ўсё спатрэбіцца, вырашыў нецвярозы жыхар вёскі Падольцы – і ўкраў з альтанкі ля вадаёма Белае чужую сякеру.
Акрамя гэтага, мужчына прыхапіў з сабой прадукты харчавання, якія знаходзіліся там жа. Украдзенае належала мінчаніну, які прыехаў адпачыць на вадаёме. Агульная сума ўрону склала 115 беларускіх рублёў.
***
Рамантычны начлег у палатцы на полі непадалёк вескі Лукавыя скончыўся непрыемным здарэннем.
Ноччу ў палатку пранік невядомы злодзей і ўкраў ноўтбук, які належаў астраўчаніну і каштаваў 350 беларускіх рублёў.
***
Падсілкавацца не толькі фізічна, але і матэрыяльна вырашыў жыхар Расіі падчас наведвання кафэ «Сан-Піцца».
Знаходзячыся ў нецвярозым стане, мужчына, адыходзячы,  прыхапіў з сабой чужы рукзак, нанёсшы тым самым яго ўладальніку матэрыяльны ўрон на суму 86 беларускіх рублёў.

Усё, што дрэнна ляжыць

Не грэбуюць зладзеі заняцца сваёй справай у розных месцах і пры любых абставінах.
Не ўтрымалася ад спакусы жыхарка вёскі Альхоўка.
Жанчына, знаходзячыся ў нецвярозым стане, украла з шафы жаночай раздзявалкі МТК «Маркуны» кашалёк з 365 беларускімі рублямі. Украдзенае належала аператару машыннага даення гэтага ж комплексу.
У адносінах да жанчыны ўзбу­джана крымінальная справа.
***
«На халяву» выпіць і закусіць вырашыў жыхар Брэста.
У магазіне «Родны кут» мужчына сцягнуў з прылаўка дзве бутэлькі гарэлкі і больш за паўкілаграма каўбасы. Гэтым ён нанёс Астравецкаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства матэрыяльны ўрон на суму 16 рублёў 60 капеек.
***
Крымінальнай справай завяршыліся «братэрскія» пасядзелкі беларуса і расіяніна.
Спачатку мужчыны распівалі спіртное ў лясочку каля райцэнтра. Затым неаднойчы судзімы астраўчанін павёў сябе не гасцінна:  скарыстаўшы выпадак, ён украў у сабутэльніка мабільны тэлефон. Сума матэрыяльнага ўрону – 628 беларускіх рублёў.
***
Незаконную «спрытнасць рук» прадэманстраваў неаднойчы судзімы жыхар Астраўца.
Мужчына ўмудрыўся выцягнуць з кішэні джынсаў астраўчаніна 15 000 расійскіх рублёў, 10 еўра, 2 долары ЗША і 100 польскіх злотых.
У адносінах да кішэнніка ўзбу­джана крымінальная справа.

Марэк СІНКЕВІЧ,
намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта.     


Текст: Главный администратор