Напрыканцы мінулага тыдня свята “Грыбны бурштын Астравеччыны” сабраў аматараў ціхага палявання ў Філіпанах

15:08 / 13.09.2017

grib3.jpg

Філіпанскія лясы здавён славяцца сваімі грыбнымі месцамі. Таўстаногія баравікі, апранутыя ў чырвоныя берэцікі падасінавікі, залатыя россыпы лісічак, цікаўныя сямейкі апенак – якіх толькі грыбоў няма ў гэтым лесе! Ведаю не па чутках. З ранняга дзяцінства старэйшыя бралі мяне з сабой у грыбы.

Напрыканцы мінулага тыдня свята “Грыбны бурштын Астравеччыны” сабраў аматараў ціхага палявання ў Філіпанах.

Ідэя ўпершыню правесці на Астравеччыне грыбны фестываль належыць загадчыку аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Малі, прафесійнаму міколагу, які выдаў шмат кніг па грыбной тэматыцы, і проста заядламу грыбніку Аляксандру Марозаву.

Раніцай у суботу да сядзібы Аляксандра Іванавіча з кошыкамі і вядзеркамі ў руках пачалі падцягвацца грыбнікі – прынамсі тыя, хто вырашыў паўдзельнічаць у спаборніцтве па зборы грыбоў. Хоць ахвочых было няшмат, тым не менш філіпаскі лес аддзячыў кожнага ляснымі дарамі: бліжэй да абеду з кошыкаў  грыбнікоў цікаўна пазіралі блізкучыя галоўкі баравікоў, падасінавікаў, лісічак і падбярозавікаў.

grib7.jpg

Самай юнай ўдзельніцай грыбнога спаборніцтва стала Юльяна Лукашэвіч. Самы важкі кош, які заважыў больш за пяць кілаграмаў, прынесла з лесу Ксенія Нядвецкая. А самы вялікі грыб даўжынёў у 14 сантыметраў знайшла Марына Марозава. Усе ўдзельнікі ціхага палявання атрымалі памятныя дыпломы і падарункі.

grib10.jpg

grib13.jpg

У арыгінальнасці падачы, складанасці рэцэптуры за перамогу змагаліся гаспадыні, якія да свята падрыхтавалі шмат страў з грыбоў. Якіх толькі смакоццяў тут не было! І піцца з баравікоў, і грыбочкі марынаваныя, і традыцыйная літоўская страва “Кукулайчы”. Самая смачная страва з грыбоў, памеркаванні журы, атрымалася ў Люцыі Бялячыц. За старанні падарункамі былі адзначаны і іншыя гаспадыні.

grib4.jpg

Урачыстае адкрыццё свята адбылося на імправізаванай пляцоўцы ў цэнтры вёскі. Да платоў туліліся самаробныя грыбы, гучала вясёлая музыка, а людзі загаддзя занялі месца ў лаўках.

grib11.jpg

Грыбны фестываль стаў сапраўдным святам вёскі. Па традыцыі былі адзначаны лепшыя падворкі: сучасная сядзіба маладой сям’і Юрыя і Вікторыі Шыманэль, якія гадуюць дачку Караліну, і мясцовай жыхаркі Аляксандры Адамаўны Паўлоўскай, чый  дагледжаны жоўты, нібыта пацалаваны самім сонцам, дамок, ля ўваходніх дзвярэй якога “сядзіць” страказа, проста немагчыма не заўважыць.

grib14.jpg

Найстарэйшая жыхарка Філіпан Гэлена Вацлаваўна Вішнеўская, якая сёлета адзначыла 87 дзень нараджэння, перадала сімвалічны ключ самай маленькай жыхарцы – Ульяне Гродзель. Аднавяскоўцы жартавалі, што, нягледзячы на ўнушальныя памеры ключа, дзяўчынка можа адамкнуць любыя дзверы. Самая старэйшая і самая маленкая жыхаркі Філіпан атрымалі дыпломы і падарункі. За старанні ў падрыхтоўцы вёскі да грыбнога фестывалю была адзначана мясцовая жыхарка Марыя Адольфаўна Арлоўская.

grib.jpg


Падчас свята гучалі песні ў выкананні Яўгеніі Шаптун і Віктара Рудзінскага. Акрамя гэтага, песню і ўласны верш аднавяскоўцам падарыла Ванда Радзевіч. Шыкоўным музычным падарункам для філіпанцаў і гасцей свята стала выступленне народнага хору ветэранаў пад кіраўніцтвам Дануты Адольфаўны Папені. Назіраючы за маладжавымі мужчынамі і жанчынамі, слухаючы іх звонкія галасы, злавіла сябе на думцы, што нашы ветэраны годна глядзеліся б і на сталічнай сцэне: балазе, іх багаты рэпертуар дакладна знойдзе водгук у сэрцы як маладога, так і сталага слухача.

grib8.jpg

Свята працягвалася да позняга вечара. Для дарослых была арганізавана дыскатэка, а дзяцей чакалі конкурсы, папкорн, бяспройгрышная латэрэя. Кожны жадаючы змог паласавацца наварыстай грыбной юшкай…

grib9.jpg



grib6.jpg

grib5.jpg


grib2.jpg

grib1.jpg



 

Текст:
Фото: Алена Гануліч