«Лясная казка» ў Гудагайскай сярэдняй школе

09:30 / 01.09.2017

gud.jpg

«Здаровым быць, краіну любіць, сяброў шанаваць, бацькоў паважаць» – пад такім дэвізам працавала другая змена ў прышкольным аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем «Лясная казка»  ў Гудагайскай сярэдняй школе. 

У першы дзень змены на лагерным стэн­дзе з’явілася карта Астравецкага раёна – і вандроўка пачалася. Кожны дзень вітаў нас адкрыццямі,  падчас якіх мы зразумелі, што не трэба ехаць за мяжу, каб убачыць  цікавыя мясціны.
Зарадка, гульні на свежым паветры, секцыі, гурткі  і навуковыя аб’яднанні – без гэтага складана ўявіць аздараўленчы лагер.  Гэтаксама як і без наведвання Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дзе прайшлі творчыя майстэрні і гульні –  дзеці былі ў захапленні.
А як не завітаць у рэдакцыю раённай газеты «Астравецкая праўда»?! Пазнаёміцца з людзьмі,  якія рыхтуюць «раёнку»,  і пабываць у кабінеце галоўнага рэдактара… –  такую магчымасць мы не маглі не скарыстаць.
Цікава і пранікнёна расказвала пра каменныя скульптуры, што ўпрыгожваюць Астравец, намеснік дырэктара раённай бібліятэкі  Н.У. Ачарэтава.  Колькі сэнсу і цеплыні ў гэтых на першы погляд халодных скульптурах. 
Уразіла і экскурсія ў аддзел унутраных спраў. Цікава было паглядзець на работу  су­пра­цоўнікаў міліцыі, даведацца аб тым, чым міліцыя адрозніваецца ад паліцыі, як прахо­дзіць затрыманне парушальнікаў парадку.
Нашым выхаванцам  пашчасціла з надвор’ем – ім удалося некалькі разоў наведаць Янаўскае вадасховішча, пакупацца  і паслухаць лекцыю выратавальнікаў на вадзе. 
Прыадкрыла таямніцы малой радзімы для выхаванцаў кіраўнік школьнага  музея «Знакамітыя людзі зямлі Гудагайскай» М.К. Васілёнак і настаўнікі школы І.М. Жалток і Г.М. Шлыковіч.
Яны расказалі, дзе пахаваны Іосіф Гашкевіч  і чаму яго шануюць у Кітаі, пра крынічку з цудоўнай чыстай вадой у Палушах, з якой не раз піў ваду Адам Мальдзіс… А колькі гісторый  і таямніц старажытнага роду Дабжынскіх захавала невялічкая вёсачка Лоша! 
А колькі новага і  цікавага дзеці лагера да­ведаліся, патрапіўшы на экалагічную сцежку «Блакітных азёр»! Змена праляцела нібы імгнен­не, пакінуўшы шмат незабыўных успамінаў. 


Вольга БАРАНОЎСКАЯ, 
дырэктар лагера «Непаседы».


Текст: Главный администратор