“Астравецкая праўда”: четыре СМИ в одной плюс бесконечность наших авторов...

17:45 / 05.05.2017
2

rybik.jpgПершая дэкада мая настолькі багатая на святы, што хоць ты бяры да па прыкладу расійскага каляднага выхаднога тыдня аб’яўляй падобны беларускі майскі!

Паміж дзяржаўнымі святамі – 1 мая, Святам працы, – гэты дзень, дарэчы адзначаецца ва ўсей Еўропе, і Днём Перамогі – святым днём для ўсёй Беларусі, змясціўся яшчэ шэраг журналісцкіх святаў: 3 мая адзначаўся Сусветны дзень свабоды друку, 5 мая, у дзень выхаду першага нумара бальшавіцкай газеты “Правда”, у Беларусі адзначаецца прафесійнае свята ўсіх журналістаў – Дзень друку, а 7 мая – Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. І хоць некаму можа падацца, што гэтыя святы не маюць дачынення да ўсіх грамадзян Беларусі – але гэта толькі на першы погляд. Цяжка ўявіць жыццё сучаснага чалавека без інфармацыі, а атрымаць яе сёння немагчыма без сродкаў масавай інфармацыі – газет, радыё, тэлебачання, інтэрнэту. Асабістая справа кожнага, якому СМІ аддаць перавагу – але, пагадзіцеся, усе мы, хто ў той ці іншай меры з’яўляецца спажыўцом інфармацыі, можа лічыць гэтыя святы  і сваімі асабістымі.

А для калектыву “Астравецкай праўды” усе гэтыя тры святы з’яўляюцца галоўнымі. Бо сёння “пад крылом” раённай газеты, па сутнасці, аб’ядналіся некалькі сродкаў масавай інфармацыі, якія дзейнічаюць у цеснай сувязі і ўзаемадзеянні і пастаянным развіцці. Старая добрая – але пры гэтым маладая і сучасная! – газета “Астравецкая праўда” двойчы на тыдзень радуе (мо калі і засмучае – але ж мы спадзяемся, што больш радуе) чытачоў навінамі, рэпартажамі, інтэрв’ю, нарысамі сваіх журналістаў і няштатных аўтараў.

Для тых, хто аддае перавагу пошуку інфармацыі ў інтэрнэце, а найперш – для ураджэнцаў Астравеччыны, якія воляй лёсу жывуць далёка за межамі сваёй малой радзімы, дзейнічае сайт ostrovets.by, дзе можна пачытаць усе навіны раёна, што называецца, у рэжыме он-лайн – і заставацца ў курсе усіх падзей, што адбываюцца ў раёне, незалежна ад месца жыхарства. Некаторыя, хто ўсё ж аддае перавагу газетным старонкам, хай сабе і без паху друкарскай фарбы, дзеля гэтага выпісваюць электронную версію газеты – і, як і ўсе падпісчыкі, два разы на тыдзень у іх паштовую скрынку – толькі электронную – кладзецца свежы нумар “раёнкі”.

Дарэчы сказаць, сёлета сайт газеты набыў новае аблічча – зараз ён больш сучасны, іфарматыўны, зрчны ў карыстанні, утрымлівае ў больш магчымасцей, у тым ліку і для рэкламы сваіх тавараў паслуг, відэавіншаванняў і г.д. – калі не бачылі, то завітайце, пазнаёмцеся.

Раённае радыё, якое карысталася вялікай папулярнасцю ў жыхароў раёна, пасля ліквідацыі правадной сеткі страціла значную частку сваіх традыцыйных слухачоў – але дзейнічае і зараз: яго можна паслухаць на ультракароткіх хвалях 98,4 і ў зноў жа ў інтэрнэце, на сайце “Астравецкай праўды”.

Вялікіх намаганняў нашым заснавальнікам, раённаму выканаўчаму камітэту і раённаму Савету дэпутатаў, і рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда” каштавала запусціць тэлепраграму “ТВА. ТВой Астравец” – але сёння яе выпускі можна кожны тыдзень глядзець у пакеце “Зала” за 111 канале – і зноў жа ва ўсюдыісным інтэрнэце на сайце ostrovets.by і на ютуб канале. За той непрацяглы час, што тэлепраграма стала выходзіць у штатным рэжыме – а мінула толькі крыху больш двух месяцаў – у яе ўжо з’явілася сваё кола гледачоў і прыхільнікаў.

Дзякуючы такому імкліваму развіццю нашага раённага медыяхолдынга (вось жа не люблю гэтых новамодных слоўцаў -- але інакш і не скажаш)  у калектыве рэдакцыі, акрамя добра вядомых чытачам – прынамсі, па прозвішчах – і многімі любімых журналістаў – Алены Ярашэвіч, Вольгі Хацяновіч, Марыны Мацкевіч, Алёны Гануліч, Святланы Фёдаравай, Антона Мальшэўскага – з’явіліся і новыя спецыялісты: рэдактар інтэрнэт-сайта Віктар Спірыдон, выпускаючы тэлепраграмы Дзмітрый Каралевіч, відэааператар Рыгор Рэвака.

Але іх кагорта нашмат больш шырокая, бо сюды можна далучыць нашых пазаштатных аўтараў, дзякуючы цікавым, грунтоўным, таленавітым допісам якіх газета набывае новыя тэмы, артыкулы, іншае бачанне даўно вядомых рэчаў. Мы шчыра ўдзячны вам, шаноўныя Таіса Сямёнава, Эдуард Свірыд, Яўгеній Янушкевіч, Вольга Рэбка, Сяргей Шэін, Уладзімір Прыхач, Іаланта Валуевіч, Людміла Кухарэвіч, Ніна Міралькова, Галіна Галіна, Эмілія Гаўрус, Юрый Горыд, Ганна Мілашэвіч, Сяргей Сяўко, Алег Клюшын, Марыя Васілёнак, Наталля Валынец, Аляксандр Марозаў, Рэгіна Дрэма, Капіталіна Пятроўская – прабачце, калі некага прапусціла! – за ваша актыўнае супрацоўніцтва з нашай газетай, за тое, што сваімі матэрыяламі вы робіце яе больш цікавай і насычанай.

Сённяшні святочны нумар газеты мы вырашылі зрабіць з дапамогай нашых памочнікаў – журналістаў, якія працуюць у іншых сферах, але застаюцца такімі па свайму характару, па духу, па прызванні.

На жаль, нават сёння, у “тоўстай” газеце, мы не змаглі змясціць творы ўсіх – прабачце.

Але пачнецца новы тыдзень – і прыйдуць новыя нумары “Астравецкай праўды”, абновіцца сайт газеты, выйдуць новыя радыёперадачы, з’явяцца новыя выпускі тэлепраграмы – і па-ранейшаму “Астравецкая праўда”, дзякуючы сваім штатным і няштатным аўтарам, будзе асноўным пастаўшчыком навін мясцовага жыцця да вас, шаноўныя чытачы, слухачы, гледачы, інтэрнэт-карыстальнікі.

Таму – да новых сустрэч!

І ўсіх – з нашымі агульнымі журналісцкімі святамі!

Текст: Главный администратор