Быстро и плодотворно проходит уборка урожая на Островетчине

12:00 / 13.08.2014
Лічы, праімчала… Прагуло… Прасыпалася залатым дажджом зярнятак… Другога такога жніва не памятаюць і старажылы.


Вось так, каб пачалося і закончылася на адной мажорнай ноце… Ну канешне, спёка. І, вядома, стома. І да гадзіны ночы – у полі. І абед – па чарзе з памочнікам (толькі б не прастойваў камбайн!). І бягучы рамонт амаль на хаду… І злы званок вадзіцелю на адвозцы: “Ты што, аслеп? Трэцюю хвіліну стаю пад лесам поўны…”

Каб ад камбайнаў да сушылкі прывозілі збожжа вільготнасцю 8-12 працэнтаў. І каб дасушваць яго не было патрэбы – дастаткова правеяць ад пылу ды пустазелля…

І каб да колернасці збожжа на прыёмных пунктах быў нуль прэтэнзій – яго золата не страціла ні карата сваёй першапачатковай, Богам і прыродай дадзенай “пробы”…

І такіх тэмпаў, каб кожны дзень (лічы, без выключэння) абмалочвалася па 6-8 працэнтаў агульнай плошчы раённага хлебнага поля…

І ніякіх прастояў ні з-за зацяжной непагадзі, ні з-за адсутнасці паліва, запчастак ці іншых арганізацыйных недапрацовак...

Жніво-2014 абяцае закончыцца да… сярэдзіны жніўня. І не таму, што атрымалася пустакалосым, – сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых у межах 45-ці цэнтнераў – лічба для не асабліва ўрадлівых зямель Астравеччыны вельмі салідная. Ледзь не рэкордная. Хаця слова “ледзь” тут – хутчэй ад сурокаў.

Прынамсі, у валавым намалоце ў хлебаробаў сёлета ёсць вялікі шанс скарыць новы пік – у рэкордным 2008-м у засекі гаспадарак раёна трапіла 80 тысяч тон збожжа, а па стану на 8 жніўня – 70 тысяч. Ужо. А яшчэ чакаюць свайго часу 19 працэнтаў неабмалочаных збожжавых палеткаў плюс пакуль не да канца вызначаная плошча кукурузы на зерне…

Льецца золатам пшаніца. Тупаціць па кузавах самазвалаў рабрысты ячмень. Авёс шалясціць, нібы шоўк…

І растуць, растуць тысячы тон новага хлеба. А з імі і іх здабытчыкі – людзі, якія знаходзяцца на пярэднім краі ўборкі: камбайнеры, вадзіцелі, аператары сушыльных установак.

У кожнай гаспадарцы распрацаваны ўмовы заахвочвання работнікаў, занятых на жніве. Эканамістыпрапанавалі свае прамежкавыя “прыпынкі” для ўзнагароджання: 30–40–50 дзённых норм намалоту, перавозкі або сушкі. А прафсаюз, як заўсёды, акругліў прызавую лічбу– зрабіў яе кратнай тысячы тон.

Як толькі ўборка пераваліла праз уласны экватар, тысячнікі “пасыпаліся” як з рога дастатку. Так што Мікалаю Канстанцінавічу Грыцкевічу, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і харчавання, засталося толькі ўціснуць процьму падарункаў у ведамасны аўтамабіль і адправіцца непасрэдна да герояў. Да герояў Жніва-2014…


Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.