В Островецком лесхозе готовятся к зиме

18:00 / 13.08.2014
У небывала спякотнае надвор’е, якое ўсталявалася на тэрыторыі нашай краіны, да сёмага поту працуюць не толькі хлебаробы – клопатаў хапае і ў спецыялістаў паляўнічай гаспадаркі Астравецкага лясгаса. У гэты гарачы перыяд на д апамогу егерскай службе, у якую ўваходзяць тры егеры і адзін рабочы, паспяшаліся ўсе дзевяць лясніцтваў.


Хуткімі тэмпамі зараз нарыхтоўваюць на зімні перыяд кармы для дзікіх капытных жывёл, якія знаходзяцца на вальерным утрыманні. Спецыялісты егерскай службы, навучаныя вопытам мінулага года, калі зацяжная зіма доўга не саступала месца вясне, лічаць: лепш нарыхтаваць больш корму, чым яго не хопіць.

На пачатак жніўня бягучага года ў Астравецкім лясгасе ўжо нарыхтавалі 40 тон сена. Прасаванне сена хутка зменіцца абмалотам зерневых, а затым надыдзе чарга сакавітых і грубых кармоў. А затым наступіць час пасеву азімых культур.

Дапамогу ў нарыхтоўцы кармоў для вальерных відаў жывёл аказвае фермерская гаспадарка Т.Б. Шкіруця. Частку кармоў плануецца набыць у сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, бо ў зімнія марозныя дні лішак салодкіх буракоў або духмянага сена жывёле не зашкодзяць.


– Колькасць асобін таго або іншага віду, якія зараз знаходзяцца на ўтрыманні ў вальерах, дакладна назваць складана, таму што яшчэ не ўлічаны маладняк, які зараз турбаваць непажадана, – гаворыць вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Віктар Мечыслававіч Урбановіч. – Прыкладна 40 муфлонаў, больш за 90 ланяў, 30 высакародных аленяў і 15 аленяў плямістых зараз знаходзяцца пад наглядам егерскай службы Астравецкага лясгаса.


У сувязі з барацьбой па недапушчэнню распаўсюджвання афрыканскай чумы за апошнія некалькі месяцаў значна зменшана пагалоў’е дзікага кабана.


– Зараз выспявае малочны авёс, – працягвае Віктар Мечыслававіч. – Аднак не відаць, каб кабаны выходзілі да палёў. Але па данных уліку егерскай службы, на тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі лясгаса засталося яшчэ каля дзясятка дзікоў. І ўсё ж можна канстатаваць: з задачай, якая стаяла перад нашымі спецыялістамі, мы цалкам справіліся.


…Работа кіпіць: духмяныя травы сохнуць пад сонцам, сена прасуецца. Застаецца спадзявацца, што ўсе нарыхтаваныя за лета кармы будуць выкарыстаны зімой па прызначэнні, а “жывёльны перапіс” пакажа папаўненне парнакапытных прыгажуноў.


Алена ГАНУЛІЧ