Мемориальный комплекс памяти героев Первой мировой войны открыт в Сморгони

10:00 / 12.08.2014
1
Тым жыхарам Астравеччыны, якія ў мінулую пятніцу трапілі ў суседнюю Смаргонь, магло падацца, што час закальцаваўся і яны трапілі ў пачатак мінулага стагоддзя. Дакладней, у 1914-1918 гады, калі ў гэтай мясцовасці, у тым ліку і на тэрыторыі сучаснага Астравецкага і Смаргонскага раёнаў, ішлі жорсткія баі паміж войскамі кайзераўскай Германіі і Расійскай імперыі.



Аб тых далёкіх часах нагадваюць шматлікія пахаванні рускіх і нямецкіх салдат ды “падарункі” ваеннай мінуўшчыны – гільзы, кулі, рэшткі зброі і абмундзіравання, – што не-не, ды выходзяць на паверхню зямлі. А тыдзень таму час, здавалася, павярнуўся назад: па горадзе маршыравалі пехацінцы ў баявых формах нямецкіх і расійскіх салдат і афіцэраў часоў Першай сусветнай вайны.

Менавіта ў Смаргоні 1 жніўня быў адкрыты мемарыяльны комплекс памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны. На гэтую значную падзею сабралася каля тысячы мясцовых жыхароў.

Акрамя прадстаўнікоў мясцовай улады, на мерапрыемстве прысутнічалі часовыя павераныя, надзвычайныя і Паўнамоцныя паслы і іншыя прадстаўнікі пасольстваў Венгрыі, Вьетнама, Бразіліі, Славакіі, США, Расіі, Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Літвы, Сербіі, Ватыкана, Кітая, Казахстана, Палясціны, Францыі і Германіі. Прысутнічалі намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік і дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота. Ушанаваць памяць загінуўшых воінаў і ахвяр Першай сусветнай вайны прыехалі прадстаўнікі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы і Рымска -каталіцкага касцёла ў Беларусі.

У гісторыка-краязнаўчым музеі ўсе зацікаўленыя маглі азнаёміцца з выставай "Беларусь у гады Першай сусветнай вайны" з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея. А амаль на выездзе з горада ў накірунку Вілейкі, дзе размешчаны мемарыяльны комплекс, прайшоў мітынг-рэквіем і тэатралізаванае прадстаўленне з паказальнымі выступленнямі ваенна-гістарычных клубаў і ўніфармісцскіх грамадскіх аб'яднанняў, якія спецыялізуюцца на тэматыцы Першай сусветнай вайны.

На сённяшні дзень большая частка работ па стварэнні мемарыялу ўжо выканана: устаноўлена скульптурная кампазіцыя з трох помнікаў – “Крылаты геній вайсковай славы”, “Салдаты Першай сусветнай вайны” і “Бежанцы”, пабудавана капліца, пракладзены дарожкі і ўсталяваны камень памяці, на якім у хуткім часе будзе размешчаны тэкст звароту да нашчадкаў.


Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.