Островецким воинам-интернационалистам вручили юбилейные медали

13:00 / 10.08.2014
Загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2014 года №60 устаноўлены юбілейны медаль “У памяць 25-годдзя заканчэння баявых дзеянняў у Афганістане”. 1 жніўня медалі атрымалі астравецкія воіны-інтэрнацыяналісты.

Юбілейныя медалі ва ўрачыстай і цёплай атмасферы ўдзельнікам вайны ў Афганістане ўручылі начальнік групы прызыву на ваенную службу Астравецкага ваенкамата Дзмітрый Багуслаўскі і намеснік старшыні раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў Аляксандр Андралойць.
Чвэрць стагоддзя – немалы тэрмін. Жыццё віруе ў сваім разнастайным цячэнні, прыносіць новыя ўражанні і перажыванні, паступова прытупляючы ці сціраючы мінулае. Гледзячы на твары астравецкіх удзельнікаў вайны ў Афгане, на першы погляд можа падацца, што так яно і ёсць: памяць даўно сцерла жахлівыя ўспаміны тых гадоў. Толькі гэта не так... Напэўна, яны і рады б забыць – ды пякучы боль Афганістана не адпусціць іх ніколі.


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.