Команда КВН Михалишковской школы будет представлять Островецкий район на Республиканском турнире

16:00 / 26.12.2013
Кажуць, што ў жыцці шмат нечаканасцей. Здараецца, чалавек чакае адно, а яму ў рукі трапляе зусім іншае. Так адбылося і з нашай камандай КВЗ “Перыферыя”.

Два гады запар мы “штурмавалі” раённы этап КВЗ, але кожны раз да перамогі не хапала зусім крышку. У гэтым годзе мы ехалі ўдзельнічаць для задавальнення, як кажуць – для сябе. Пра месца нават гаворка не вялася. Але нечакана, мы заваявалі першае месца і “прайшлі” на вобласць. Радасці не было межаў.
І пачалася актыўная падрыхтоўка мініяцюр, песні, танца. Безумоўна, хацелася як мага лепш паказаць сябе, расказаць пра свой раён, добра прадставіць сваю школу. Дзякуй адміністрацыі нашай школы, якая дапамагала ва ўсім. Кожны дзень мы ўдасканальвалі сваё выступленне.
І вось настаў той саамы доўгачаканы дзень… Нас вельмі ветліва сустрэлі прадстаўнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Гродна. Прадаставілі месца для рэпетыцыі і назначылі час рэдактарскага прагляду, якога мы, шчыра кажучы, вельмі баяліся. Але выступілі ідэальна. Усё было дасканала. Наперадзе ж было самае страшнае – вердыкт: якія мініяцюры дрэнныя, што патрэбна выкрасліць, што – дапрацаваць… На хвіліну сэрца замерла… Ура! Рэдактару ўсё спадабалася. Усё, што так дасканала адшліфоўвалі, было на сваім месцы.
Рашаючы момант – выступленне. І чаго мы годныя?.. Было таксама вельмі цікава: як прыме нас зала? Ці зразумеюць наш гумар? Хваляванні перамешваліся з жаданнем спаць, таму што мы вельмі рана выехалі. Але нам удалося усё ж такі сабрацца і выступіць так, як трэба. Зала прыняла нас як сваіх. Смех не сціхаў ні на хвіліну – і гэта прыбаўляла сіл. Немагчыма перадаць, што адчуваеш, калі стаіш на сцэне, – эйфарыя ўперамешку з адрэналінам. Такое можна адчуць, мабыць, толькі скачучы з парашутам.
На месца мы не разлічвалі, бо бачылі, якія моцныя каманды выступалі з намі на адной сцэне. Канешне, дзесьці ў патаемных куточках душы кожны з нас спадзяваўся на перамогу, але … Праўда, упэўненасці нам надалі станоўчыя выказванні журы – нас заўважылі і пахвалілі. Але канчатковых вынікаў ніхто не сказаў.
Два дні мы чакалі… Думалі, гадалі, абмяркоўвалі.
І вось, нарэшце, вынік падведзены: мы “прайшлі” на Рэспубліканскі турнір! Мабыць, усе Міхалішкі чулі нашы воклікі захаплення. Усе шчыра радаваліся за нас.
Пасля Новага года мы зноў пачнём рыхтавацца, і безумоўна, прыкладзем усе намаганні, каб добра прадставіць свой раён у Мінску.


------------------------------
Анастасія ЛЯХОВІЧ, вучаніца 11 класа Міхалішкаўскай СШ.