В Островецком районе появилась передвижная почта

12:00 / 22.12.2013
Перасовачнае аддзяленне сувязі пачало працаваць у Астравецкім раёне.

Яно амаль нічым не адрозніваецца ад звычайных, стацыянарных аддзяленняў сувязі, якія працуюць ў розных вёсках нашага раёна – акрамя таго, што размешчана на колах. Гэта своеасаблівая аўтапошта. Тут створаны ўсе ўмовы для паштовых аперацый: спецыяльная камп’ютарная сістэма дазволіць адправіць паштовы перавод, заплаціць камунальныя паслугі, зняць наяўныя грошы па банкаўскай картцы, папоўніць рахунак, атрымаць пенсію, пакласці грошы на мабільны тэлефон і выканаць шэраг іншых аперацый. А таксама ёсць магчымасць набыць любы тавар, пачынаючы ад часопісаў-газет і пральнага парашка і заканчваючы бытавой тэхнікай, якую па папярэднім заказе таксама могуць даставіць у аддаленыя куточкі раёна нашы паштавікі.
Арганізацыя такога мабільнага аддзялення сапраўды дазволіла вырашыць многія праблемы жыхароў: цяпер неабходную рэч можна заказаць у перасовачным аддзяленні, і праз некалькі дзён яе прывязуць з дастаўкай на месца. Вялікі плюс заключаецца ў тым, што тут можна зняць грошы з банкаўскай карты, – зрабіць гэта ў вёсцы, дзе не ўстаноўлены банкамат, раней было немагчыма.
– Стварэнне такіх перасовачных пунктаў робіць пошту больш мабільнай, – расказвае начальнік Астравецкага раённага вузла паштовай сувязі Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Асноўная праблема, з якой мы пастаянна сутыкаемся, – знайсці ў вёсцы паштальёна. Ды, па праўдзе кажучы, аддзяленні сувязі ў многіх вёсках сёння сталі стратнымі. А вось такія мабільныя аддзяленні якраз і могуць павысіць эфектыўнасць работы нашай галіны. Якасць абслугоўвання пры гэтым горшай не стане, аб’ёмы паслуг таксама не будуць меншымі. А ўлічваючы тое, што сёння перасовачнае аддзяленне сувязі заязджае ў тыя вёскі, дзе пошты не было, то нават будзе значна вышэйшай.
Сёння ў Астравецкім раёне створана пакуль што адно перасовачнае аддзяленне сувязі, якое абслугоўвае Страчу, Спонды, Масцяны, Страчанку і шэраг іншых вёсак, якія размешчаны ў гэтай акрузе. Узначальвае яго Марыя Казіміраўна Блашкевіч, якая да гэтага працавала ў аддзяленні сувязі “Варняны”. А дапамагае ёй вадзіцель паштовага аўтамабіля Ігар Мікалаевіч Ялоўскі.
Кожны дзень у вызначаны час аўтапошта наведвае аддаленыя вёскі раёна, каб прывезці свежыя навіны і неабходныя тавары – ад гэтага, думаецца, у выйгрышы ўсе.
– Акрамя перасовачнага аддзялення сувязі, у нашым раёне распрацаваны два аўтамабільныя маршруты: вадзіцелі-паштальёны Мечыслаў Рамуальдавіч Андралойць і Тэрэса Сігізмундаўна Керна – да слова, першая ў нашай вобласці жанчына, якая стала вадзіцелем-паштальёнам, – развозяць пошту, пенсіі і шматлікія тавары па населеных пунктах раёна згодна з распрацаваным маршрутам, – гаворыць Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Канешне, па першым часе было складана, аднак мы спраўляемся. Сёння час такі, што стаяць на месцы і чакаць нечага нельга, трэба рухацца наперад. Без гібкасці, умення ў час сарыентавацца і, канешне, лічыць свае даходы і расходы, рабіць гэта складана.
Першыя кліенты мабільнай пошты ўжо ацанілі зручнасць абслугоўвання і эканомію свайго часу.


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.