Школьники Островецкого района готовятся к областному этапу республиканской олимпиады

15:00 / 17.12.2013
Дваццаць школьнікаў прадставяць Астравецкі раён на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

На працягу лістапада ў раёне праходзіў раённы этап рэспубліканскіх алімпіяд сярод вучняў 8-11 класаў па матэматыцы, біялогіі, геаграфіі, фізіцы, хіміі, беларускай, рускай і замежных мовах, працоўным навучанні, інфарматыцы, грамадазнаўству, гісторыі і астраноміі.
151 вучань пасля папярэдняга адбору ў сваіх школах прыехаў у Астравец, каб пазмагацца за права прадставіць раён на абласным этапе. Па выніках раённых алімпіяд 66 школьнікаў былі ўзнагароджаны дыпломамі рознай ступені. На жаль, толькі восем з іх атрымалі дыпломы І ступені, 27 вучняў былі ўзнагароджаны дыпломамі ІІ ступені, і 31 школьнік – ІІІ ступені. Аднак не ўсе яны змогуць прыняць удзел у абласным этапе рэспубліканскіх алімпіяд.
Справа ў тым, што перш чым трапіць на абласную алімпіяду, неабходна прайсці абласны рэйтынгавы адбор. Сёлета рэйтынгавую шкалу пераадолелі ажно 20 юных алімпіяднікаў ( у мінулым годзе такіх было 11) – яны і будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па дзевяці прадметах. Так, на алімпіядзе па матэматыцы наш раён прадставяць Аляксандр Рэкець і Антон Снегур з СШ №1 Астраўца і Насця Карнэлік з гімназіі №1. Два вучні – Аляксей Казлоўскі з гімназіі №1 і Павел Паляшчук з СШ №1 – паедуць на алімпіяду па працоўным навучанні. У алімпіядзе па хіміі змогуць прыняць удзел Ангеліна Пятровіч з гімназіі №1 і Віка Фёдарава з СШ №1. Вераніка Анімуцкая з гімназіі №1 прадставіць наш раён на алімпіядзе па нямецкай мове. Дарэчы, Вераніка вучыцца ў дзявятым класе, але будзе выступаць за дзясяты. Да таго ж дзяўчына займае першае месца па сваім прадмеце ў абласным рэйтынгу. На алімпіядзе па нямецкай мове будзе выступаць і Лізавета Палтаржыцкая з Альхоўскай школы. На алімпіяду па рускай мове паедзе дзесяцікласніца СШ №1 Маргарыта Шаўчэнка. Марта Пясляк з гімназіі №1 выступіць на алімпіядзе па грамадазнаўству. Ажно чатыры вучні прадставяць наш раён на алімпіядзе па фізіцы: Лізавета Клімчэня і Антон Снегур з СШ №1, Артур Петрулевіч і Аляксандр Карпаў з гімназіі №1. Сёлета Антон Снегур будзе ўдзельнічаць адразу ў дзвюх прадметных алімпіядах – па фізіцы і матэматыцы. Таксама чатыры школьнікі паедуць на алімпіяду па беларускай мове – як аказалася, лепш за ўсё яе ведаюць вучні сельскіх школ: Карына Сяўрыс з Варнянскага НПК – дарэчы, дзяўчына займае першае месца па набраных балах у абласным рэйтынгу, Марыя Варанішча з Альхоўскай СШ, Анастасія Ляховіч з Міхалішкаўскай школы і Аляксандра Папкова з Падольскага НПК. І на абласной алімпіядзе па геаграфіі наш раён прадставіць адзінаццацікласнік Падольскага НПК Іван Капуста.
Калі звярнуцца да лічбаў, то найбольшую колькасць алімпіяднікаў, якія прайшлі абласны адбор, падрыхтавалі гімназія №1 і СШ №1 Астраўца – па сем чалавек, па два алімпіяднікі у Падольскага НПК і Альхоўскай СШ і па аднаму – у Варнянскага НПК і Міхалішкаўскай СШ. 13 студзеня школьнікі адправяцца ў Гродна, каб пазмагацца за права стаць лепшымі на абласным этапе.
Пажадаем ім поспеху!


Алена ЯРАШЭВІЧ.