Скоро в Островце откроются ёлочные базары

14:00 / 16.12.2013
Традыцыйныя ёлачныя кірмашы пачнуцца сёлета з 20 снежня 2013 года і прадоўжацца да 5 студзеня 2014 года ўключна. За гэты час кожны жадаючы зможа выбраць зялёную прыгажуню на свой густ.

Астраўчане змогуць набыць навагоднія хвойныя дрэвы з 9 гадзін раніцы да 6 гадзін вечара каля кінаканцэртнай залы “Астравец”, у мікрараёне Валадарскага і ў Астравецкім лясніцтве. Жыхары аграгарадкоў і найбольш вялікіх вёсак змогуць набыць навагоднія дрэвы на кірмашах каля гандлёвых кропак райспажыўтаварыства і звярнуцца ў лясніцтва па месцы жыхарства.
Елка або сасна вышынёй да метра будзе каштаваць (з улікам падатку на дабаўлены кошт) 45 000 рублёў. Дрэва вышынёй ад метра да двух абыдзецца ў 50 000 рублёў, а вышынёй да трох метраў “пацягне” на 63 000 рублёў. А вось за чатырохметровую прыгажуню давядзецца выкласці 77 000 рублёў.
Напярэдадні навагодніх святаў спецыялістамі Астравецкага лясгасу сумесна з аховай прыроды і навакольнага асяроддзя будзе арганізавана ўзмоцненая ахова ляснога фонду. Аматараў дармовых елачак чакае штраф, які будзе залежаць ад таго, у якой групе лясоў было спілавана дрэва (ад 5 да 50 базавых велічынь). У дадатак да штрафу будуць улічаны нанесеная шкода і кошт дрэва. Пагэтаму перш, чым ісці ў лес за ёлкай, падумайце, ці патрэбны вам “наламаныя дровы” і сваімі ж рукамі сапсаваныя святы.


Алена ГАНУЛІЧ.