На базе Ворнянской школы будет создан первый в Беларуси эколого-образовательный центр по охране балтийского лосося

17:00 / 09.12.2013
Першы ў Беларусі экалагічна-адукацыйны цэнтр, работа якога будзе накіравана ў першую чаргу на пытанні, звязаныя з захаваннем балтыйскіх ласосяў, будзе створаны ў 2014 годзе на базе Варнянскай школы.

Як расказалі завуч гэтай школы Алена Іванаўна Юркойць і настаўнік геаграфіі Уладзімір Віктаравіч Саленік, экацэнтр будзе складацца непасрэдна з кабінета экалогіі, абсталяванага самай сучаснай тэхнікай, а таксама са спецыяльнай пляцоўкі ля школы, якую ўпрыгожаць выразаныя з дрэва скульптурныя фігуры. А яшчэ – і можа, гэта самае галоўнае – будзе распрацавана экалагічная сцежка працягласцю больш за 15 кіламетраў, што аб’яднае ў адно цэлае некалькі прытокаў Віліі, у якія на нераст прыходзіць кумжа, Варнянскую вежу на востраве, музей-сядзібу Богуша-Шышкі ў Трокеніках, музей фаўны Змітровіча і іншыя гісторыка-культурныя аб’екты.


– Прыярытэтным накірункам работы цэнтра маем намер зрабіць інтэрактыўны метад навучання, – гаворыць Алена Іванаўна. – Яго сутнасць заключаецца ў арганізацыі ўрока, падчас якога практычна ўсе навучэнцы аказваюцца ўцягнутымі ў працэс пазнання. Сумесная дзейнасць навучэнцаў пры засваенні вучэбнага матэрыялу правакуе кожнага вучня на пошукі ўласнага рашэння праблемы, на абмеркаванне і рэфлексію. У выніку ідзе абмен ведамі, ідэямі, спосабамі дзейнасці. Прычым адбываецца гэта ў атмасферы добразычлівасці і ўзаемнай падтрымкі, што дазваляе не толькі атрымліваць новыя веды, але і развівае саму пазнавальную дзейнасць і навыкі ўзаемадзеяння.


– З распрацоўкай канчатковай канцэпцыі будучай дзейнасці экалагічнага цэнтра, – тлумачыць Уладзімір Віктаравіч, – нам дапамагаюць супрацоўнікі грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", эксперты ў галіне іхтыялогіі, гідрабіялогіі і іншыя спецыялісты рэспубліканскага маштабу. “Птушкі Бацькаўшчыны” ў многім узялі на сябе і матэрыяльны бок праекта: яны абяцаюць забяспечыць нас самым сучасным абсталяваннем і ўсёй неабходнай апаратурай.


Плануецца, што інтэрактыўны адукацыйны цэнтр будзе садзейнічаць асветніцкай і прыродаахоўнай рабоце наогул і рабоце па захаванні месцаў нерасту ласасёвых рыб у рэгіёне у прыватнасці. Ён павінен стаць адным з ключавых элементаў экалагічнай адукацыі не толькі Астравецкага, але і іншых раёнаў рэспублікі, у першую чаргу тых, якіх знітоўвае паміж сабой рака Вілія.


--------------------
Ганна ЧАКУР.