Какие возможности откроет телемедицина для Островецкого района

18:00 / 24.07.2012

У рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва дзяржаў, якія ўваходзяць у рэгіён Балтыйскага мора, стартаваў праект для медыцынскіх работнікаў PrimCareIT. Мэта гэтага праекта – папярэджанне ўцечкі кадраў і прафесіянальнай ізаляцыі медыцынскага персаналу ў пярвічнай медыка-санітарнай дапамозе шляхам укаранення тэлекансультацый і тэленавучання для ўмацавання сацыяльных умоў у аддаленых раёнах рэгіёна Балтыйскага мора. Партнёры праекта – буйныя медыцынскія ўніверсітэты і клінікі Фінляндыі, Швецыі, Германіі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. У гэтым спіску і дзве ўстановы Беларусі – Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі і Астравецкая раённая бальніца. Пра тое, якія магчымасці адкрывае перад нашым раёнам удзел у гэтым праекце, расказвае кіраўнік праекта, намеснік галоўнага ўрача Астравецкай ЦРБ па лячэбнай рабоце Уладзімір Часлававіч Мажэйка.


–Для ўкаранення сістэмы тэлекансультацый і тэленавучання ў Астравецкім раёне нам выдзяляюць значную суму грошай. Аднак для таго, каб атрымаць гэтыя інвестыцыі вялікая работа была праведзена на раённым узроўні. Хацелася б падзякаваць старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку і яго намесніку В.З. Свілу за садзейнічанне ў інфарматызацыі лячэбных устаноў: пабудове лакальнай сеткі, набыцці серверу. Будучыня – за інавацыямі, і ўдзел у гэтым праекце адкрывае перад намі новыя магчымасці. Мы ўводзім сістэму электронных картачак і талонаў, наступным этапам стане ўкараненне электроннай гісторыі хваробы, якую пацыент зможа скінуць на электронны носьбіт і паехаць з ёй у любую клініку краіны.


Акрамя таго, на выдзеленыя сродкі ў трэцім квартале бягучага года будзе закуплена камп’ютарная тэхніка, сродкі сувязі, праграмнае забеспячэнне для ўкаранення сістэмы тэлекансультацый і тэленавучання. Так, у Гервяцкай, Кямелішкаўскай, Міхалішкаўскай, Варнянскай амбулаторыях, у Астравецкай ЦРБ і ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі будуць устаноўлены камп’ютары са спецыяльнымі праграмамі. І спецыялісты пры дапамозе інтэрнэту і відэасувязі змогуць кансультавацца адзін з адным. Да прыкладу, урачу з Варнянскай амбулаторыі неабходна, каб пацыента паглядзеў неўрапатолаг. І калі раней гэтаму пацыенту трэба было ехаць у Астравец да спецыяліста, расходваць грошы і губляць час, то хутка ўрачы змогуць звязацца пры дапамозе відэасувязі –  і раённы неўрапатолаг пракансультуе пацыента ў анлайн-рэжыме. У больш складаных выпадках можна звярнуцца ў Беларускую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Карацей кажучы, пацыент, седзячы ў Варнянах, зможа атрымаць кансультацыю прафесара з Мінска.


Што тычыцца тэленавучання, то гэта таксама вельмі зручна. Нашым спецыялістам не трэба будзе ехаць у акадэмію паслядыпломнай адукацыі на курсы павышэння кваліфікацыі, калі курсы носяць тэарэтычны характар. Яны змогуць праслухаць лекцыі на месцы, задаць пытанні выкладчыкам і ў канцы атрымаць афіцыйны дакумент аб тым, што яны прайшлі навучанне. Зноў жа гэта эканомія сродкаў і часу.


Увогуле гэты праект павінен не толькі павысіць прафесійны ўзровень, знізіць прафесіянальную ізаляцыю ўрачоў і зрабіць медыцыну больш даступнай, яшчэ адзін важны момант – гэта папярэджанне ўцечкі кадраў. Калі малады спецыяліст прыязджае працаваць у вёску, ён застаецца адзін на адзін з усімі праблемамі пацыентаў. Зразумела, яму становіцца боязна, бо ўся адказнасць на ім адным. Дзякуючы сістэме тэлекансультацый малады ўрач зможа ў любы момант пракансультавацца з вопытным спецыялістам – і ў выніку будзе адчуваць сябе больш упэўнена. І, магчыма, не будзе уцякаць са свайго месца працы, як толькі скончыцца тэрмін адпрацоўкі.


Адным словам, праект адкрывае перад намі шмат перспектыў. І мы ганарымся, што Астравецкая ЦРБ - адзіная бальніца ў рэспубліцы, якая з’яўляецца партнёрам гэтага праекта. Прадоўжыцца ён 27 месяцаў. Аднак гэта не значыць, што праз пэўны час усё скончыцца. Тэхналогіі, абсталяванне, веды – застануцца ў Астравецкім раёне.



Вольга ШОЎКУН.