Пилотный проект для островецких медиков

10:00 / 19.07.2012

Сусветная арганізацыя аховы здароўя пасля кансультацыі з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі  Беларусь абрала Астравецкі раён у якасці пляцоўкі для ажыццяўлення пілотнага праекта “Практычныя падыходы да аховы здароўя лёгкіх”. У яго рамках на базе Астравецкай ЦРБ 10-11 ліпеня прайшоў семінар для ўрачоў агульнай практыкі раёна і ўчастковых тэрапеўтаў з удзелам нацыянальнага прафесіянальнага супрацоўніка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Валянціна Русовіча, дацэнта кафедры агульнай урачэбнай практыкі БелМАПА Алены Варанко і выкладчыка кафедры Алены Азаравай.


Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклапочана ростам захворванняў на лёгкія. У сувязі з гэтым на тэрыторыі нашай краіны плануецца ўкараніць міжнародны стандартызаваны падыход да дыягностыкі і лячэння паталогій лёгкіх. Зараз ідзе работа над стварэннем інструкцыі па рэспіраторных захворваннях для ўрачоў пярвічнай медыцынскай дапамогі. Яна ўжо напісана па міжнародным шаблоне, аднак патрабуе адаптацыі да мясцовых ўмоў. Першай пляцоўкай, дзе гэта інструкцыя будзе апрабавана, абраны Астравецкі раён. На працягу шасці  месяцаў урачы Астравеччыны будуць ацэньваць эфектыўнасць міжнароднага алгарытму лячэння паталогій лёгкіх, затым унясуць свае прапановы і заўвагі – і на падставе нашага вопыту будзе выдадзена інструкцыя для ўсёй рэспублікі. Яе асноўная накіраванасць – зніжэнне колькасці захворванняў на лёгкія, прафілактыка туберкулёзу, рацыянальнае выкарыстанне антыбактэрыяльнай тэрапіі.


У рамках праекта арганізавана некалькі семінараў для ўрачоў нашага раёна па азнаямленні з сучаснымі метадамі лячэння хвароб лёгкіх. Першы этап прайшоў 10-11 ліпеня, наступны адбудзецца 24-25 ліпеня.


– Мы вельмі задаволены, што пілотны праект будзе рэалізоўвацца менавіта ў нас, – кажа намеснік галоўнага ўрача Астравецкай ЦРБ па лячэбнай рабоце Уладзімір Мажэйка. – Усё ж такі гэта прэстыж раёна, ды і фінансы іграюць не апошнюю ролю. Так, Сусветная арганізацыя аховы здароўя выдзяляе нам фінансавыя сродкі – а гэта 10 тысяч долараў ЗША – для закупкі неабходнага медыцынскага абсталявання: спэйсараў (дапаможны прыбор для інгаляцый), пікфлоўметраў (устройства для вызначэння функцыі знешняга дыхання), атаскопаў (для дыягностыкі слыхавога праходу і барабаннай перапонкі). Ды і ўвогуле прыемна, што нашы спецыялісты будуць прымаць непасрэдны ўдзел у распрацоўцы інструкцыі па рэспіраторных захворваннях. А калі пілотны праект скончыцца, у нас застануцца веды, літаратура і абсталяванне.


Валянцін Русовіч, кіраўнік праекта, нацыянальны прафесіянальны супрацоўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя:


– Міністэрства аховы здароўя парэкамендавала выбраць Астравецкі раён для рэалізацыі пілотнага праекта “Практычныя падыходы да аховы здароўя лёгкіх”. На наш выбар паўплывала і тое, што ў склад рабочай групы па напісанні інструкцыі па рэспіраторных захворваннях уваходзіў урач агульнай практыкі Гервяцкай амбулаторыі Аляксандр Васільевіч Максімюк.



Увогуле гэты праект ініцыіраваны туберкулёзнай праграмай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. А адзін з раздзелаў інструкцыі прысвечаны менавіта гэтай небяспечнай хваробе. Аднак туберкулёз у рабоце ўчастковага ўрача сустракаецца рэдка, затое такія рэспіраторныя захворванні як бранхіты, пнеўманіі, сінусіты, танзіліты  – штодзённа. Мэта семінараў, якія праводзяцца ў Астравецкай ЦРБ, – азнаёміць урачоў з сучаснымі метадамі дыягностыкі і лячэння гэтых захворванняў. Акцэнт робіцца на больш рацыянальным выкарыстанні антыбактэрыяльных прэпаратаў: пры вірусных інфекцыях іх выпіска не заўсёды абгрунтавана. У рамках гэтага праекта мы праводзім навучанне ўрачоў навыкам кансультавання па папярэджанні курэння і прынцыпах нікаціназамяшчальнай тэрапіі.



Пасля таго, як пілотны праект пройдзе ў Астравецкім раёне, і пасля ўліку ўсіх заўваг і прапаноў вашых урачоў будзе зацверджаны канчатковы варыянт інструкцыі, якой у далейшым будуць карыстацца ўсе ўстановы аховы здароўя рэспублікі.


Тэкст і фота Вольгі ШОЎКУН.