“Гермес”: “пяць балаў” ад пакупнікоў!

15:17 / 11.07.2012





У сярэдзіне красавіка, пасля журналісцкага расследавання Вольгі Шоўкун “Дзе смачней, дзешавей, прыгажэй?” (“АП” №30 за 18.04.2012 г.), у якім журналістка спрабавала вызначыць самы лепшы прадуктовы магазін Астраўца – якое, да слова сказаць, мела вялікі рэзананс на сайце газеты – мы прапанавалі тое ж самае зрабіць усім жыхарам раёна. Бо густы і прыхільнасці ў кожнага свае – хацелася даведацца, так бы мовіць, “сярэднюю тэмпературу па бальніцы”. Мы адкрылі галасаванне на сайце, надрукавалі апытанне ў газеце і з дапамогай ідэалагічнага аддзела райвыканкама распаўсюдзілі частку анкет у працоўных калектывах, каб сабраць як мага больш галасоў з розных крыніц.


Галасаванне працягвалася больш чым два месяцы. Напярэдадні Дня кааперацыі – прафесійнага свята большасці астравецкіх прадаўцоў – мы вырашылі падвесці яго вынікі і паведаміць чытачам нашай газеты тое, што яны і без нас ведаюць: які ж прадуктовы магазін у іх – самы любімы? А галоўнае – на падставе ўсіх атрыманых галасоў вызначыць, якая астравецкая крама можа насіць званне “народнай”?
Найбольш актыўным яно было на сайце “Астравецкай праўды”. На момант закрыцця галасавання – 6 ліпеня – свой голас за лепшы магазін Астраўца аддалі 604 наведвальнікі сайта. Група лідараў вызначылася адразу: “Гермес” і “Цэнтральны” – два буйнейшыя магазіны райспажыўкааперацыі, і магазіны прыватных прадпрымальнікаў “Анастасія” і адносна нядаўна адкрыты “Гастраном на вуглу”. Прычым дастаткова доўга вышэйшы радок рэйтынгу займаў апошні з пералічаных. Але паступова, без рыўкоў і скачкоў, “Гермес” яго дагнаў, перагнаў і з цягам часу адрыў павялічыў – і да канца галасавання “пальму першынства” ўжо не аддаў.
У “папяровых” анкетах чытачам была дадзена крыху большая прастора – ім прапанавалі ацаніць кожны з магазінаў па пяцібальнай сістэме. Але выкарысталі гэтую магчымасць непараўнальна менш рэспандэнтаў – усяго 54. А вынікі мы падводзілі, падсумоўваючы балы, набраныя кожнай гандлёвай кропкай. Лідары ў выніку атрымаліся практычна тыя ж самыя – “Гермес”, “Цэнтральны”, “Анастасія”. Гэтак жа, як і аўтсайдары – “Калі ласка” і ўніверсам на Фізкультурнай.
Канешне, падобныя даследаванні – як і любыя іншыя, маюць пэўную долю пагрэшнасці. І ўсё ж тое, што па абедзвюх версіях і пераможцы, і аўтсайдар – адны і тыя ж, сведчаць пра іх аб’ектыўнасць.
І сёння мы, кіруючыся меркаваннямі нашых чытачоў, аб’яўляем “Народным магазінам” Астраўца ўніверсам “Гермес”, які па абедзвюх версіях галасавання набраў найбольшую колькасць балаў. Калектыву магазіна з гэтай нагоды ўручаны адпаведны сертыфікат.
Апошняе месца ў галасаванні нашых чытачоў – таксама абсалютна адназначна – заняў універсам на вуліцы Фізкультурнай.
Як размясціліся астатнія гандлёвыя копкі райцэнтра ў рэйтынгу нашых чытачоў, бачна з прыведзеных табліц.
Віншуем калектыў магазіна “Гермес” з самай, бадай, высокай ацэнкай іх працы – прызнаннем пакупнікоў. Жадаем ім і надалей захоўваць усё лепшае, што прывяло да гэтай перамогі.
А іншым гандлёвым кропкам – як спажыўкааператарскім, так і прыватным – падцягвацца да ўзроўню пераможцы.


Ніна РЫБІК.





Надзейны спадарожнік у свеце пакупак

У магазін “Гермес”, калі б ні зайшоў, заўсёды радуешся разнастайнасці асартыменту, прыгожай выкладцы прадукцыі, сучасным тэхналогіям у абслугоўванні, магчымасці самому выбраць тавар. Прадаўцы шмат робяць для таго, каб ён апраўдваў сваё прызначэнне сучаснага магазіна. Нездарма па выніках народнага галасавання на лепшы прадуктовы магазін “Гермес” набраў больш за ўсё галасоў і стаў пераможцам.



“Народны магазін” адкрыўся не так даўно – чатыры гады назад. І за гэты, здавалася б, непрацяглы час гандлёвая кропка набыла асаблівую папулярнасць сярод пакупнікоў. Выручка за месяц складае каля 1,5 мільярда рублёў – гэта больш, чым у любым іншым астравецкім магазіне.
Загадчыцы Таццяне Віктараўне Багдановіч, як і ўсім прадаўцам, падабаецца, калі ў магазіне шмат пакупнікоў – гэта значыць, што людзі аддалі перавагу менавіта “Гермесу”.
– Мы стараемся задаволіць усе пажаданні пакупнікоў, – гаворыць Таццяна Віктараўна. – Насычанасць магазіна таварамі дасягаецца дзякуючы своечасовым пастаўкам. З многімі буйнымі беларускімі прадпрыемствамі мы працуем напрамую – з “Савушкіным прадуктам”, “Беллактам”, “Малочным мірам”, “Дарыдай”, “Лідскім півам”, Лідскім і Мінскімі хлебазаводамі.
У продажы ёсць жывая рыба ў сезон, куры-грыль, пірагі і торты ад мясцовых і сталічных кандытараў.
Для прыцягнення пакупнікоў у магазіне “Гермес” у свой час сталі дзейнічаць дысконтныя карты. Уладальнікі такіх картак могуць набываць тавары са скідкай. Да таго ж, час ад часу ў магазіне праводзяцца акцыі, і можна набыць тавар з меншай гандлёвай надбаўкай. А гэта ўжо эканомія сродкаў у нашых кашальках, што, безумоўна, не можа не радаваць.
А яшчэ – у “Гермесе” пакупнікоў сустракаюць ветлівай усмешкай. Калектыў падабраўся малады і энергічны, гатовы працаваць на рэзультат. У многім гэта заслуга загадчыцы магазіна Таццяны Віктараўны – майстра сваёй справы. Яна – настаўнік моладзі і ветліва прымае ў калектыў маладое папаўненне. Галоўнае, чаму вучыць Таццяна Віктараўна прадаўцоў – з разуменнем, карэктна і добразычліва адносіцца да пакупнікоў.
– Кожны наш жэст, аператыўнасць пры абслугоўванні – усё ацэньваецца вельмі строга, – расказвае Таццяна Віктараўна. – Часам мы чуем крытыку ў свой адрас – не без таго. Нядаўна зламаўся тэрмінал і працавала толькі адна каса, што выклікала справядлівыя скаргі з боку пакупнікоў. Здараецца, што людзям не падабаюцца цэны ў нашым магазіне. І калі ў выпадку з цэнамі мы, на жаль, нічога зрабіць не можам, то тыя праблемы, якія ўзнікаюць па нашай віне, мы стараемся хутка ўладжваць. Таму што клапоцімся пра рэпутацыю магазіна і нам важна, каб гандлёвая зала “Гермеса” ніколі не пуставала.


Вольга ШОЎКУН.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.