Дзень абаронцаў Айчыны ў Рытані адзначылі традыцыйнымі ваенна-спартыўныміспаборніцтвамі

08:28 / 25.02.2012

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў аграгарадку Рытань прайшлі традыцыйныя “Рытаньскія гульні”.


Гісторыя правядзення гэтых ваенна-спартыўных спаборніцтваў налічвае ўжо больш за дзесяць гадоў і кожны раз збірае ўсё больш прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, гатовых памерацца здольнасцямі ў сіле, спрыце і трапнасці.
“Гэта нашмат лепш, чым адзначаць свята з пляшкай піва і цыгарэтай у руках” – перакананы ідэйны натхняльнік і галоўны арганізатар спаборніцтваў, дырэктар Рытаньскага дома культуры Аляксандр Мечыслававіч Юргелянец.
У чарговы раз гульні сабралі звыш 50-ці ўдзельнікаў не толькі з Рытані, а і з суседніх Кямелішак, Падольцаў і нават з Астраўца.
З 11-ці гадзін раніцы 19 лютага Дом культуры ператварыўся ў вялікую спартыўную залу.
Падняцце 24-кілаграмовай гіры, дартц, турнір па шахматах і шашках, більярд, настольны тэніс, разборка і зборка аўтамата, жым на сілавым трэнажоры (спаборніцтва, вынайдзенае ў Рытані) – віды першынства на любы густ, у якіх кожны атрымаў магчымасць праявіць свае лепшыя здольнасці.
Узрост удзельнікаў таксама быў розны – ад сярэдняга школьнага да росквітнага мужчынскага.
У більярдзе непераможнымі аказаліся рытаньскія школьнікі, сярод якіх самым трапным быў Андрэй Юргелянец. Не дзіўна – пры Доме культуры працуе гурток, на якім хлопцы пад кіраўніцтвам дырэктара адточваюць і майстэрства валодання більярдным кіем.
Што да разумовых відаў спорту, то ў шашках і шахматах вось ужо 10 гадоў ніхто не можа скласці дастойную канкурэнцыю аператару кацельнай Карэну Гукасаву з Падольцаў. Святкаваў перамогу ён і на гэты раз. Дарэчы, яго сын Артур перамог у спаборніцтвах па тэнісе.
Самым дужым на трэнажоры быў работнік РУП “Саўгас “Падольскі” Яўген Наневіч: платформа вагой 60 кілаграмаў скарылася хлопцу ажно 25 разоў.
Ці трэба здзіўляцца, што сярод юнакоў прызыўнога ўзросту самай папулярнай аказалася зброя? Дарэчы, з’явілася яна тут дзякуючы ваеннаслужачым з Кямелішкаўскага пагранічнага паста на чале з намеснікам начальніка Яўгенам Жукоўскім. Пагранічнікі і павучылі хлопцаў карыстацца аўтаматам і пісталетам, паказалі майстар-клас па разборцы і зборцы зброі. Зразумела, па-за конкурсам. А перамог у зборцы і разборцы “АК” вучань Кямелішкаўскай школы Максім Казлоўскі.
Ваенныя ж перамаглі ў падыманні гіры. Прапаршчык Віктар Бабіч узняў над галавой жалезны снарад 56 разоў.
А Дзяніс Каралькевіч з Падольцаў прадэманстраваў выдатнае майстэрства ў кіданні дроцікаў.
Ясная справа, не абышлося ў гэты дзень без Ганаровых грамат і каштоўных падарункаў, якія падтрыхтавалі для пераможцаў аддзел спорту і турызму райвыканкама і прафсаюзны камітэт РУП “Саўгас Падольскі”.


Эдуард Свірыд.