Дзіна Трусевіч і Таццяна Грыва сталі пераможцамі рэдакцыйнага конкурсу "Створым свята сваімі рукамі"

10:14 / 22.02.2012
2

Напярэдадні Новага года мы аб’явілі новы конкурс. А паколькі набліжалася свята, то і тэма яго была навагодняя – “Створым свята сваімі рукамі”.


Кожны напярэдадні свят стараецца ўпрыгожыць свой дом, сваё рабочае месца, стварыць вакол сябе добры настрой – і таму мы спадзяваліся, што жадаючых паказаць свае ўменні і творчасць будзе шмат. Аказалася амаль што наадварот. Іх было больш, чым удзельнікаў нашага папярэдняга конкурсу, але таксама няшмат. Дзіна Трусевіч, Таццяна Грыва, Ніна Мілаш, Яна і Вікторыя Алёксы, работнікі Астравецкай бібліятэкі і Варнянскага вучэбна-вытворчага камбіната, выхаванцы класа карэкцыйнага цэнтра і вучні Міхалішкаўскай СШ даслалі свае работы ў рэдакцыю і сталі ўдзельнікамі нашага новага конкурсу.
Ёлачкі з бісеру, паперы, тканіны і нават бярозавай кары, цудоўныя выцінанкі і вышыванкі, самаробныя кампазіцыі і паштоўкі і нават два снегавічкі, злепленыя з першага снегу, які пакрыў зямлю якраз напярэдадні навагодніх свят. Майстэрству нашых аўтараў можна па-добраму пазайздросціць!
Усе работы былі размешчаны на нашым сайце ostrovets.by і надрукаваны ў раённай газеты. З 15 студзеня пачалося галасаванне. На гэты раз яно было больш актыўным – прынамсі, за фотаздымкі ўдзельнікаў прагаласавалі 437 наведвальнікаў нашага сайта. Як і звычайна ў нашых конкурсах выбіраюцца два пераможцы: адзін – па найбольшай колькасці набраных галасоў наведвальнікаў сайта, другі – па рашэнні рэдакцыйнага журы.
Па выніках галасавання на сайце найбольш галасоў набралі работы, зробленыя Дзінай Трусевіч – 203. Яна і стала пераможцам нашага чарговага конкурсу.



Рэдакцыйнае журы таксама выбрала аўтара лепшых работ – амаль адзінагалосна мы аддалі перамогу Таццяне Грыва.



Мы запрашаем пераможцаў нашага конкурсу патэлефанаваць у рэдакцыю і затым прыйсці за дыпломам ад “Астравецкай праўды”.
Віншуем Дзіну Трусевіч і Таццяну Грыва з заслужанай перамогай і запрашаем усіх удзельнічаць у нашых новых конкурсах!


Алена ЯРАШЭВІЧ.