Цікавую акцыю ў Дзень Святога Валянціна правялі астравецкія валанцёры

14:47 / 17.02.2012

"Калі ў сэрцы жыве каханне" – менавіта пад такой назвай прайшла акцыя, якую ў Дзень Святога Валянціна правялі ў Астраўцы валанцёры.


Падчас гэтай акцыі вясёлая група валанцёраў з вядомага атрада “Прамень”, а таксама новых, але не менш актыўных – з гімназічнага “Крышталя” і “Бумеранга” – сумеснага атрада вучняў СШ№1 і гімназіі – раздавалі прахожым прыгожыя валянцінкі і невялікія інфармацыйныя лістоўкі, у якіх ішла размова аб тым, як папярэдзіць ВІЧ. Прахожых таксама пыталі пра вечнае – што такое каханне? І пасыпаліся разнастайныя варыянты і фармуліроўкі. “Каханне – гэта вальс, які можа танцаваць не кожны”, “Каханне – гэта тэарэма, якую даказваюць усё жыццё”, “Каханне – гэта сям’я: муж, жонка, дзеці”, “Каханне – гэта ўсё”. І гэта далёка не ўвесь пералік выказванняў, якія валанцёры запісвалі і змяшчалі на стэндзе, што стаяў побач. Вельмі хутка ён запоўніўся прызнаннямі астраўчан. А побач, як вечны сімвал кахання, было вылеплена са снегу вялікае прыгожае сэрца.



Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.