У Астраўцы ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў

10:19 / 18.02.2012
2





Гэты дзень нічым не адрозніваўся ад іншых. Звычайны зімовы дзень з лёгкім марозікам і пякучымі подыхамі ветру. Толькі не для тых, чыя памяць вяртаецца ў гарачае пекла, дзе жыццё і смерць гулялі ў жудасную гульню, а выйгрышам былі чалавечыя трафеі. І толькі горы былі сведкамі тых крывавых баёў, ды сонца з жалем глядзела зверху ўніз – туды, дзе гінулі людзі.
У гэтую ноч яны дрэнна спяць і ў сваіх снах зноў і зноў вяртаюцца на дваццаць тры гады назад. Навокал – выбухі і безупынныя чэргі выстралаў, якія чаргуюцца са стогнамі і крыкамі. І вочы сяброў, з якімі сустракаюцца толькі ў снах. І вусны шэпчуць: “Прабач, брат… Я – жывы, а ты назаўсёды застаўся там…” І з заплюшчаных вачэй цячэ скупая мужчынская сляза. І прачынаюцца ў халодным поце. І больш не заснуць да самага ранку…
15 лютага ў нашай краіне адзначаўся Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.






У гэты дзень яны сустракаюцца на ступеньках кінаканцэртнай залы “Астравец”, дзе павінна праходзіць афіцыйная частка, прысвечаная Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Вітаюцца, абменьваюцца традыцыйным: “Ну як жывеш? Як справы?” Некаторыя з іх не бачыліся цэлы год. Жартуюць, смяюцца, размаўляюць. І з выпадкова расхінутых куртак выглядваюць медалі....
Ушанаваць памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў прыйшлі супрацоўнікі райвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, цэнтральнай раённай бальніцы і райкама БРСМ. А Дзень памяці пачаўся з невялікага экскурсу ў мінулае – на экране адзін за адным змяняюцца краявіды Афганістана і здымкі маладых людзей у форме. Затым перад прысутнымі выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч, які ўспомніў падзеі Афганскай вайны і падзякаваў яе ўдзельнікам за мірнае неба над галавой. Падзячнае пісьмо ад раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч уручыў У.М. Алізару. Памятныя падарункі ад райвыканкама, а таксама кнігі “Удалечыні, за ракой: воіны-інтэрнацыяналісты Гродзенскай вобласці ў Афганскай вайне 1979-1989 гады” і дыскамі “Афганскае брацтва” былі ўручаны В.А. Казлоўскаму і А.А. Андралойцю.
Са шчырымі словамі ўдзячнасці, павагі і разумення выступілі ваенны камісар Астравецкага ваенкамата І.М. Чычварын і старшыня раённага Савета ветэранаў Р.А. Герт. Дарэчы, Расціславу Арсенцьевічу таксама была ўручана памятная кніга. Прывітаў сваіх таварышаў і старшыня раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў С.С. Ціток.



Затым медалямі “За заслугі” І ступені былі ўзнагароджаны С.С. Ціток, А.А. Андралойць, У.С. Драган, У.М. Алізар, І.М. Чычварын, У.А. Снегур і Г.А. Собалеў, ІІ ступені – В.А. Казлоўскі, А.Г. Федук і С.С. Івашка.
Работнікі аддзела культуры ўшанавалі памяць загінуўшых у Афганістане і павагу да ўсіх воінаў-інтэрнацыяналістаў пранікнёнымі і прачулымі музычнымі нумарамі.
Пасля афіцыйнай часткі воіны-інтэрнацыяналісты разам з ваенным камісарам І.М. Чычварыным, галоўным спецыялістам адзела ідэалагічнай работы Т.М. Букель, старшынёй савета ветэранаў Р.А. Гертам і першым сакратаром райкама БРСМ М.М. Кутовіч наведалі месца, дзе будзе ўстаноўлены помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Ускладанне кветак, хвіліна маўчання і трапяткі агеньчык свечкі…
Вядома, у такі дзень нельга не наведаць землякоў, якія так і не вярнуліся з Афганістана. Іх у нашым раёне двое – Іосіф Канстовіч і Станіслаў Бялячыц. А таксама – выказаць словы падзякі і павагі іх бацькам, якія жывуць у Гудагаі і Радзюшах. Застыўшы і загартаваны часам боль у вачах бацькі, дрыжачыя вусны і нястрыманыя слёзы маці. Нізкі паклон вам, бацькі, за такіх сыноў!
І Іосіф Канстовіч у мясцэчку Гудагай, і Станіслаў Бялячыц у Завідзінентах у чарговы раз сустракаюць гасцей на могілках маўклівай цішынёй. І некалькі скупых слоў некаторых з прысутных. Ды і што можна сказаць словамі. І тым не менш было бачна, як размаўлялі вочы былых афганцаў, як крычала іх сэрца, а думкі былі далёка-далёка, у палаючым пекле Афганістана.


Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота аўтара і Андрэя ПАМЕЦЬКІ.