Лесаводы вобласці – у гасцях на Астравеччыне

16:16 / 11.02.2012

На мінулым тыдні ў Астраўцы прайшла калегія Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання з удзелам Міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Міхаіла Міхайлавіча Амельяновіча і генеральнага дырэктара Гродзенскага лесагаспадарчага аб’яднання Уладзіміра Дзмітрыевіча Семенюка. На калегіі былі падведзены вынікі работы абласнога аб’яднання за 2011 год і пастаўлены задачы на бягучы год.


Сустрэча адбылася ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, куды ўжо з раніцы пачалі з’язджацца лесаводы з усёй вобласці. У фае размясцілася выстава прадукцыі дрэваапрацоўчага цэха Астравецкага лясгаса – нарыхтоўкі з ацыліндраваных бярвёнаў, абшыўка, плінтусы, налічнікі, паліўныя брыкеты і многае іншае. Асаблівую маляўнічасць надала выставе экспазіцыя паляўнічых трафеяў нашай паляўнічай гаспадаркі – рогі аленяў, казуль, ланей, скуркі жывёл. З інфармацыйных стэндаў можна было даведацца аб паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця лясной гаспадаркі вобласці, аб дасягненнях лесаводаў Гродзеншчыны ў сферы будаўніцтва і добраўпарадкавання.
Калегія распачалася яркім прывітальным выступленнем рабят са Спондаўскага школьнага лясніцтва “Пралеска” (кіраўнік К.І. Емяльян), якія расказалі пра сваю дзейнасць, пра дасягненні ў добраўпарадкаванні лясных угоддзяў раёна. Напрыканцы яны ўручылі Міністру лясной гаспадаркі сувенір на памяць, а Міхаіл Міхайлавіч, у сваю чаргу, пажадаў школьнікам поспехаў у той важнай рабоце, якую яны праводзяць, і выказаў спадзяванне, што рабяты ў далейшым звяжуць сваё жыццё з лесам. Дадому юныя лесаводы паехалі не з пустымі рукамі: дырэктар Астравецкага лясгаса Рыгор Мечыслававіч Долгі падзякаваў ім за актыўнае супрацоўніцтва і ўручыў каштоўны падарунак – ноўтбук.
З прывітальным словам звярнуўся да ганаровых гасцей намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, які расказаў аб перспектывах развіцця раёна, а таксама адзначыў, што адным з самых перадавых прадпрыемстваў раёна з’яўляецца Астравецкі лясгас, які дынамічна развіваецца, выконвае ўсе сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, займаецца знешнеэканамічнай дзейнасцю.
– Дынамізм, творчасць, канструктыўныя падыходы ў вырашэнні пастаўленых задач – такія якасці ўласцівы рабоце Астравецкага лясгаса. Прадпрыемству даверана самае каштоўнае багацце нашай зямлі – лясы. А будаўніцтва ў раёне першай беларускай АЭС уздымае важнасць той работы, якую вядзе Астравецкі лясгас, – зазначыў Віктар Збігневіч.
Уладзімір Дзмітрыевіч Семянюк расказаў аб паказчыках, з якімі Гродзенскае лесагаспадарчае аб’яднанне закончыла мінулы год. Ён падрабязна спыніўся на ўсіх напрамках работы галіны – лесагаспадарчая дзейнасць, прамысловасць, знешнеэканамічная дзейнасць, будаўніцтва і рэканструкцыя адміністрацыйных будынкаў, добраўпарадкаванне тэрыторый. Варта адзначыць, што Астравецкі лясгас знаходзіцца ў ліку лепшых у вобласці па экспарце прадукцыі – нас апярэдзілі толькі Гродзенскі і Шчучынскі лясгасы. За 2011 год прадпрыемства адправіла на экспарт прадукцыі на суму 2,3 мільёна долараў ЗША. Нядрэнных вынікаў дасягнуў Астравецкі лясгас і ў сферы будаўніцтва: рэканструяваны адміністрацыйны будынак Міхалішкаўскага лясніцтва, пабудаваны новыя канторы Спондаўскага і Падольскага лясніцтваў, тры жылыя дамы, рэканструяваны “Дом паляўнічага” каля вёскі Быстрыца, тры жылыя дамы яшчэ будуюцца.





Па словах генеральнага дырэктара Гродзенскага лесагаспадарчага аб’яднання, вялікая работа праводзіцца ўсімі лясгасамі не толькі па выкарыстанні лясных багаццяў, але і па лесааднаўленню. У вобласці дзейнічаюць 9 пастаянных і 2 часовыя гадавальнікі, дзе за мінулы год было вырашчана 32 мільёны адзінак пасадачнага матэрыялу. Праведзены шэраг мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі.
– Нягледзячы на тое, што мінулы год быў вельмі складаным для краіны, мы выканалі ўсе пастаўленыя перад намі сацыяльна-эканамічныя задачы, – адзначыў Уладзімір Дзмітрыевіч.
Затым ён акрэсліў задачы на бягучы год – забеспячэнне выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, прыняцце мер па навядзенні парадку на зямлі, забеспячэнне якаснага лесааднаўлення, далейшае развіццё гадавальніцкай гаспадаркі, забеспячэнне атрымання лясгасамі вобласці міжнароднага сертыфікату FSC.
Пытанні аховы працы займаюць важнае месца ў арганізацыі кожнага прадпрыемства. Эдуард Іванавіч Лігер, галоўны ляснічы Гродзенскага лесагаспадарчага аб’яднання, правёў аналіз праведзенай работы ў гэтым накірунку і назваў пераможцаў агляду-конкурсу сярод лясніцтваў за 2011 год па пытаннях аховы працы, сярод якіх – ляснічы Спондаўскага лясніцтва В.Р. Лукашэвіч.
Далейшая размова адбывалася ў форме канструктыўнага дыялога міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Міхайлавіча Амельяновіча з дырэктарамі, галоўнымі ляснічымі і ляснічымі лясгасаў Гродзенскай вобласці. Міхаіл Міхайлавіч выказаў пажаданне весці размову не аб тым, што зроблена за мінулы год, а аб праблемах, з якімі сутыкаюцца лесаводы вобласці. Міністр цікавіўся, якая канкрэтная работа праводзіцца па замацаванні маладых кадраў і забеспячэнні іх дастойнымі ўмовамі працы і пражывання? Колькі ляснічых не маюць уласнага жылля? Ці ўсе яны забяспечаны персанальным транспартам, каб мець магчымасць у любы момант выехаць у лес і пракантраляваць работу? Ці задаволены лесаводы сваёй заработнай платай? Чаго не хапае галіне, каб выйсці на новы ўзровень работы? У ходзе размовы ляснічыя маглі не толькі расказаць аб праблемах, з якімі яны сутыкаюцца падчас работы, але і падзяліцца сваімі ідэямі па іх вырашэнні.
Напрыканцы сустрэчы Міхаіл Міхайлавіч падзякаваў усім лесаводам вобласці за праведзеную імі работу і выказаў спадзяванне, што агучаныя ў ходзе калегіі недахопы дапамогуць наладзіць сістэму і выйсці лесагаспадарчай галіне на новы ўзровень развіцця. Пастановай калегіі работа Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання была прызнана здавальняючай.
– Гродзенскае лесагаспадарчае аб’яднанне заўсёды займае лідзіруючыя пазіцыі ў эканамічным рэйтынгу галіны. Але ж я бачу, што ва ўсіх лясгасаў вобласці ёсць патанцыял стаць першымі ў рэспубліцы, – такімі словамі завяршыў калегію міністр лясной гаспадаркі.


Вольга ШОЎКУН.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.