Што рабіць, каб у міліцыі служыць?

15:06 / 09.02.2012
1

Вы хочаце абараняць спакой і бяспеку грамадзян, змагацца з парушальнікамі закона, расследаваць розныя злачынствы і працаваць у органах унутраных спраў, але не ведаеце, што рабіць і куды звяртацца? Спецыяльна для такой катэгорыі маладых людзей на пытанні, звязаныя з паступленнем і працай у міліцыі, сёння адказвае намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню Аляксандр Аляксандравіч Апалінскі.


– Дык што ж рабіць юнакам і дзяўчатам, якія хочуць стаць міліцыянерамі?
– Па-першае, добра ўпэўніцца ў сваім жаданні. А па-другое, звярнуцца да нас – у аддзел групы кадраў раённага аддзела ўнутраных спраў.
– І хто можа да вас звярнуцца?
– Маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, якія адслужылі ў арміі і маюць сярэднюю, сярэдне-спецыяльную ці вышэйшую адукацыю. Таксама прымаюцца на службу юнакі, якія не служылі, але закончылі сярэдне-спецыяльную ці вышэйшую ўстанову. І яшчэ адно патрабаванне: каб на іх рахунку не было ніякіх адміністрацыйных ці крымінальных правапарушэнняў. Гэта што тычыцца працаўладкавання.
– І што, вось так адразу можна стаць міліцыянерам?
– Канешне, не. На пасаду малодшага начальніцкага саставу – напрыклад, у ізалятар часовага ўтрымання, аператыўна-дзяжурную службу, вадзіцеля – прымаюцца маладыя людзі без вышэйшай адукацыі. А вось ужо на афіцэрскія пасады сярэдняга начальніцкага саставу патрабуецца вышэйшая адукацыя, але таксама не ўсе спецыяльнасці. Улічваецца толькі юрыдычная, эканамічная і педагагічная адукацыя. Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Спачатку трэба будзе прайсці спецыяльную падрыхтоўку на працягу ад трох да шасці месяцаў (у залежнасці ад адукацыі) у Навучальным Цэнтры МУС у Мінску. А затым ужо на працягу прыкладна паўгода праходзіць непасрэдна “баявое хрышчэнне” ў патрульна-паставой службе.
– А калі я, напрыклад, хачу ў будучым працаваць у міліцыі, але яшчэ вучуся ў школе. Куды лепш паступаць пасля яе заканчэння?
– У такім выпадку самы распаўсюджаны і прэстыжны варыянт – Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, туды могуць паступаць як маладыя людзі, так і дзяўчаты. Для гэтага трэба да 15 красавіка звярнуцца да нас, каб напісаць заяву для афармлення асабістай справы. А пасля ўжо мы больш падрабязна раскажам, што трэба будзе рабіць далей.
Уступныя іспыты ў Акадэмію праходзяць у форме цэнтралізаванага тэсціравання: беларуская (руская) мова, матэматыка, грамадазнаўства. На працягу пяці гадоў тут рыхтуюць будучых афіцэраў з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй за кошт бюджэту на наступных факультэтах: міліцыі, следча-экспертны, крымінальна-выканаўчы і іншыя. Курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні і пасля вучобы прыходзяць на службу ў міліцыю са званнем лейтэнанта.
– А дзе яшчэ можа атрымаць спецыяльную адукацыю будучы міліцыянер?
– Магу параіць Магілёўскі вышэйшы каледж МУС. Умовы паступлення – такія ж, як і ў Акадэмію. Праўда, дзяўчат туды не прымаюць. А вось маладыя людзі могуць смела падаваць дакументы да 1 мая.
А яшчэ звяртаем увагу, што зараз выпускнікі, якія не прайшлі па конкурсу ў Акадэмію МУС, але па сваіх маральных і фізічных якасцях падыходзяць для службы ў міліцыі, могуць быць прыняты ў патрульна-паставую службу.
Такім чынам, калі вы маладыя, энергічныя і мужныя і жадаеце служыць у органах унутраных спраў, звяртайцеся ў групу кадраў Астравецкага РАУС, кабінет 301 ці па тэлефоне 23-3-98.


Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота з сайта respublika.info