Толькі за адны суткі ў Астравецкім раёне адбылося 6 пажараў

11:22 / 08.02.2012
1

Першым у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях у 11.58 4 лютага паступіла паведамленне аб пажары надворнай пабудовы ў Варнянах, якая належала 62-гадовай пенсіянерцы.
Як пасля высветлілася, яе муж вырашыў разагрэць металічную трубу для зліва вады з лазні з дапамогай агню. Аднак не разлічыў, і ў выніку распаліў такое вогнішча, што полымя перакінулася на дах будынка. Самастойна патушыць узгаранне гаспадар не змог і выклікаў выратавальнікаў. У выніку пажару быў пашкоджаны дах пабудовы.


У гэты ж дзень у 14.35 у п. Гудагай загарэўся аўтамабіль Сітраен Джанпер 1998 года выпуску.
Папярэдняя прычына ўзгарання – кароткае замыканне электраправодкі.


А ўжо вечарам у вёсцы Хацілкі Міхалішкаўскага сельсавета гарэла пабудова, якая належыць 38-гадовай работніцы СВК “Свірскі край”.
У выніку пажару пашкоджаны дах і перакрыццё. Папярэдняя прычына – кароткае замыканне электраправодкі.


Ноччу 5 лютага ў 3.32 паступіла паведамленне аб пажары ў Падольцах.
Тут загарэлася драўляная лазня. Агонь знішчыў дах, былі пашкоджаны перакрыццё і сцены. Папярэдняя прычына – зноў жа кароткае замыканне электраправодкі.


Раніцай гэтага ж дня адбылося ўзгаранне ў Малях. Гарэў жылы дом 71-гадовай пенсіянеркі.
Пасля прыбыцця на месца здарэння выратавальнікаў было ўстаноўлена, што ў памяшканні моцнае задымленне. Гаспадыня ў гэты час знаходзілася дома. Агонь пашкодзіў сцяну, якая знаходзілася каля ацяпляльнай печкі. Папярэдняя прычына здарэння – занадта перагрэтая печка.


Апошні пажар адбыўся вечарам 5 лютага ў Сыманэлях.
Гарэў жылы драўляны дом. У выніку ўзгарання былі пашкоджаны дах і часткова перакрыццё, а таксама маёмасць, што знаходзілася ў доме. Гаспадарчыя пабудовы знішчаны поўнасцю. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання (кароткае замыканне электраправодкі).


Эдуард МАЛЫШКА, інспектар групы прапаганды і навучання РАНС.