Журналісты вобласці пазнаёміліся з Мастамі

10:03 / 18.10.2019
Традыцыйны прэс-тур сабраў журналістаў рэспубліканскіх, абласных і раённых выданняў на Мастоўшчыне –  у рэгіёне мастоў, таленавітых і працавітых людзей.

У нагу з часам

Што тычыцца назвы Масты, то ў раёне існуе некалькі аднайменных населенных пунктаў. Горад узнік дзякуючы будаўніцтву ў 1927 годзе  братамі Канапацкімі фанернага завода – сённяшняга адкрытага акцыянернага таварыства «Мастоўдрэў».

Менавіта з гэтага буйнейшага дрэваапра­цоў­чага прадпрыемства і пачалося знаёмства журналістаў з Мастоўскім раёнам.

У 2015 годзе закончылася мадэрнізацыя прадпрыемства, але яно працягвае развівацца. Па словах дырэктара Сяргея Асосава, у бліжэйшых планах адкрыццё  лесапільнага цэха і цэха пілетаў.

– На мадэрнізацыю было зрасходавана  каля 200 мільёнаў еўра – якаснае абсталяванне каштуе нятанна. Але яно сябе акупляе. Да таго ж сёння мы знаходзімся ў тройцы лідараў сярод прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі рэспублікі, – расказаў дырэктар ААТ «Мастоўдрэў» Сяргей Асосаў.  

1.jpg


Сёння на заводзе працуе  каля 1 700 чалавек. Прадукцыя прадпрыемства карыстаецца попытам. Каля 95 працэнтаў яе ідзе на экспарт у краіны СНД, Еўропы і Бліжняга і Далёкага Усходу. Радуюць працаўнікоў і заробкі, сярэдні ўзровень якіх перасягнуў 1 100 рублёў.

2.jpg


Цудоўныя дываны

У аграгарадку Гудзевічы размешчаны адзін з цудаў раёна –  літаратурна-края­знаўчы музей, экспазіцыя якога вядома далёка за межамі Мастоўшчыны. 

Славіцца музей у першую чаргу дыванамі, вы­тканымі ў тэхніцы падвойнага ткацтва. Дарэчы, з 2011 года гэтая калекцыя ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Вядомы музей і тым, што яго супрацоўнікам  удалося аднавіць традыцыі ткацтва мінулага стагоддзя.

3.jpg


– Штогод у чэрвені на базе музея праходзяць майстар-класы па двайному ткацтву, – расказала яго кіраўнік Вікторыя Палойка. – Так мы стараемся перадаць свае ўменні наступным пакаленням.

У музеі знаходзіцца некалькі кроснаў. А нядаўна па старых эскізах былі  зроблены невялікія перанасныя, каб пашырыць навучанне дзяцей і дарослых.

Асобная частка музея прысвечана літаратурнай Мастоўшчыне – тут асаблівае месца адведзена Элізе Ажэшцы, якая стварыла ў гэтай старонцы свой вядомы раман «Над Нёманам».

У складзе музея – і беларуская хатка, перавезеная з адной з вёсак раёна. У ёй можна пазнаёміцца з жыццём звычайнай сялянскай сям’і.

4.jpg


Новыя тэхналогіі

Не толькі цудоўнымі самаробнымі дыва­намі славяцца Гудзевічы. 

У аграгарадку працуе аднайменнае прадпрыемства – закрытае акцыянернае таварыства «Гудзевічы», дырэктар якога распавёў журналістам пра яго дасягненні і  навінкі глебаапрацоўкі, якімі карыстаюцца ў сельгасарганізацыі.

5.jpg


Сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – іх, дарэчы, на Мастоў­шчыне сем – «Гудзевічы» лічыцца перадавіком. Спецыялізуецца таварыства на вытворчасці мяса і малака, вырошчванні зерня, бульбы і цукровых буракоў.

На мехдвары  пачэснае месца займаюць навінкі тэхнікі ад нямецкай фірмы «Лемкен» – гаспадарка набыла абсталяванне ў лізінг і вельмі задаволена яго работай.

– Галоўнае, што гэты агрэгат  зніжае расходы на паліва і адпаведна – затраты на вытворчасць прадукцыі, таму што некалькі аперацый можна рабіць за адзін заход, – расказаў журналістам дырэктар прадпрыемства  Андрэй Санько.

Сёння ЗАТ «Гудзевічы» прыбытак накіроўвае не толькі на набыццё  новай сучаснай тэхнікі, але  і на развіццё аграгарадка. У ім адкрыты сталовая і магазін, яшчэ адзін гандлёвы аб’ект у хуткім часе з'явіцца ў раённым цэнтры.

Дадзеную на пачатку працоўнай дзейнасці  маладому кіраўніку параду «Працуй, сынок!» Андрэй Санько паспяхова ажыццяўляе на роднай мастоўскай зямлі.

Экалагічнае земляробства

На Мастоўшчыне створана 16 фермерскіх гаспадарак – і раён, як ні які іншы на Гродзеншчыне, можа ганарыцца іх развіццём. 

7.jpg


Сярод іх асаблівае месца займае сялянска-фер­мер­ская гаспадарка  «Гарызонт», якую ўзначаль­вае Генрых Мыслівец.

Асаблівасць гаспадаркі ў тым, што тут спрабуюць вырошчваць экалагічна  чыстыя прадукты. 

– Мы зніжаем выкарыстанне пестыцыдаў на вырошчванне агародніны, – дэманструючы сваю прадукцыю, расказвае фермер. – Зразумела, што ў адзін момант перайсці на арганічныя ўгнаенні практычна немагчыма, але можна адмовіцца ад выкарыстання гербіцыдаў.

6.jpg


На скрыжаванні дарог у вёсцы Пладовая размешчаны аднайменны магазін – менавіта ў ім і рэалізуе сваю прадукцыю фермер.  Бульба, цыбуля, морква, буракі, перцы, тыквы, кабачкі, капуста – усё гэта можна набыць у натуральным  і перапрацаваным выглядзе.  

А як атрымаць добры ўраджай на аснове айчынных біяпрэпаратаў,  журналістам расказалі супрацоўнікі Акадэміі навук.

«Прынёманскі»

Такая назва фізкультурна-аздараў­ленчага комплексу – невыпадковая.

8.jpg


У Мастах многае звязана з Нёманам.

Напрыклад, падвясны пешаходны мост над Неманам даўжынёй 193 метры – візітная картка горада. З нядаўняга часу да такіх візітак далучыўся фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Прынё­ман­скі», які  ўрачыста адкрылі ў канцы жніўня.

Рэканструкцыя аб’екта прайшла за бюджэтныя сродкі. Сёння гэта адно з любімых месцаў адпачынку мастаў­чан.


З першых вуснаў

Юрый Валяваты, старшыня Мастоўскага райвыканкама:

– Мастоўскі раён дынамічна развіваецца. У нас рэалізуюцца трансгранічныя праекты,  укараняюцца новыя тэхналогіі ў сельскай  і фермерскіх гаспадарках, будуецца жыллё. Вялікая ўвага надаецца сектару эканомікі.



Текст:
Фото: Елена Ярошевич